Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Міхал Клеафас Агінскі – магнетычная асоба, якую нам яшчэ вывучаць і вывучаць...»

02.04.2018 общество
«Міхал Клеафас Агінскі – магнетычная асоба, якую нам яшчэ вывучаць і вывучаць...»

Спадчына знакамітага паўстанца, дыпламата і кампазітара.

Здаецца, да 250-годдзя знакамітага паўстанца, дыпламата і кампазітара даследчыкі знайшлі ўсё, што тычыцца ягоных спраў. Аднак, як кажуць удзельнікі круглага стала ў Мінску, «мы толькі на пачатку вывучэння спадчыны Агінскага», піша planetabelarus.by.

Круглы стол «Спадчына роду Агінскіх ва ўмацаванні міжкультурных сувязяў Беларусі і Літвы», што адбыўся 30 сакавіка ў Мінску, сабраў некалькі дзясяткаў даследчыкаў творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, аматараў таленту гэтай асобы. Павел Сапоцька, намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, днямі, дарэчы, прызначаны дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея, заўважыў, што назваў бы гэтае мерапрыемства, хутчэй, «цёплай творчай сустрэчай даўніх сяброў, што не першы год працуюць на ніве вывучэння спадчыны Агінскага».

— Ужо шмат рэалізавана культурных праектаў, сваіх і супольных — з літоўскімі, польскімі і расійскімі калегамі. Мы дастаткова цікава адсвяткавалі 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе. І, канечне ж, яшчэ раз упэўніліся ў тым, што матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, звязаныя з родам Агінскіх, выступаюць вельмі магутным рэсурсам для культурнай дыпламатыі, Агінскія сталі фактарам, які звязвае нашыя народы і культуры, — сказаў Павел Сапоцька.

Міхал Клеафас Агінскі вядомы большасці беларусаў перадусім як аўтар геніяльнага паланэзу «Развітанне з Радзімай». Між тым Агінскі ў свой час быў больш вядомы як палітычны дзеяч, дыпламат, былы паўстанец, у якога ледзь не атрымалася пераканаць Аляксандра І стварыць аб'яднанне заходніх губерняў па мапе Вялікага Княства Літоўскага з аўтаноміяй пад пратэктаратам Расійскай Імперыі. Цар, як вядома, страціў пасля вайны з Напалеонам свае ліберальныя памкненні, у тым ліку і сімпатыі да арыстакратаў з былой Рэчы Паспалітай. Расчараваны Міхал Клеафас Агінскі пакідае ў 1823 годзе маёнтак Залессе на Смаргоншчыне, дзе збіраўся застацца назаўжды, і эмігруе разам з сям'ёю ў Італію. Там, у Фларэнцыі, ён і памёр у 1833-м.

Спадчына на перспектыву

Амбасадар Літвы Андрус Пулокас зазначае, што імя Агінскага «вельмі ўзмацняе супольнае беларуска-літоўскае культурнае жыццё».

— Здаецца, ужо тры гады прайшло, як адсвяткавалі юбілей, былі кнігі, выставы, канцэрты, ездзілі адзін да аднаго... Сам сябе пытаю, няўжо яшчэ ёсць сілы і ідэі, як гэтую тэму надалей развіваць? Аказваецца, яны ёсць — і гэта вельмі добра і прыемна. Самае галоўнае, што гэты працэс неяк незаўважна стаў значна шырэйшым, ён ужо выйшаў за межы спадчыны нашага агульнага гістарычнага дзеяча, сёння ў нас з візітам у Мінску вельмі вялікая каманда, я б сказаў, літоўскі культурны дэсант — гэта і музыка, і гісторыя, і мастацтва, і музейная справа... Усе гэтыя людзі прыехалі ў Мінск не толькі з самымі добрымі і сяброўскімі намерамі, але і канкрэтнымі праектамі. Спадзяюся, сённяшняя сустрэча паслужыць аб'яднанню намаганняў для новай працы, — падкрэсліў дыпламат.

Паводле Вітаса Руткаўскаса, дырэктара музея Агінскіх у літоўскім Рэтавасе, асобы кшталту Міхала Клеафаса Агінскага цікавыя сучаснасці, бо «спадчына асобаў, якія звязваюць дзяржавы і народы, дае нам магчымасць сёння будаваць нашую супольную працу з перспектывай на развіццё нашых культурных стасункаў».

—За мінулыя 10 год мы пераканаліся, як дзейнічае агульнае разуменне нашых гістарычных каранёў — Літвы і Беларусі, якія калісьці складалі адну агульную дзяржаву, — зазначае Руткаўскас. — Думаю, што старт новай працы да чарговага юбілею дасць нам новыя магчымасці знаёмства з супольнай спадчынай. Будзем абменьвацца выставамі, рабіць супольныя музычныя праграмы для гледачоў абедзвюх дзяржаў. Гэта правільны шлях. І вельмі добра, што ў гэты юбілейны год для нас — стагоддзе незалежнасці Літвы — і беларусы святкуюць сто год свайго абвяшчэння незалежнасці. Віншую ўсіх калег з гэтымі падзеямі, вельмі важнымі дзеля нашага разумення дат.

Новая кніга пра Агінскага

Мастацтвазнаўца Святлана Немагай, чыя новая праца «Міхал Клеафас Агінскі. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя» стала цэнтрам увагі ўдзельнікаў круглага стала, нагадвае, што беларускіх і літоўскіх даследчыкаў «каля 15 гадоў збірае гэтая магнетычная асоба».

— Вельмі радая, што тэма Агінскіх, як паказвае практыка, яшчэ далёка не завершаная, — сказала даследчыца. — Пэўны час я думала, што ведаю пра музыку Агінскага ўсё. Але калі пачала працаваць над кнігай, якая літаральны дзве гадзіны таму выйшла з друкарні (яшчэ гарачая!), пераканалася, што мы знаходзімся яшчэ толькі на самым-самым пачатку вывучэння творчасці і спадчыны Міхала Клеафаса. Але гэта і вялікая радасць — столькі новага наперадзе. Гэта скарб, які па сёння яшчэ хаваецца ў архівах, і мы толькі пачынаем да яго дакранацца глыбока і прафесійна. Вельмі важна, што галоўнае слова ў гэтай кнізе мае сам Міхал Клеафас Агінскі. Ідэя была сабраць усё, што сказаў Агінскі цягам жыцця аб музыцы. Доўгі час лічылася, што ўсё было сказана ім у працы «Лісты аб музыцы». Але аказалася, што не ўсё — былі далучаныя фрагменты з лістоў, бестсэлерам, на мой погляд, ёсць апісанне Міхалам Клеафасам сваіх падарожжаў, уражанняў ад музычнай культуры Францыі, Італіі, Турцыі. Таксама былі сабраныя фрагменты аб музыцы з ягоных мемуараў, выказванні сучаснікаў Міхала Клеафаса Агінскага пра музычны побыт кампазітара — як было арганізаванае музычнае жыццё ў ягоных сядзібах. Кніга дае нязвыклы ракурс на Агінскага, мы прызвычаіліся акцэнтаваць яго як дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, як жыхара Залесся. Гэта кніга дае нам погляд на Агінскага як еўрапейца, перш за ўсё, погляд на ягоныя вельмі шырокія культурныя сувязі, кантакты з цудоўнымі людзьмі сваёй эпохі — і не толькі музыкантамі. У кнігу ўключаныя ўсе дзевяць лістоў вядомай піяністкі Марыі Шыманоўскай, будучай цешчы Адама Міцкевіча.

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]