Лёгка паверыць у тое, што пісьменнік кідаў пад ногі каханай мядзведжую шкуру.
Журналістка bolshoi.by Вольга Губская паразмаўляла з Адамам Глобусам пра Уладзіміра Караткевіча. Гутарка аказалася эмацыйнай і асацыятыўнай. Мусіць, такой, як сам Караткевіч — рыцар свайго часу, які імкнуўся адысці ад рэчаіснасці і зазірнуць у будучыню.
— Які ўспамін, звязаны з асобай Уладзіміра Караткевіча, усплывае адразу?
— Мы з ім шмат размаўлялі. Ён меў зборнік японскай паэзіі ў перакладзе Маркавай, чытаў яго, любіў цытаваць…
— А які свой першы твор Вы паказалі Караткевічу? Як ён паставіўся да Вас як да празаіка?
— Прозу не паказваў — не паспеў. Караткевіч і Стральцоў ведалі мяне як паэта. На жаль, яны памерлі рана, і пра сваю прозу я з імі не пагаварыў. Затое яны добра ведалі мяне як мастака. Стральцоў замаўляў мне экслібрыс для сваёй бібліятэкі.
— А Караткевіч Вам што-небудзь замаўляў як мастаку?
— Не, я не аздабляў яго кнігі. У Караткевіча была калекцыя карцін віленскіх мастакоў, я рэстаўрыраваў для яго краявід Пятра Сергіевіча. Уладзімір Сямёнавіч сябраваў з Арленам Кашкурэвічам, і шмат кніг Караткевіча аздобіў менавіта ён. Пеця Драчоў аздабляў «Чорны замак Альшанскі». Ды не забывайце, што я быў тады маладым мастаком, а кнігі Караткевіча ўжо выходзілі палепшанымі выданнямі, і многія мастакі хацелі падзарабіць — ясна, што не мне даставалася праца.
— Чаму Вы, гаворачы, усміхаецеся?
— Таму што за грошы ўсё, а не па-сяброўску. Я мог прыйсці да Валодзі Арлова: «Ты выдаеш першую кніжку, давай я зраблю яе вокладку для цябе… Ты малады празаік, я малады мастак…» А Караткевічу я потым намаляваў комікс на «Дзікае паляванне караля Стаха». Скажам, так аддзячыў яму за нашае сяброўства, за яго падтрымку маёй творчасці.
— Караткевіч мацюкаўся?
— Лаяўся. Калі чалавек вядомы, да яго ўвесь час нехта звоніць, нехта прыстае, нехта лезе, і гэта раздражняе, не дае працаваць — ён зрываецца на крык, на абразы.
— Вы бачылі яго ў такім стане?
— Я жыў з ім на адной пляцоўцы. І жыў з ім да ягонай смерці… Я не за тое, што трэба падкрэсліваць п’янага Караткевіча, расказваць, што калі ён сварыўся, то пераходзіў на лаянку, але гэта ажыўляе ландшафт класічнай літаратуры. Караткевіч — нармальны чалавек, які ведаў сваё месца ў літаратуры. Ён любіў Вальтэра Скота. Не бачыў сябе Шэкспірам, Галсуорсі, Блэйкам, ды і нельга з Караткевіча рабіць Шэкспіра. Шэкспір у нас Янка Купала. Мы прынялі за эталон Купалу. А зараз назіраецца такая тэндэнцыя: давайце памяняем класікаў. Я лічу, што так быць не павінна. Калі мы ўжо прынялі за эталон стваральніка літаратуры Купалу з яго паэмамі, вершамі, «Тутэйшымі» і з таямніцай смерці, то мяняць яго цяпер на Караткевіча — для абодвух шкодна.
— Але ж іх не збіраюцца мяняць.
— О, не. Тыя, хто чытаюць толькі Вальтэра Скота, а Шэкспіра з Блэйкам ці Феафраста прачытаць не могуць, з задавальненнем памяняюць Купалу на Караткевіча. Напішуць, што Купала — сталініст, і гатова. А Караткевіч з больш простым лёсам: у вайне не ўдзельнічаў, у рэвалюцыі не быў заўважаны… Драма з алкаголем? Але гэта драма эгаізму. Яму ў рэальнасці не было дзеля каго жыць. Ён жыў дзеля літаратуры, дзеля мастацтва, а дзеля рэальнасці — не. Яму не трэба было думаць, як пракарміць дзяцей, пра тое, што ўнука трэба завесці ў мастацкую школу, як цягнуць на пяты паверх здаравенную каляску — і пра ўсялякія іншыя бацькоўскія абавязкі.
— Светлы Караткевіч… Які ён?
— Меў выдатнае пачуццё гумару. З ім заўжды было весела. Ён пастаянна смяяўся, ведаў шмат показак, быў абаяльны. Высокі прыгожы артыст. А потым гэтая прыгажосць пачала разбурацца. У тым-та і справа, што мне давялося бачыць Караткевіча, калі ён быў малады, вясёлы, цвярозы! Ён сябраваў з кінатусоўкай. Здымаўся сам у фільме «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Канешне, там роля не першага каханка, але факт, што здымаўся. Адназначна прыгожым быў Стральцоў: вытанчаны, ён бы падышоў на ролю першага каханка. Але ж Стральцоў заўсёды быў у міноры, а Караткевіч — мажорны чалавек, як і Барадулін. Ён не быў п’еро — ён быў заўсёды арлекінам. Дарэчы, не кіношна-тэатральным, а нейкім цыркавым. Часам весялосць была з пераборам.
— Адкуль такое жаданне цыркачыць?
— Напэўна, яго асноўныя героі — супермэны, і яны не робяць дробнага паскудства, як мае, якія падпарадкоўваюцца правілу: дробны чалавек робіць дробнае паскудства.
— Занадта рамантычныя?
— Не, Караткевіч ні разу не рамантык. Ён звычайны постмадэрніст, як і ўся эпоха. Усе рамантыкі засталіся ў ХІХ стагоддзі. Стыль рамантызм даўно скончыўся. Потым быў мадэрнізм і пазней — постмадэрнізм. Ведаеце, тым, хто ехаў пакараць цаліну, выдавалі кніжкі з серыі «Табе ў дарогу, рамантык», але рамантыкі-пакаральнікі цаліны — гэта не рамантыкі мінулай эпохі. І Някляеў, які, едучы на БАМ, катаў паэмы пра БАМ, — ніякі не рамантык, а звычайны прыстасаванец. У адрозненне ад Някляева, які пісаў пра БАМ, і Барадуліна, які пісаў пра цаліну свой «Маладзік над стэпам», такой фігні Караткевіч не рабіў. Ён не пісаў паэму «Ленін думае пра Беларусь», не выконваў «абавязковую праграму» для савецкай улады.
— Дзіўна, што яго пры гэтым не ціснулі…
— Караткевіча не так моцна ціснулі, таму што ў яго заўсёды былі грошы. А калі чалавек мае грошы, то валодае пэўнай ступенню свабоды, а не ідзе да суседа пазычаць «пяцёрку» на бутэльку…
— І не будзе за «пяцёрку» стаяць на каленях…
— Так. Таму што ён ведае, як зарабіць: напісаць п’есу, паставіць яе ў тэатры, напісаць кінасцэнарый ці ўзяць замову на кніжку пра Мсціслаўе… Таму ён і не выконваў гэтую «абавязковую праграму»: партызаны, ленініяна, камсамольцы, камуністы… І ўжо гэтым ён шмат каго раздражняў.
— Але яму дазвалялі існаваць…
— Савецкая ўлада, якая стварала БССР, мела патрэбу ў гісторыі Беларусі, героях Беларусі і ўсім астатнім, звязаным з гэтым.
— І Караткевіч заняў гэтую нішу ў час…
— Канешне. Потым уладам падабалася ягонае змаганне з каталіцызмам, хоць для маёй сям’і знявага касцёла выглядае дэструктыўна.
Ну, а асноўнае — пазітыў у творчасці. Ён шмат мне расказваў пра свае «Каласы…». Ён не мог дапісаць гэты раман, скончыць яго. Не мог сабе дазволіць забіць Каліноўскага, які быў для Караткевіча ідэальным героем. У яго кабінеце вісеў вялікі партрэт Каліноўскага… І кожны раз, калі ён мне апісваў, як бачыць сцэны допыту, сцэны гвалту над Каліноўскім, сцэну яго павешання, паўтараў, што не можа гэтага напісаць у сваім творы. Герой не павінен загінуць.
Караткевіч, як чалавек, які ведае пра неўміручасць серыяльнага героя, не мог і не напісаў сцэну забойства Каліноўскага. Таму ніякага схаванага апошняга тома «Каласоў…» ніхто ніколі не знойдзе.
— Які раман Караткевіча для Вас самы каштоўны?
— Для мяне гэта раман «Нельга забыць», які напісаны пра каханне з натуры ў Маскве, раман аўтабіяграфічны. Твор напісаны пра Ніну Молеву. У яе доме насамрэч былі выбітныя карціны сусветных майстроў, бо муж з’яўляўся ці не самым багатым калекцыянерам у Маскве.
— Пішуць, што Молева не магла зразумець, чаму беларусы бачаць у Караткевічы генія. Нібыта аднойчы ён прыйшоў да яе дадому ўночы і кінуў пад ногі мядзведжую шкуру са словамі: «Гэта табе»…
— Я слаба ўяўляю, што Караткевіч мог забіць мядзведзя. Думаю, што гэта была чыста кіношная штучка… Узяў на кінастудыі шкуру і кінуў пад ногі каханай. У такое магу паверыць.
— Узяў на кінастудыі?!
— Так. Ён жа не толькі на літаратурных, але і на сцэнарных курсах у Маскве вучыўся, таму я думаю, што гэта кінажэст — занесла трохі. Яго і праўда часам заносіла: пісаў па 18 гадзін у дзень. Пакаленне маіх бацькоў — творцы, якія палову жыцця паклалі на кінастудыях. Яны верылі, што кіно сапраўды можа выправіць, выратаваць чалавека. Аднак чалавек не стаў лепшым, ён пачаў глядзець тэлевізар, а потым прыйшло інтэрнэтнае пакаленне. Пакаленне Караткевіча — кіношнае, а значыць, усе яго жэсты варта звяраць з жэстамі, паказанымі ў кіно.
— Згодны з тым, што Караткевіч — майстар вобраза-эталона?
— На чым рамантызм і пострамантызм пагарэлі — на стварэнні звышчалавека. Нашы пісьменнікі пасля Першай сусветнай вайны насіліся з ідэяй стварэння звышчалавека: вось мы зараз напружымся, і будзе ў нас не проста беларус ці рускі, а вялікі савецкі непераможны чалавек. І гэткі звышчалавек працягвае стварацца. Ну, добра, калі ты робіш Спайдармэна… Кажаш, што прыйдзе Спайдармэн і ўсіх пераможа… Ці Бэтман прыляціць… У Караткевіча менавіта такі звышчалавек.
— Караткевіч не быў воінам?
— Ён не ваяваў — вакол яго і за яго заўсёды ваявалі цёткі. Маскоўская чыноўніца і перакладчыца Валянціна Шчадрына, якая выдавала кнігі Караткевіча ў Маскве. Жонка Валянціна Браніславаўна, якая арганізоўвала ягоны побыт. Сястра Надзея Сямёнаўна, якая даглядала брата Валодзю праз усё жыццё… Гэта былі асноўныя войны на франтах, якія вяліся вакол Караткевіча.
Я ведаю ўсіх жанчын Караткевіча і на што яны здольныя. Адразу магу сказаць, што да кніжкі «Жанчыны Караткевіча» стаўлюся ніяк. Я ведаў, як Караткевіч да жанчын заляцаўся (і часам наяўдала). Караткевіч ніколі не пісаў пра інтрыжкі ў дзённіках. Аднак той, хто ўважліва чытаў раман «Нельга забыць», разумее, што гісторыя з Нінай Молевай там апісана добра, наколькі хапіла таленту. Я не ўспрымаю рыцарскіх раманаў, але ж згаданы твор як гісторыю кахання люблю. Паўтаруся, для мяне «Нельга забыць» — асноўны твор Караткевіча, які мне быў цікавы як чалавеку. Але іншым я б парэкамендаваў чытаць «Дзікае паляванне…».
— А «Хрыстос прызямліўся…»?
— Не. Я лічу, што «Хрыстос прызямліўся…» вельмі цяжкі і дэкаратыўны. Кніга «Нельга забыць» напісана для любімай жанчыны, гэта такая сабе метафарычная шкура мядзведзя, кінутая пад ногі: «На! Я ўсё аддаў табе». «Хрыстос прызямліўся…» — сцэнарый для кінастудыі «Беларусьфільм». І напісаны ён для тутэйшых букоўскіх, якія будуць іграць у гэтым кіно, вырабляць з сябе Хрыста. Усё, што звязана з «Беларусьфільмам», я не люблю і лічу гэты твор Караткевіча адным з найгоршых. Калі ў яго ўчытацца — проста жах. Хрыстос там фальшывы, таму што ён кіношны.
— А хто ўваходзіў у кола сяброў Караткевіча?
— Валянцін Ждановіч — фатограф — і Пеця Драчоў — мастак. Ждановіч і мяне не адзін раз фатаграфаваў з Караткевічам.
— А дзе фота?
— Няма. У Ждановіча сфарміраваўся прынцып нейкі: яму не спадабалася, як я напісаў, што Караткевіч памёр ад п’янства. Таму і фота Валянцін мне не даў. Не даў і не даў, бог з ім.
Я адным з апошніх бачыў Караткевіча жывым. Калі яму стала дрэнна, сястра выклікала хуткую дапамогу. Усё жыццё яна ім апекавалася і насіла на руках. Санітары не спраўляліся ўдваіх несці насілкі — я і мой брат Міраслаў ім дапамагалі. Караткевіч крычаў, што яму ўсё баліць, што агонь пячэ ягонае нутро…
— Столькі апекі было вакол гэтага пісьменніка. Караткевіч — дзіця свайго часу…
— Так. Дагледжанае і выпешчанае дзіця. Пястун лёсу. Дарэчы, ён ніколі не меў патрэбы ў грашах. Яны ў яго заўжды былі…
— Меў камерцыйную жылку?
— У нейкім сэнсе. Прыкладаў намаганні. Напрыклад, выходзіць яго апавяданне ў Іспаніі — яму за гэта даюць маленечкую суму, а ўсё астатняе забірае камітэт па ахове аўтарскіх правоў. А калі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і выдаў яго ў Чэхіі, то, каб атрымаць не 10 рублёў, а больш, Караткевіч паехаў у Прагу і атрымаў там увесь вялізны ганарар. Тады ж падатковая так жорстка, як цяпер, не працавала… Ён любіў жанчын, умеў зарабляць грошы, шмат працаваў…
— Ці бачылі Вы, як ён пісаў?
— Звычайна хадзіў па хаце ў шоўкавым халаце, а каб сябе вярнуць у працоўны стан, прымаў душ, галіўся, апранаўся як на вяселле — у шэры, сталёвага колеру касцюм, белую сарочку, браў дарагую асадку, дарагую паперу… Выпіваў цэбар кавы (паўлітра за раз) і пачынаў пісаць. Як піў запоем, так і пісаў запоем — мог напісаць 30 старонак за адзін дзень.
— Да Караткевіча быў патрэбны асаблівы падыход?
— Так, і я ведаў, як з ім трэба было сябе паводзіць. Яго трэба было хваліць, дагаджаць яму. Калі Караткевіч напісаў нешта накшталт «хаты былі, як кучы гною», мой тата сказаў: «Валодзя, так нельга. Ты ж пра людзей пішаш». «Ну дык гэта ж вясковыя людзі», — адказваў Караткевіч. У яго быў снабізм — ён жа са шляхты, якую сам сабе і прыдумаў. Так што было каму спрачацца з Караткевічам і без мяне.З бацькам Караткевіч не сябраваў, ён увогуле мала з кім сябраваў, але мог некага падтрымаць — яму падабалася настаўніцтва і месіянства.
Мой жа бацька цалкам не прымаў камерцыйную літаратуру — фантастыку, прыгоды, дэтэктывы. Я ж лічу, што не трэба да такой літаратуры ставіцца як да другаснай.
— Значыць, і вашу творчасць бацька не прымаў таксама?
— Не тое што не прымаў, але ў дзённіку мог напісаць пра маю публікацыю: «Гэта суцэльны правал!». Бацька любіў Шолахава, а Караткевіч любіў «Капальні цара Саламона» Хогарта. З Караткевічам можна было разважаць хутчэй пра Босха і Брэйгеля, чым пра рускамоўнага казака Шолахава. За што ён мяне любіў — таму што ў душы быў мастаком. У яго было шмат акварэляў, ён нават нашу сям’ю намаляваў. Яго візуалізацыя вельмі хвалявала, ён быў заварожаны магіяй карцінкі. Калі я напісаў партрэт Коласа, ён прывёў сына Канстанціна Міхайлавіча і паказаў яму партрэт. Сыну партрэт не спадабаўся. Я ж класіку лаўровы вянок зрабіў з самых звычайных магазінных лаўровых лісцікаў. Даніла сказаў: «Адчуванне такое, што ў бацькі торгаецца шчака на партрэце». А ў мяне так атрымалася выпадкова.
Караткевіч любіў распытваць пра маё мастакоўскае жыццё. А спрачацца з ім не трэба было, гэта рабілі толькі наіўныя людзі.