Iмя беларускага першадрукара ў Віцебску ніяк не ўшанаванае.
На інтэрнэт-пляцоўцы «Зручны горад» 1 красавіка пачаўся збор подпісаў за перайменаваньне Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Францішка Скарыны, піша «Віцебская Вясна».
Сваю просьбу аб перайменаваньні бібліятэкі аўтары пэтыцыі абгрунтоўваюць тым, што імя Леніна і так празьмерна часта сустракаецца ў гарадзкой тапаніміцы, тым часам як імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны ў Віцебску ніяк не ўшанаванае.
«У горадзе Віцебску гістарычная памяць дзеяча Уладзімера Леніна з лішкам адлюстраваная ў розных кантэкстах: плошча імя Леніна, цэнтральная вуліца ў горадзе Віцебску носіць імя Леніна, устаноўлена мноства помнікаў. Шкада, але вось гістарычная памяць аб Францішку Скарыне ў горадзе Віцебску адсутнічае», – гаворыцца ў пэтыцыі.
«Ураджэнец старажытнага Полацку, выдатны фiлёзаф, асьветнік, гуманіст, пісьменьнік, навукоўца эпохі Адраджэньня, Францішак Скарына ўвайшоў у гісторыю як «бацька» ўсходнеэўрапейскага кнігавыданьня. Менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове. Дзякуючы Францішку Скарыне беларускае нацыянальнае кнігавыданьне ўзбагаціла ня толькі эўрапейскую, але і сусьветную культуру», – пішуць аўтары.
«Францішак Скарына заслугоўвае таго, каб ягонае імя насіла галоўная бібліятэка Віцебскай вобласьці», – падсумоўваюць.
Гісторыя абласной бібліятэкі ў Віцебску вядзе адлік з 1929 году, калі ў горадзе адчынілі аддзяленьне маскоўскай Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна. Але цяперашнюю назву віцебская "ленінка" атрымала ў 1938 годзе, калі ў БССР увялі абласное дзяленьне. Такім чынам, сёлета Віцебская абласная бібліятэка адсьвяткуе сваё 80-годзьдзе. Добрая нагода нешта зьмяніць...
Нагадаем, што гэта ня першая спроба гараджан перайменаваць Віцебскую абласную бібліятэку, якая дагэтуль носіць імя пралетарскага правадыра.
Пачынаючы зь 2004 году Віцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны зьвярталася да гарадзкіх уладаў з просьбай надаць бібліятэцы імя Васіля Быкава (пісьменьніка ня стала ў 2003-м). Але ўлады раз-пораз адмаўляліся пераймяноўваць, спасылаючыся на немэтазгоднасьць і на тое, што гэта закране інтарэсы людзей старэйшага веку.
Апошні зварот быў накіраваны на імя старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва на пачатку 2017 году, юбілейнага для беларускага кнігадрукаваньня. На жаль, і гэты крок апынуўся бясплённым.
«У адказе, які мы атрымалі з аблвыканкаму, сказана, што «гэтае пытаньне патрабуе ўсебаковага абмеркаваньня». Маўляў, ёсьць розныя пункты гледжаньня і ёсьць людзі старэйшага ўзросту, якія прызвычаіліся да таго, што бібліятэка доўгі час носіць імя Леніна… Пакуль да агульнага меркаваньня на гэты конт прыйсьці не атрымалася», – тлумачыў летась сытуацыю старшыня абласной філіі ТБМ Юрась Бабіч.