Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Што адбываецца з Чырвоным Касцёлам?

12.04.2018 культура
Што адбываецца з Чырвоным Касцёлам?

Прыхаджане зноў вымушаны змагацца за сваю святыню.

Беларуская рэканструкцыя гістарычных славутасцяў з’яўляецца ледзь не самай пазнавальнай у свеце. Сярод вандроўнікаў ужо з’явілася прымаўка, заснаваная на сумных прыкладах такога абнаўлення: «Трэба з’ездзіць і паглядзець, пакуль не рэканструявалі».

Падобная сітуацыя складваецца і з адным з сімвалаў сталіцы — Чырвоным Касцёлам у Мінску.

Рэканструкцыя яшчэ ў самым разгары, але для таго, каб ужо зараз убачыць яе хібы, не трэба мець вышэйшай адукацыі, якой валодаюць інжынеры КУП «Мінская спадчына», што ажыццяўляе абнаўленне самага вядомага каталіцкага храма Беларусі.

Справядлівасці дзеля адзначым, што Чырвоны Касцёл ніводнага разу сур’ёзна не рэканструяваўся — за сваю больш чым стогадовую гісторыю. Але ісці на такі сур’ёзны крок толькі для таго, каб паставіць галачку насупраць «правялі рэканструкцыю Чырвонага Касцёла перад Еўрапейскімі гульнямі-2019», як мінімум, па-блюзнерску. Гэта павінна быць вельмі грунтоўная і ўдумлівая праца. Але ўжо сёння ўнутры Касцёла можна ўбачыць неўзброеным вокам жоўтыя плямы і трэшчыны на столі, якія сталі наступствам зімовых вонкавых работ.

А якіх яшчэ вынікаў трэба было чакаць, калі будаўнікі арганізавалі асноўны фронт працы па змене даху ў зімовы перыяд, пад час моцных снегападаў. Формула іх працы выглядала наступным чынам: «Зняць старое пакрыццё, — пачакаць, пакуль туды нападае снег — пакласці новую чарапіцу». І самыя жахлівыя наступствы пачаліся, калі снег пачаў ставаць і прасочвацца: па храму пайшлі жоўтыя падцёкі, а ў некаторых месцах — увогуле трэшчыны.

«Не адмаўляем, што, акрамя ўсяго, у нас і раней падцякаў падвал, і таму мы зрабілі самаробныя трубы з кропельніц. Але мы ж спадзяваліся на тое, што рэканструкцыя выправіць сітуацыю. А на справе зрабілася горш. Пасля прац з дахам увогуле ліліся ручаі па сценам. А плашчаніцу мы вымушаны былі накрыць цэлафанам, бо яна можа сапсавацца ад вільгаці», — дзеляцца прыхаджане з «Новым часам».

Такую паспешлівасць тлумачаць хуткім надыходам Еўрапейскіх гульняў, што пройдуць у 2019 годзе ў Мінску. Дык на справе: мы маем толькі чарговую паказальную працэдуру?

Гэта не дае права будаўнікам нават не прыслухоўвацца да пажаданняў у рэканструкцыі настаяцеля Касцёла. З улікам сучасных рэалій памяшканні храма і плябаній маюць патрэбу ў перапланіроўцы.

Самае цікавае, што перад пачаткам рэканструкцыі адбылося сумеснае пасяджэнне арганізацыі, што займаецца абнаўленнем Касцёла, і прадстаўнікоў каталіцкага храма, якое было арганізвана з мэтай наладжвання дыялогу паміж бакамі. Падчас яго Касцёл агучыў ўсе пажаданні, і іх выслухалі. Але, як высветлілася ў далейшым, не пачулі: пасяджэнне мела толькі фармальны характар. Па сутнасці, ні адно пажаданне не было ўлічана.

Так, адным з пажаданняў была перабудова плябаніі (двара святара). Але ўвесь дыялог звёўся да таго, што будаўнікі адзін раз прыйшлі, зрабілі замеры, спыталі, як было — і ў выніку так і пакінулі, змяніўшы толькі матэрыялы.

«Мы чакалі рэканструкцыю, бо хацелі зрабіць унутры так, як нам будзе зручна. Мы хацелі змяніць прызначэнне памяшканняў. Мы не разумеем, навошта трэба было лезці ўнутр, зрываць падлогу, плітку, каб паставіць тое ж самае? Мы лічылі, што калі гэта ўсё зрываецца, то з мэтай, каб змяніць, спытаўшы наша меркаванне», — кажуць прыхаджане.

У Чырвоным Касцёле ўвогуле існуе праблема з памяшканнямі. Напрыклад, на кухні месца хапае толькі для адной гаспадыні. Але ў храме бывае шмат гасцей, відавочна, што месца трэба больш. Рамонт не вырашыў гэтую праблему. Будаўнікі проста змянілі матэрыялы са старых на новыя.

Таксама ў Касцёле няма спецыяльных службовых памяшканняў, ёсць толькі адна маленькая каморачка, дзе размяшчаюцца і пральня, і прасавальная, таксама тут знаходзяцца фларыст і прыбіральшчыца. Відавочна, што кожнаму з іх патрэбна асобнае месца працы. Але пакуль такая перспектыва нават не плануецца.

Тая ж сітуацыя склалася вакол хораў і тэатра «Зніч», якія дзейнічаюць пры Касцёле. Першым няма дзе рэпетаваць, а тэатр ужо не змяшчаецца ў адведзеным яму месцы. Але і на гэта не звяртаюць увагі, не кажучы ўжо пра спробы вырашэння праблемаў.

Вялікай праблемай з’яўляюцца навучальныя класы пры каталіцкім храме. У Касцёле для гэтага адведзены толькі два самаробных пакоі, дзе адсутнічаюць усе ўмовы для навучання дзяцей: ні вентыляцыі, ні вокнаў там няма. У нядзельнай школе навучаецца больш за 800 чалавек, яны не змяшчаюцца ў гэтых пакоях. Аднак гэтыя класы так і пакідаюць, прапаноўваючы змяніць толькі назву.

Надзею на вырашэнне гэтай праблемы да апошняга даваў Мінгарвыканкам, ад якога дагэтуль чакаецца дазвол на будаўніцтва нядзельнай школы. Праект зроблены, і Касцёл гатовы цалкам узяць на сябе будаўніцтва, але мясцовыя ўлады чамусьці не спрыяюць гэтаму.

Пакідае жадаць лепшага і якасць будаўнічых матэрыялаў. Першапачаткова абяцалі, што копію кожнай цэглы будуць вырабляць індывідуальна. Зразумела, што па агульнапрынятых стандртах у свеце рэканструкцыя не выконваецца з матэрыялаў, якія выкарыстоўваюць у звычайнай будоўлі. Замежнікам ужо даўно вядома паняцце «спецыяльныя тэхналогіі» ў дачыненні да рэканструкцыі. У нас, як заўжды, спасылаюцца на адсутнасць фінансавання не толькі на гэтыя «спецыяльныя тэхналогіі», але і на якасныя матэрыялы. Сярод саміх будаўнікоў чуваць размовы: «Пяць гадоў дакладна прастаіць!». Будынку больш за 100 гадоў, а яны прапануюць абмежавацца гарантыйным тэрмінам?

Толькі перад Каталіцкай Пасхай у Чырвоным Касцёле з’явіўся аварыйны выхад. І зноў такі, актыўным ініцыятарам яго разбудовы з’яўляліся прадстаўнікі Касцёла. Улічваючы тое, што новы праект прадугледжваў запасны выхад, будаўнікі не спяшаліся, а можа і ўвогуле не збіраліся яго рабіць. Дагэтуль на тысячныя патокі прыхаджан на вялікія святы прыходзіўся адзін галоўны выхад. Нават МНС не звяртаў увагі на просьбы зрабіць другі выхад, тым самым забяспечыць усе меры пажарнай бяспекі.

«У нас такі цяпер такі стан, напоўнены страхам што, калі будаўнікі прыйдуць у Касцёл з унутранымі работамі, то паўтарыцца тая ж гісторыя, што і на плябаніі. Пытанне толькі адно: а навошта рабіць тое, што нам не трэба?» — задаюцца пытаннямі прыхаджане.

Як вядома, у савецкі час Чырвоны касцёл быў перапрафіляваны ў Дом кіно. Сакральны будынак не толькі пазбавілі рэлігійнай атрыбутыкі, але і перабудавалі. Прыхаджане ў прамым сэнсе гэтага слова змагаліся за яго. Гэта страшна. Але не менш жахліва тое, што адбываецца цяпер. Як і ў часы СССР, прыхаджане зноў вымушаны змагацца. Напэўна, незалежная Беларусь карыстаецца метадамі савецкай улады, што ўсё павінна прадастаўляцца толькі праз змаганні.

Дзіяна Пінчук, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]