Бацькоў заахвочваюць актыўна падаваць заявы на атрыманне адукацыі па-беларуску.
У Магілёве абмеркавалі пашырэнне беларускамоўнай адукацыі. З гэтага года ў абласным цэнтры адчыняюцца дзве беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. Бацькоў заахвочваюць актыўна падаваць заявы на атрыманне адукацыі па-беларуску, пiша сайт тэлеканала «Белсат».
У Магілёве, дзе жывуць каля 400 тыс. чалавек, працуюць толькі тры беларускамоўныя класы. Усе яны з малой напаўняльнасцю – ад аднаго да чатырох вучняў. Штогод грамадскія арганізацыі ды ўлады збіраюцца за круглым сталом, каб акрэсліць і развязаць праблемы беларускамоўнага навучання.
«Калісьці беларускамоўная адукацыя ў Магілёве была ў пачатку 2000-х знішчаная гвалтоўна адміністрацыйнымі метадамі. Толькі перадусім адміністрацыйнымі метадамі яна можа зноў адрадзіцца», – мяркуе старшыня Таварыства беларускай мовы ў Магілёве Алег Дзьячкоў.
Чыноўнікаў ад адукацыі ды культуры пачалі запрашаць за тыдзень да круглага стала, але шмат хто сказаў, што без загаду зверху – не пойдзе. Затое на абмеркаванне прыйшла намесніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка.
«Бацькі, якія жадаюць аддаць дзяцей, для вас падрыхтаваная база: дзіцячы садок № 79 і дзіцячы садок № 93 гатовыя прыняць усіх ахвотных на навучанне і на выхаванне на беларускай мове», – звярнулася да бацькоў прадстаўніца гарвыканкаму.
Садочкі для набору беларускамоўных групаў абраныя так, каб забяспечыць пераемнасць у адукацыі: побач са школамі, дзе ўжо існуюць беларускамоўныя класы. У Ленінскім раёне гэта сярэдняя школа № 1, а ў Кастрычніцкім – сярэдняя школа № 34.
«Мы сутыкнуліся з вялікай праблемай – з адсутнасцю падручнікаў, і мы просім нам дапамагчы ў гэтым», – кажа дырэктар сярэдняй школы №34 Ігар Якіменка.
Праблему з падручнікамі на беларускай мове развязаць прасцей, чым з напаўняльнасцю класаў. Хаця і тут ёсць прагрэс: за два гады колькасць вучняў у класе вырасла з двух да чатырох.
Настаўніца ў сярэдняй школе № 34 Лідзія Ціханоўская заўважае:
«Самая галоўная праблема – у тым, як падрыхтаваць саміх настаўнікаў, якія будуць выкладаць у сярэднім звяне нашай школы, гэтых дзяцей будуць вучыць».
Сваёй настаўніцаю ды навучаннем у беларускамоўным класе ў 34-ай школе бацькі задаволеныя. Кажуць, пры малой колькасці вучняў, да кожнага – індывідуальны падыход.
«Паводле канстытуцыі мы яшчэ можам атрымліваюць адукацыю на той мове, на якой жадаем, і мы пажадалі на беларускай, і дамагліся гэтага навучання», – дзеліцца Галіна Турандзіна, маці вучаніцы беларускамоўнага класу.
Ганна Самойленка, маці іншай вучаніцы кажа:
«Калі няма мовы, няма народу. Як толькі мы здрадзім сваёй мове, мы здрадзім сабе».
Гарадскія чыноўнікі не хочуць ґвалтоўна ствараць беларускамоўных групаў і класаў, але абяцаюць, што калі вырасце попыт з боку бацькоў, то такія групы і класы адчыняцца будуць.