Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь перамагае Белоруссию

06.04.2018 общество
Беларусь перамагае Белоруссию

Варыянтаў слова «Беларусь» для нашых дзяцей няма і, відаць, ніколі ўжо ня будзе.

Мой сямігадовы сын прыбег радасны са школы, хваліцца: на «выдатна», без памылак напісаў слоўнікавую дыктоўку па расейскай мове. Паказвае мне і тлумачыць, якія складанасьці былі:

— Глядзі: «белОснежный» і «белОкаменный» трэба пісаць праз «о», а «БелАрусь» — праз «а»... А некаторыя напісалі праз «о» — гэта памылка.

— А як ты здагадаўся напісаць правільна? — цікаўлюся.

— Ніяк не здагадаўся. Гэта слоўнікавае слова: проста трэба запомніць.

Спрабую пераказаць яму гісторыю са смаргонскай школьніцай Насьцяй Ванеевай, якая адважылася перапыніць расейскага тэлевядоўцу, калі той назваў Беларусь «Белоруссией». Разам глядзім відэаролікі на сайце «Свабоды». Майго захапленьня дзяўчынкай сын не разумее:

— Ну Галкін памыліўся, яна выправіла ягоную памылку. Мы на ўроках так заўсёды робім. Чаму гэтым так усе захапляюцца?

Сямігадоваму дзіцяці пакуль рана заглыбляцца ў гістарычныя і палітычныя аспэкты гэтай зусім ня простай для дарослых тэмы. Для яго і для ягоных равесьнікаў гэта проста правапіс, граматыка. І варыянтаў слова «Беларусь» для іх няма і, відаць, ніколі ўжо ня будзе.

Абмяркоўваем гэтую гісторыю з дачкой, якой за дваццаць. Яна згадвае, як у Расеі чыноўніца міграцыйнай службы загадвала ёй перапісваць анкету, бо, маўляў, няма такой краіны «Беларусь»: правільна трэба пісаць «Белоруссия».

— І ты перапісала? — пытаюся.

— Як ні дзіўна, мой пашпарт змог яе пераканаць: там жа дакладна ўсё напісана, у тым ліку па-расейску: «Республика Беларусь». Урэшце яна пагадзілася і адчапілася.

У Расеі з назвай «Беларусь» — поўная рознагалосіца. Яшчэ ў 1995 годзе ўрад РФ выдаў распараджэньне «Аб напісаньні назваў былых рэспублік СССР», у якім узаконіў «Белоруссию», але адначасова дазволіў пры падпісаньні міждзяржаўных дамоў і «Беларусь». Інстытут расейскай мовы РАН усяляк адстойвае «Белоруссию». Міністэрства юстыцыі Расеі падчас сумеснай калегіі зь беларускім Мінюстам рэкамэндавалі ўжываць назву «Беларусь». У той жа час дзяржаўныя расейскія СМІ амаль спрэс пішуць «Белоруссия».

А ўвогуле, як я заўважыў, прасочваецца такая заканамернасьць: калі ў Расеі хочуць паказаць павагу да незалежнасьці і сувэрэнітэту — ужываюць «Беларусь», калі не — тады другі варыянт. Ні тое, ні другое памылкай там ня лічыцца.

Назва краіны — гэта ў Беларусі, здаецца, адзіны дзяржаваўтваральны сымбаль, дзе паміж уладай, апазыцыяй і ў цэлым усім грамадзтвам ад самага пачатку пануе кансэнсус: «Беларусь» — і кропка. Вось калі б такая ж згода была і ў дачыненьні герба, сьцяга ды гімна...

Трымаю ў руках стары сувэнірны фотаальбом «Беларусь», выдадзены ў БССР у 1980 годзе на шасьці мовах сьвету. Тады Менск рыхтаваўся прыняць шмат замежных турыстаў: на стадыёне «Дынама» адбываліся некаторыя матчы футбольнага турніру Алімпіяды-80. Для гасьцей выдавалі такія вось азнаямляльныя альбомы. Адметны ён тым, што назва «Беларусь» на вокладцы — на асноўных эўрапейскіх мовах: па-ангельску, па-француску, па-нямецку і па гішпанску: Byelorussia, Bielorussie, Belorussland, Bielorrusia. (Фота вокладкі —1). Натуральна, транскрыпцыя на ўсе гэтыя мовы — з расейскай, а не зь беларускай, так, як гэта было прынята тады ў СССР.

Пасьля 1991 году сытуацыя зьмянілася карэнным чынам. Большасьць краінаў у сьвеце з павагай паставіліся да новай незалежнай дзяржавы і да яе афіцыйнай назвы. Такая сытуацыя не выключна беларуская. У ХХ стагодзьдзі зь ёй сутыкнуліся дзясяткі маладых незалежных дзяржаў, якія вызваліліся ад каляніяльнага прыгнёту і не хацелі працягваць сваё існаваньне пад старымі калянізатарскімі назвамі. Так Залаты Бераг стаў Ганай, Верхняя Вольта — Буркіна-Фаса, Бірма — М’янмай, Паўночнай Радэзія — Замбіяй, а Паўднёвая Радэзія — Зімбабвэ... І гэты сьпіс можна працягваць доўга.

У афіцыйных клясыфікатарах большасьці краін сьвету (у тым ліку, дарэчы, і расейскім) наша дзяржава сёньня пазначана як Беларусь (Belarus). І менавіта гэтай назвай рэкамэндавана карыстацца ўсім дзяржаўным і грамадзкім інстытуцыям. Праўда, скарочаны індэкс, які складаецца зь дзьвюх літар (BY), дагэтуль зьмяшчае згадку пра колішнюю старую назву — Byelorussia. Але што зробіш, калі індэкс ВЕ даўно заняты Бэльгіяй.

...А сувэнірныя фотаальбомы для турыстаў выдавецтва «Беларусь» выдае па-ранейшаму, але назва краіны цяпер на ўсіх мовах сьвету гучыць аднолькава і ў лацінскай транскрыпцыі выглядае толькі так — Belarus.

Валянцін Жданко, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]