Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як прайшла велікодная раніца ў мінскай архікатэдры

01.04.2018 общество
Як прайшла велікодная раніца ў мінскай архікатэдры

Мноства вернікаў сабралася сёння у мінскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Мноства вернікаў сабралася ў велікодную раніцу, 1 красавіка, у мінскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, каб святкаваць урачыстасць Уваскрасення Пана, піша catholic.by.

Адбылася рэзурэкцыйная працэсія з фігурай Езуса Уваскрослага, а затым — святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Як адзначыў Мітрапаліт у гаміліі падчас Імшы, «праўда ўваскрасення — гэта галоўная праўда і падмурак нашай веры».

«Пустая магіла, аб якой нагадвае Евангелле, — гэта знак, што Хрыстус перамог смерць. Менавіта таму факт уваскрасення з’яўляецца падмуркам нашай веры. На гэтым фундаменце засноўваецца ўсё хрысціянства, і на ім павінна засноўвацца жыццё кожнага хрысціяніна», — сказаў іерарх.

«На чым сучасны чалавек будуе сваё жыццё? На якіх каштоўнасцях? — над гэтым пытаннем арцыбіскуп прапанаваў падумаць удзельнікам Імшы. — На багацці, імкненні да кар’еры, прыемнасцях, алкаголі, наркотыках? Ці ўсведамляем мы, што пастарэем, што можам захварэць, што можам страціць усё? І што тады?»

«Маючы перад вачыма вобраз будаўніцтва дома, мы ведаем, што, каб закласці фундамент, неабходна сысці ўніз, у катлаван. Усё гэта азначае, што найперш неабходна сысці ўніз, каб потым падымацца ўверх. Спачатку фундамент, а потым сцены. Падобна і ў духоўным жыцці», — звярнуў увагу іерарх.

Мы ўсе хочам жыць у абсалютнай незалежнасці і самадастатковасці. Мы не хочам слухаць іншых. Мы думаем, што кожны з нас ведае лепш за іншых, часамі нават за самога Бога. На практыцы гэта выглядае так, што засноўваем сваё жыццё на кар’еры, багацці і да т.п.

На самой справе гэта не так. Гэта хлусня злога духа, які імкнецца пазбавіць нас трывалага фундаменту. Святы апостал Павел ясна вучыць, што хрысціянін павінен паміраць для граху, для свайго “я”, каб слухаць іншае “я”, якім ёсць Бог», — дадаў Мітрапаліт.

Па словах арцыбіскупа, «уваходзячы ў смерць нашага “я”, мы спазнаём перамогу над самім сабой і над злом, якое пануе ў нас», «становімся новымі людзьмі, людзьмі ўваскрасення, у якіх жыве Хрыстус», і «гэтае новае жыццё ў Хрысце будзе трываць вечна».

«Гэта тая праўда, з якой мы павінны выйсці з сённяшняга набажэнства. Таму сэнс святкавання Пасхі — гэта не толькі і не столькі асвячэнне яек і велікоднай ежы, не толькі святочны стол, нават не толькі ўдзел у святочным набажэнстве, але сапраўднае перамяненне нашага жыцця», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт павіншаваў прысутных з урачыстасцю Уваскрасення Пана і пажадаў усім «благаслаўлення Уваскрослага, каб мы ўсе і наша краіна Беларусь будавалі наша жыццё на заўсёды моцным і незнішчальным фундаманце праўды ўваскрасення».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]