Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ты ім пра Фаму, а яны табе пра Ярому

05.04.2018 общество
Ты ім пра Фаму, а яны табе пра Ярому

«Віртуозна» адказваць на няёмкія пытанні чыноўнікі вучацца ў Акадэміі кіравання не адзін семестр.

Памятаю семінар па публічных выступах. Адна з рэкамендацый па адказе на няёмкае пытанне - адказваць на што заўгодна, калі не ўпэўнены. Але адказваць. Гэтаму нашыя чыноўнікі вучацца не на семінарах, а ў Акадэміі кіравання і, пэўна, не адзін семестр, піша былая настаўніца з шматгадовым стажам і віцебская каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец для bchd.info.

Майстрам ТАК адказваць лічыла галоўнага доктара Віцебскага ўпраўлення аховы здароўя сп. Ю.М. Дзеркача. Віртуоз! Ты яму пра Фаму. А ён табе пра Ярому. І так упэўнена, што калі згубіш сувязь паміж пытаннем і адказам, то так і пойдзеш ні з чым.

Падчас мясцовай кампаніі збіралі мы подпісы пад калектыўным зваротам аб празрыстасці бюджэту, справаздачнасці «дэпутатаў», фарміраванні коштаў на розныя паслугі, працы грамадскіх прыёмных і г.д. Подпісы разнеслі ў Віцебскія абл- і гарвыканкамы, Віцебскія абл- і гарсаветы 23 лютага. Усяго 108 подпісаў.

І тут з розных бакоў пачалі атрымліваць інфармацыю, што людзей абтэлефаноўваюць і спраўджваюць сапраўднасць подпісаў, а ў адной жанчынкі нават паперу ўзялі, што яе тыя пытанні не цікавяць…

Даручэнне на праверку подпісаў дало галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама - на яго спасылаецца ў сваім адказе кіраўнік справамі Чыгуначнай адміністрацыі г. Віцебска М.У. Смолікава. Ага, значыць подпісы правяраюцца адміністрацыямі горада… І нікому не прыйшло ў галаву, што гэта праверка - парушэнне арт. 5 «Закона аб зваротах грамадзян»! Дзе там! Тая ж Смолікава завярае, што апытанні праводзіліся добразычліва, тактоўна, уважліва (Ну-ну, нават на працу да жанчынкі прыбеглі, каб узяць пісьмовую адмову ад подпісу. А жанчынка і нам не здолела патлумачыць, як гэта яна ад уласнага подпісу адмовілася пасля «добразычлівай» размовы з кадравіцай Чыгуначнай адміністрацыі Глушковай Н.В.). Цыдулку тую нам вярнулі, дарэчы…

І тое за аблвыканкамам не першы раз заўважаецца. Замест таго, каб падняць на ногі ўсе службы і адказаць на пытанні зваротаў, чынушы аблвыканкаму падымаюць усіх на вушы, трацяць шалёныя грошы бюджэту на абтэлефанаванні падпісантаў… Вось такія слугі народа… Так яны разумеюць сваю ролю… Гэта адно. Другое: як сачыняюцца адказы? Грунтоўна, адзін на ўсіх – у дадзеным выпадку было 4 адрасаты. Атрымалі 4 адказы. А па сутнасці – адзін. Пад капірку: усё ў нас добра, усё па законе, усё празрыста, грамадская прыёмная працуе, грамадскія абмеркаванні праходзяць, дэпутаты справаздачацца - бла-бла-бла на 4-х аркушах.

Адкуль толькі ў канцы кожнага года ў СМІ з’яўляецца інфа: Інвестыцыйны план на 2014,-15,-16,-17 год выкананы на 41-43%?

Узбуджана 73, 140 і г.д. справы па карупцыі па вобласці?

Скралі там, скралі сям, прысабечылі тысячы,

куханьку аблвыканкаму набылі за 1300 у.а., а пакой за 2000 у.а.,

рамонт будынка аблвыканкама зрабілі на … у.а.

Дзверы (добрыя яшчэ!!!) у гарвыканкаме на 4-м паверсе памянялі….

А, яшчэ хочам Палац шлюбу ды ў гістарычным месцы! Каб была цэлая ансамбля: помнік Неўскаму з сям’ёй і палац шлюбу! (Дарэчы, матывацыя адказнага з гарвыканкама, намесніка старшыні П. Падгурскага: «Ну трэба ж нешта планаваць!») А насупраць - помнік заснавальніцы Віцебска кн. Вользе! Ну і ладна, што легенда! Прывабліваць жа турыстаў трэба! Ды ладна вам – прыбіральня, прыбіральня ў Парку партызанскай славы. Ды зрабілі мы там касметычны рамонт! Адчапіцеся! Якая такая паліклініка? Якая такая школа? Які такі дзіцячы садок? А, ужо 2 вам падавай! І г.д.

І тр-р-тр-р-тр-р! - шкрабуць пер’ямі, слінявяць капэрты з адказамі, марачкі налепліваюць і шчасліва ўздыхаюць, адкінуўшыся на спінкі зручных службовых крэслаў: у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 2011 года «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» дадзены адказ можа быць абскарджаны… І толькі адрасы абскарджанняў ды подпісы адказных розныя… Дулю вам, падпісанты звароту! Чаго захацелі!

Сэнс адказаў такі.

Ну, дык што рабіць? Прыйдзецца яшчэ пер’ямі паскрыпець, спадарства! Не першым і не апошнім быў гэты зварот. І з дулямі пасцеражыцеся…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]