Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Менску адкрылася выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР

04.04.2018 общество
У Менску адкрылася выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР

4 красавіка ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «Код: 25.03.2018».

Яна працягвае цыкль сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных 100-годзьдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Творцы розных пакаленьняў імкнуліся паказаць, што мары і ідэалы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёньня, прымушаюць задумацца пра лёс краіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Увазе наведнікаў прапанавана некалькі дзясяткаў карцін, габэленаў, скульптур, тканых вырабаў. Сярод аўтараў — Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Цыркуноў, Мікола Назарчук, Іван Андрасюк, Аляксей Панцюк-Жукоўскі, Уладзімер Голубеў, Мікола Рыжы, Андрэй Дубінін, Сьвятлана Баранкоўская, Уладзімер Вішнеўскі, Леанід Хобатаў, Гэнік Лойка ды многія іншыя.

У сюжэтах шмат гістарычнай сымболікі, пазнавальных твараў. На лесьвічных парэнчах прымацаваныя партрэты айцоў-заснавальнікаў БНР. Жыцьцё бальшыні пасьля ўсталяваньня савецкай улады скончылася трагічна.

«Для калектыўнага несьвядомага нашай нацыі 25.03.2018 — гэта зусім не шараговая пасьлядоўнасьць лічбаў на календары, — сказаў ад імя арганізатараў выставы старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца. — Гэта ключавы код да ўспамінаў пра тыя драматычныя падзеі, што ў сакавіку 1918 году запусьцілі незваротны працэс, вынікам якога і сталася існаваньне на сучаснай мапе сьвету дзяржавы Рэспубліка Беларусь».

Спадар Сітніца выказаў спадзяваньне, што найбліжэйшым часам будзе яшчэ адна нагода ўспомніць падзеі стогадовай даўнасьці: перамовы з адказнымі чыноўнікамі Менгарвыканкаму пра ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на доме ў Менску, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР, падыходзяць да фіналу.

У рамках калектыўнай выставы працуе яшчэ адна, пэрсанальная — днямі 70-гадовы юбілей справіў сябра мастацкай суполкі «Пагоня» Алесь Цыркуноў. Ягоныя палотны, прысьвечаныя стагодзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР, выстаўленыя на першым паверсе Палаца мастацтва, асноўная экспазыцыя разгарнулася на другім і трэцім.

У сваіх працах мастак намагаецца паказаць, ягонымі словамі, пакручасты шлях беларускага народу да вялікага сьвята, якое адзначалася 25 сакавіка. Паказаныя перадусім асобы, якія бралі непасрэдны ўдзел у станаўленьні нацыі — ад сярэднявечча да сучаснасьці.

«Сёлета сумленныя і патрыятычна абуджаныя суайчыньнікі жывуць пад знакам 100-гадовага юбілею абвяшчэньня нашай дзяржаўнасьці, — кажа Алесь Цыркуноў. — У няпростых палітычных варунках тагачасная эліта ўзяла на сябе адказнасьць за лёс беларусаў і абвясьціла стварэньне ўласнай дзяржавы. Іх дзейнасьць стала асновай для пабудовы незалежнай Беларусі. Цяпер мы маем галоўнае — магчымасьць разьвіваць культуру, размаўляць на роднай мове, ладзіць жыцьцё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасьцяў — хоць у гэтым шмат што нам замінае і шкодзіць».

Адзін з арганізатараў выставы «Код: 25.03.2018» Мікола Купава ў вітальным слове таксама казаў пра значнасьць падзеі, якую на дзяржаўным узроўні недаацэньваюць. Пры гэтым выказаў задаволенасьць, што, нягледзячы на ігнараваньне сьвяточных імпрэзаў дзяржаўнымі мэдыямі, людзі самі робяць свой выбар. Дарэчы, сёньняшняя імпрэза выключэньнем ня стала — на цырымоніі адкрыцьця было людна.

«Крытыкі кажуць, што БНР — усяго толькі мара, якая так і не ажыцьцявілася, — казаў у сваёй прамове Мікола Купава. — Асабіста я з гэтым катэгарычна ня згодны. Усё зьдзейсьнілася, іншая справа, што маладой краіне было адведзена занадта мала часу, каб запрацаваць на ўсю моц. Нават за гэты кароткі тэрмін зьявілася грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, у краіне і за мяжой запрацавалі дзясяткі беларускіх школак, быў прыняты закон аб сымболіцы. За каго найбольш балюча, дык гэта за нашых тагачасных лідэраў — новая ўлада іх проста зьнішчыла. А ўсё так прыгожа пачыналася...»

Прысутныя на імпрэзе выканалі гімн «Магутны Божа», паэт Уладзімер Някляеў эмацыйна прачытаў верш, прысьвечаны сотым угодкам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Прадстаўнікоў дзяржаўных установаў у залі заўважана не было.

Выстава будзе працаваць да 15 красавіка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]