Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Моцны чалавек павiнен вырашаць свае праблемы»

09.04.2018 общество
«Моцны чалавек павiнен вырашаць свае праблемы»

Беларускамоўны прадпрымальнік з Мастоў распавёў пра сваю жыццёвую пазіцыю.

Беларускамоўны прадпрымальнік з Мастоў Васіль Клімовіч расказаў «Газеце Слонімскай», чаму ён вярнуўся ў родны горад, распавёў пра бабулек і фастфуд, акрэсліў сваю жыццёвую пазіцыю і адказаў на бліц-пытанні.

— Васіль, скуль у Вас гэткі энтузіязм? Усе з`язджаюць з Мастоў у Мінск ці, напрыклад, у Польшчу…

— Я сам быў шмат дзе, і ў Заходняй Еўропе таксама, але вярнуўся ў Масты. У мяне такое стаўленне да Беларусі, да нашага горада, да нашай мовы, што калі з`язджаеш з горада, значыць, ты праявіў нейкую слабасць. Моцны чалавек павінен заставацца на месцы і вырашаць свае праблемы, а не паехаць і ўсё кінуць. Сам я нарадзіўся ў Шчучынскім раёне, але з чатырох гадоў жыву ў Мастах.

— Вы беларускамоўны чалавек па жыцці?

— Збольшага так. Але шмат хто не хоча размаўляць на мове, кажуць, што нічога не разумеюць па-беларуску, і я, канешне, пераходжу тады на рускую. Такія нашы сённяшнія рэаліі, такая адукацыйная палітыка дзяржавы ў бок рускай мовы.

— Але цяпер у Мінску з`яўляецца шмат беларускамоўнай моладзі. Ці ёсць такія маладзёны ў Мастах?

— Ёсць, але няшмат. Большасць таленавітых і разумных людзей з Мастоў з`язджае. Не бачаць магчымасцяў для самарэалізацыі. У Мінску я сустракаў шмат беларускамоўных, але ў нас іх усё менш і менш.

— Наколькі я ведаю, Вы плануеце рабіць тут культурніцкія імпрэзы. Але калі крэатыўная і разумная моладзь пакідае Масты, ці будуць папулярныя такія імпрэзы?

— Нібыта ў Мастах і цяпер праводзяцца мерапрыемствы, але робяцца яны на нізкім якасным узроўні. Калі рабіць добрыя культурныя мерапрыемствы, то, думаю, гэта будзе карыстацца попытам, бо канкурэнцыі тут, можна сказаць, няма.

— Васіль, Вы таксама адкрылі рэстарацыю, можна так сказаць, з фастфудам. Для правінцыйных людзей у Мастах разнастайныя бургеры і ролы — гэта нязвыкла. Як людзі гэта ацэньваюць?

— Людзі кажуць, што гэта міні-Макдональдс. Шмат у каго з мастаўлян няма магчымасці паехаць кудысьці паесці гэткай ежы, а тут на месцы пайшоў і з`еў. У нас меню сучаснае, як у вялікіх гарадах, робім усё з якасных прадуктаў.

— А як мясцовыя бабулькі рэагуюць на стравы ў Вашай кавярні?

— Мясцовыя бабулькі прыходзяць, глядзяць, цікавяцца. Большасць з іх пытаюць, ці ёсць у нас чабурэкі, альбо цікавяцца, што такое піца. Многія прыходзяць з унукамі. І ніякага негатыву ад бабулек не чуў, акрамя, мабыць, таго, што, кажуць, у нас задорага.

— Невялічкае бліц-апытанне. Прага ці Амстэрдам?

— Прага.

— Гародня ці Берасце?

— Гародня.

— Міхалок ці Вольскі?

— Вольскі.

— Быкаў ці Караткевіч?

— Караткевіч.

— Фільм «Назад у будучыню» ці фільм «Уладар Пярсцёнкаў»?

— «Уладар Пярсцёнкаў».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]