Лаўрэат прэміі «Воін Святла» выступіў у абарону славутай беларускі.
Улады супраць таго, каб на доме ў Зэльве, дзе жыла Ларыса Геніюш, з’явілася памятная шыльда. Але пры гэтым спасылаюцца на тое, што нібыта супраць гэтага выступаюць людзі.
Пра гэта і не толькі распавядае госць «Радыё Рацыя» – пісьменнік, краязнавец, мецэнат, лаўрэат прэміі «Воін Святла», старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў – Валянцін Дубатоўка.
- Пачнем з тэмы, якая тычыцца Ларысы Геніюш, а дакладней тычыцца спробы ўсталявання мемарыяльнай дошкі на яе доме ў Зэльве. Спробу ўсталявання гэтай дошкі, але беспаспяховую, ажыццявіў Міхась Скобла ў 2010 годзе. І цяпер была спроба гарадзенскай філіі СБП атрымаць дазвол на ўсталяванне гэтай шыльды. На якім этапе знаходзіцца гэты працэс? Якія шанцы ёсць на паспяховасць ініцыятывы?
– Трэба прыгадаць той 2010 год, калі адзначаўся юбілей Ларысы Геніюш. Тады Міхась Скобла правёў вялікую працу, калі абыходзіў усіх мясцовых людзей, кіраўніцтва. Па-сутнасці, ён адзін і падрыхтаваў тады свята. Ён дамовіўся там і наконт шыльды. І калі ён дамаўляўся з людзьмі, якія жывуць цяпер у тым доме, то яны былі не супраць. Хоць ён не лічыў патрэбным афармляць гэта на паперах. Людзі былі не супраць, і фактычна з іх дазволу мы гэта і зрабілі. Міхась Скобла прывёз шыльду з Менску, прылюдна на свята ў прысутнасці ўнука Ларысы Геніюш яе ўсталявалі. Потым пайшоў «наезд» на мясцовых людзей, і людзі, канешне, забаяліся. Каму патрэбныя гэтыя скандалы.
- Тады шыльду з дома Ларысы Геніюш забралі і пазней спатрэбілася яшчэ шмат часу, каб яе вярнуць.
- Потым трэба было рухацца далей. Вырашылі звярнуцца афіцыйна да мясцовых уладаў. Адказу ўлады не давалі доўга, і відаць правялі перамовы з мясцовымі жыхарамі, якія жывуць у доме, дзе жыла Ларыса Геніюш. Адказ прыйшоў праз месяц. Яны там нават не спасылаюцца на тое, што Ларыса Геніюш не была рэабілітавана, а на тое, што людзі супраць.
- У Зэльвенскай царкве ёсць шыльда ў памяць пра Ларысу Геніюш, на тэрыторыі царквы стаіць помнік – бюст Ларысы Геніюш. Усе ведаюць дом, дзе яна жыла. Чаго тут баяцца мясцовым уладам? Таксама гэтая сітуацыя нагадвае і сітуацыю з музеем у Гудзевічах, дзе мясцовыя ўлады не хочуць надаваць музею імя яго стваральніка Алеся Белакоза. Што тут такога страшнага? Што палохае мясцовыя ўлады, а можа не мясцовыя ўлады гэта вырашаюць?
- У мяне такое адчуванне, што гэта не мясцовыя ўлады. Я спачатку думаў, што гэта толькі ў Зэльве такія ёсць, якія робяць тое, што можна назваць «пляваць супраць ветру». Гэта толькі шкодзіць ім самім. Але потым, калі выявілася гісторыя з «белакозаўскім» музеем (бо вядома, што Алесь Белакоз ад пачатку і да канца стварыў на пустым месцы гэты музей), то ўзнікла такое адчуванне, што ўсё ідзе з аднаго цэнтру. Цікава, дзе той цэнтр? Можа ў камітэце бяспекі, а можа на самым версе. Вядома ж, што Белакоз стварыў гэты музей. Навошта гэта рабіць? Таксама вядома, што ў гэтым доме жыла Ларыса Геніюш. Ніякай шкоды гэта не нясе, і ім тым больш. Я думаю, што ёсць яшчэ такія факты па Беларусі.
- Прыгадаю, што вы з Ларысай Геніюш звязаныя адной зямлёй, паколькі вы з зэльвенскай зямлі паходзіце. Дзякуючы вам шыльда ў царкве з’явілася, і таксама вы былі фундатарам факсімільнага выдання Ларысы Геніюш «Ад родных ніў». З чым вашая асабістая прывязанасць да Ларысы Геніюш звязаная: больш з яе творчасцю, ці з тым, што яна была вашай зямлячкай?
– Ні тое, ні другое. З тым, што яна была грамадзянкай Беларусі. Яна ахвяравала ўсё сваё жыццё нашай краіне. Яна свядома ішла на такія ахвяры.
- Ці плануеце нейкія далейшыя крокі ў справе ўсталявання шыльды на доме Ларысы Геніюш, ці нейкія іншыя?
- У нас была задума з Міхасём Скоблам усталяваць указальнік на могілках, каб было вядома, дзе пахаваныя Ларыса і Янка Геніюшы. Я там паехаць памераць усё і ўжо адразу міліцыянт да мяне падбег… Лічу важным тое, што робіцца ў літаратуры, калі выдаюцца кнігі пра Ларысу Геніюш, перапіска Ларысы Геніюш вышла. Таксама шыльда – гэта адно, важна, каб у Зэльве паўстаў цэлы музей Ларысы Геніюш. І спадзяюся, што гэта будзе зроблена.
- Спадар Валянцін, некалькі словаў таксама пра вас і вашую творчасць. Нядаўна было ўручэнне прэміі «Воін святла» ў Кіеве, дзе адзначылі вашую кнігу “Чужы”. У інтэрв’ю нашаму радыё пасля ўручэння прэміі вы сказалі, што рыхтуецца да выдання ўжо іншую кнігу «Сімвал веры». Наколькі гэтая задума ўжо рэалізаваная?
- Дзякуй за пытанне. Зараз ужо кніга ў рэдактара, яна практычна гатовая. Задумкі ёсць яшчэ дзве. Першае – гэта мы з Міхасём Скоблам хочам зрабіць супольную кнігу пра ахвяр партызанаў, бо гінула шмат народу. Мы збіраем сведчанні і шмат ужо назбіралі. Я помню, як Янка Брыль расказваў, што яны пасля таго, як размаўлялі з людзьмі-сведкамі, потым начамі не спалі. І я цяпер таксама па некалькі дзён да сябе прыйсці не магу. Адна справа калі немцы, карнікі, а тут свае партызаны людзей цэлымі сем’ямі ў вёсках выбівалі, гэта жах нейкі. Самае галоўнае, што трэба паспяшацца з гэтай кніжкай, бо людзі адыходзяць. Я гляджу, ужо спрэчкі нават ідуць, ці было гэта насамрэч. І другая задума – гэта гумарыстычная кніга пра маю працу ў пажарнай ахове. Вось такія планы.
- Але нічога вы не сказалі пра Сапегаў, бо адно з вашых захапленняў – гэта акурат даследаванне матэрыяльнай спадчыны роду Сапегаў…
– Гэта душа мая, можна так сказаць. Справа ў тым яшчэ, што Сапегі і ў Дзярэчыне былі, а я сам дзярэчынскі.
- І вы казалі, што нарадзіліся недзе насупраць палаца Сапегаў…
– Бальніца дзярэчынская, дзе я нарадзіўся і Міхась Скобла, і шмат яшчэ хто, стаіць акурат праз дарогу насупраць сапегаўскага будынка. Мы там малыя хадзілі, шукалі камяні, мы выхоўваліся на гэтым, там жа такая Атлантыда… Там яшчэ вельмі шмат не даследавана, але дзе ахопіш, каб усё напісаць, жыццё кароткае. Хацелася б, канешне. Ёсць такая задумка яшчэ нешта зрабіць, але пакуль гаварыць пра гэта не будзем.