Да працы далучылася каля 100 валанцёраў.
Праз год пасля пачатку грамадскай ініцыятывы па перакладзе заканадаўства грамадскія актывісты выклалі ў адкрыты доступ адрэдагаваны тэкст Грамадзянскага кодэксу на беларускай мове, перадае «Радыё Рацыя».
Большасьць нарматыўна-прававых актаў у Беларусі прымаюцца на расійскай мове і не маюць афіцыйнага перакладу на беларускую. Пераклад Грамадзянскага кодэксу ініцыявала Вераніка Мазуркевіч з Грамадскага руху «Дзея» ў сакавіку 2017 года. Да працы далучылася каля 100 валанцёраў.
«Пераклад далёкі ад ідэалу. Тэрміналогія ў ім як мага набліжаная да афіцыйнай — той, што фіксуецца ў акадэмічных слоўніках і даведніках, а таксама ўжывалася практычна ў ранейшых беларускамоўных нарматыўна-прававых актах. У нечым тут адхіленні і спрэчныя моманты, у нечым — асцярожнае наватарства, абумоўленае практычнымі патрэбамі. Гэтага немагчыма пазбегнуць пры цяперашнім стане беларускамоўнага права і прававой лінгвістыкі ў Беларусі. Надзеі на скліканне экспертных групаў на афіцыйным узроўні, якія б прынялі важкае і аўтарытэтнае рашэнне па кадыфікацыі тэрміналогіі, пакуль засталіся толькі надзеямі. Аднак веру, што зроблены пераклад стане асновай для будучай афіцыйнай беларускай версыі Кодэксу», — адзначае Віталь Станішэўскі, рэдактар перакладу.