Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Суседнія сталіцы

07.04.2018 общество
Суседнія сталіцы

У параўнанні з «мемарыяльным» і вылізаным Менскам у сталіцы Ўкраіны куды больш жыцця.

Надарылася мне на мінулым тыдні пабываць у дзвюх сталіцах суседскіх дзяржаваў – Менску і Кіеве. Пры Савецкім саюзе абедзве называлі гарадамі-героямі. Найменні гэтыя былі абсурднымі, як і многае на тэрыторыі дзяржавы, што займала шостую частку зямнога шарыка. З таго часу ўцякло шмат вады, Менск і Кіеў даўно – сталіцы незалежных дзяржаваў. Яны вельмі моцна змяніліся за чвэрць стагоддзя, мадэрнізаваліся і набылі істотна іншае аблічча.

Мне, як чалавеку з перыферыі і закончанаму правінцыялу паводле светагляду, вельмі цяжка ў вялікіх гарадах. Прызнаюся, што ў тым жа Менску адчуваю сябе заўсёды дыскамфортна – найперш з-за бясконцай плыні машын, людскога тлуму, мітусні і вечнага спеху. У сталіцы яшчэ савецкай Беларусі я некалі пражыў пяць месяцаў, дакладней прабыў за плотам вайсковай вучэбкі сувязі.

Выпусцілі за той тэрмін у горад нас – маладых салдацікаў, хіба разы два-тры. Далейшыя візіты ў горад на Свіслачы і зніклай ў Лету Нямізе былі звязаныя пераважна з наведваннем футбольных матчаў ды рок-канцэртаў. Аднак, калі сталі на стадыёнах забіраць бел-чырвона-белыя сцягі, амаль перастаў сюды ездзіць.

Добрых знаёмых у Менску ў мяне не так і мала, а вось сяброў ў гэтым двухмільённым горадзе зусім няма. Было пару, ды і тыя «расцярушыліся», страціліся праз гады… Дабірацца куды-небудзь у беларускай сталіцы прыезжаму чалавеку найлягчэй на метро. Менскі метрапалітэн адзін з сама чыстых і ўтульных. Прынамсі, з тых 15-17 метро свету, у якіх мне даводзілася бываць, паставіў бы яго ў тройку «прызёраў». На першым месцы, канешне, стакгольмскі падземны цуд з яго неверагодным планаваннем і мастацкасцю.

У Кіеве яшчэ больш тлумна, чым у Менску. Даехаць недасведчанаму чалавеку тут таксама найлягчэй праз метро. Кіеўскі метрапалітэн адзін з сама глыбокіх у свеце. Параўняцца з ім па глыбіні можа хіба толькі пецярбургская падземка. Калі на эскалатары спускаешся ў жэрла гэтага глыбіннага падзямелля, становіцца ніякавата. А калі выбіраешся з гэтай бясконцай і густой людской плыні наверх, аддыхваешся асабліва. Дык вось Кіеў істотна кантрастуе з Менскам. Тут не так чыста, асабліва калі адысці ад цэнтральных пляцаў і вуліц.

Аднак у параўнанні з гэткім «мемарыяльны» і вылізаным Менскам у сталіцы Ўкраіны куды больш жыцця, ці як выслаўляецца моладзь, драйву. Праезд, дарэчы, у кіеўскім метро каштуе 5 грыўняў, што складае прыблізна восьмую частку аднаго еўра. У Менску ён істотна даражэйшы – 65 капеек – прыблізна чвэрць таго ж еўра. Харчаванне ў Кіеве таксама прыкметна таннейшае і выйграе па смаку. Апранаюцца кіеўляне (ці кіяне – нават не ведаю, як правільней казаць) прыкметна больш сціпла і бядней, чым насельнікі беларускай сталіцы.

Лоску тут сапраўды меней, чым у нашых сталічнікаў. Нават старая інтэлігенцыя ў сваіх бярэтках і кашнэ выглядае неяк асабліва сентыментальна. У Кіеве больш кантрастаў, чым у Менску. Шыкоўныя крамы на паверхні і ў метраградзе тут суседнічаюць з убогімі жабракамі на вуліцы. Што датычыць мовы, то ў Кіеве рэальнае дзвюхмоўе – камунікацыя напоўніцу ідзе і па-украінску і па-руску. Так што істэрычная маскоўская прапаганда пра уціск рускай мовы ва Ўкраіне – абсалютная хлусня. Няма праблем і са зваротам па-беларуску.

Практычна цэлы час размаўляю ва Ўкраіне на сваёй мове і ніколі не меў нейкіх праблем ці непаразумення. Што датычыць Менску, то за апошнія дзесяць гадоў тут пабольшала мовы тытульнай нацыі – у кожны, не такі часты сюды прыезд, заўважаю, што большае беларускамоўнай рэкламы, час ад часу чую родную мову, звароты на ёй выклікаюць адэкватную рэакцыю. У тым жа метро выразна адчуваецца, што гэта не нейкі безаблічны савецкі горад, а беларуская сталіца.

Думаю, што мае назіранні аб’ектыўныя, паколькі западозрыць у сімпатыі да «горада-героя» мяне цяжка. Словам, калі такая тэндэнцыя захаваецца, то і ў Менску гадоў праз дзесяць можа настаць рэальнае двухмоўе. Такія знешнія ўражанні ад суседніх сталіцаў. Лепш, канешне, адзін раз убачыць самому, чым сто разоў пра гэта прачытаць.

Уладзімір Хільмановіч, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]