Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Феномен БНР: Як беларусы вялі дыпламатычнае спаборніцтва з бальшавікамі

15.04.2018 общество
Феномен БНР: Як беларусы вялі дыпламатычнае спаборніцтва з бальшавікамі

У цяжкай сітуацыі дзеячы БНР здолелі наладзіць прагматычную працу.

Стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі ажывіла старыя спрэчкі. У якасці аргумента «несапраўднасці», «прывіднасці» БНР зноў прагучалі закіды ў «адсутнасці міжнароднага прызнання».

Тут ёсць пра што паразважаць. Няўстойлівасць тагачасных палітычна-дзяржаўных утварэнняў на абшарах Усходняй Еўропы стварае магчымасці для рэлятывысцкіх уяўленняў і нігілізму.

Але перш, чым праглыбіцца ў праблематыку замежнапалітычнай актыўнасці БНР, давайце зладзім гістарыяграфічны эксперымент: паглядзім, як здабывала міжнароднае прызнанне Савецкая Расія.

Шэсць гадоў ізаляцыі

Дзяржавы Антанты працяглы час устрымліваліся ад афіцыйнага прызнання бальшавікоў, спадзяючыся, што ўлада ў Расіі пяройдзе ў рукі больш лаяльнага ўраду. Кантакты Саўнаркама з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША былі толькі неафіцыйныя.

Праўда, быў кароткі перыяд, падчас нямецкага наступу ад 18 лютага да 3 сакавіка 1918 года, калі ў сталіцах Антанты абмяркоўвалася пытанне прызнання Савецкай Расіі ў выпадку ўзнаўлення ёю вайны з Германіяй. Але Леў Троцкі выканаў сваё абяцанне: раскладзеная бальшавіцкай прапагандай расійская армія панічна адступала, а нядаўна сфарміраваныя аддзелы Чырвонай Гвардыі не аказалі рэальнага супраціву кайзераўскім войскам, што добра праілюстраваў разгром бальшавіцкіх частак пад Псковам 23 лютага 1918 года.

«Братанне»: расійскія і нямецкія жаўнеры каля разбуранага Крэўскага замка. Здымак зроблены на нямецкім баку фронту падчас перамір'я ў снежні 1917. Быў апублікаваны ў ветэранскай кнізе 3 палку ландверу (Берлін, 1928).

Увогуле, бальшавікі як у цэнтры, так і на месцах пайшлі на актыўную калабарацыю з кайзераўскім урадам і нямецкім камандаваннем. Тлумачылася гэта як аб’ектыўнымі станам знясіленай вайной краіны, так і ідэалагічнымі ўстаноўкамі большавікоў, якія рабілі тады стаўку на сусветную пралетарскую рэвалюцыю.

У ЦК Леніну з дапамогай Сталіна ўдалося пераадолець супраціў, а пад сценамі разбомленага Крэўскага замка агітатары ладзілі акцыі «братання» расійскіх і нямецкіх жаўнераў.

Як бы то ні было, але перамовы ў Брэсце афіцыйных прадстаўнікоў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Асманскай імперыі і Балгарыі з дэлегацыяй Савецкай Расіі сведчыць пра прызнанне de facto Саўнаркама як ураду.

Такая ж сітуацыя паўторыцца пад час перамоваў з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой і Фінляндыяй у 1920 г. Гэтым краінам удалося адстаяць суверэнітэт, хоць і пайсці на кампрамісы з Крамлём. Часткова сцэнар Брэсцкага міру паўтарыўся на Рыжскіх перамовах 1921 г. з Польшчай. Крэмль адмаўляўся ад падкантрольнай тэрыторыі ва Украіне і Беларусі, а Польшча ўсталёўвала з савецкай дзяржавай дыпламатычныя дачыненні. І гэта быў таксама частковы прарыў дыпламатычнай блакады.

Сімвалічнай стала Рапальская дамова 1922 г. Яе на палях Генуэзскай канферэнцыі падпісалі Савецкая Расія і Веймарская рэспубліка. Супольнай платформай для іх стала непрыняцце Версальскай дамовы і новыя контуры свету, якія накрэслілі пераможцы Вялікай вайны. Для Расіі гэта была першая поўнамаштабная дамова і прызаннне дэ-юрэ як дзяржавы, а для Германіі — першая раўнапраўная дамова пасля Версаля.

Сапраўдная паласа прызняння савецкай дзяржавы пачалася ад 1923 г. Першымі СССР прызналі ўсходнія дзяржавы, зацікаўленыя ў пошуку рэгіянальнага балансу: Аўганістан, потым Іран, Манголія, Турцыя…

Як бачым, Савецкая Расія складаным шляхам ішла да міжнароднага прызнання, дзейнічала сітуацыйна і часам па-канфармісцку, разлічваючы вырвацца з міжнароднай ізаляцыі.

І гэта ў той час, калі бальшавікі праз тэрор і ўласную арганізаванасць сталі пераможцамі ў крывавай Грамадзянскай вайне ў сваёй краіне.

Прынамсі, адзін урок з гэтай зацягнутай гісторыі мы можам вынесці — міжнароднае прызнанне рэдка калі бывае лінейным працэсам, а міжнародныя пагадненні і дамовы не падпісваюцца аўтаматычна. Дыскусіі, кампрамісы і вытрымліванне паўзы з’яўляюцца неад’емнай часткай дыпламатычнай сцэны.

БНР як спроба ўпарадкаваць хаос

Давайце паспрабуем уявіць сітуацыю ў Мінску на пачатку 1918-га. Гэта быў горад шынялёў, насельніцтва якога значна вырасла коштам войскаў Заходняга фронту.

Між тым, голаду ў горадзе не было, бо Мінск пераўтварыўся ў велізарную тылавую базу. Але жорсткія трансфармацыі адбываліся вакол. У Еўропе знікалі старыя імперыі, на іх месцы ўзнікалі нацыянальныя дзяржавы. Абсалютны злом традыцыйных адносін у грамадстве абяцалі расійскія бальшавікі. Якой бы адметнай ні была ўнутрыбеларуская сітуацыя, яна ў значнай ступені паўтарала заканамернасці эпохі. Таму ўжо самі спробы ўпарадкаваць хаос, які нарастаў вакол, выклікаюць нашую павагу да дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ад вакольнага свету заснавальнікі Рэспублікі дамагаліся прызнання новай дзяржавы. Надзіва, міжнародная інфраструктура БНР была выбудавана хутка і шырака.

Адной з найбольш важных была Надзвычайная дыпламатычная місія ў Берліне, зарэгістраваная МЗС Германіі 4 мая 1919 г. У верасні 1919-га ў Рызе на базе кансулату БНР быў створана Вайскова-дыпламатычная місія ў Латвіі і Эстоніі. Вайсковыя справы займалі ў абедзвюх місіях важнае пытанне.

Адразу пасля заканчэння Першай сусветнай у нямецкіх лагерах для ваеннапалонных знаходзілася да 60 000 беларусаў. У Міжнародную камісію для ваеннапалонных і місію БНР у Берліне паступалі заявы ад жаўнераў-беларусаў, якія хацелі вярнуцца на Радзіму.

Пэўны час існавалі планы стварыць нацыянальныя вайсковыя аддзелы. Займацца іх фарміраваннем і падтрымліваць партызанскі «зялёны» рух на поўначы Беларусі мелася місія і ў Рызе, якая падтрымлівала плітычныя кантакты з корпусам Станіслава Булак-Булаховіча.

А найбольш актыўна ствараліся консульскія ўстановы: генеральны кансулат у Кіеве (пачатак працы 29.06.1918); у Адэсе (створаны ў жніўні 1918); у Рызе (створаны ў жніўні 1919); у Стамбуле (1919); кансулаты ў Берліне, Коўне, Варшаве, Празе, Капенгагене; консульскія аддзелы ў Бялградзе (1920) і Сафіі (1920).

Кансулат БНР у Стамбуле, 1921—1922 гг. Генеральны консул Іван Ермачэнка і сакратар

Але ж які статус мелі гэтыя прадстаўніцтвы?

1914—1920 — гэта перыяд масавых вымушаных міграцый у Еўропе. Сотні тысяч жыхароў Беларусі апынуліся па-за межамі свайго краю. Узнікалі пытанні з дакументамі. Расійская пашпартная сістэма была кансерватыўнай — да Першай сусветнай расійскія пашпарты не прадугледжвалі фота, якія актыўна ўклейвалі ў еўрапейскіх краінах. У выніку вайны і перамяшчэнняў многія грамадзяне пагублялі асабістыя пасведчанні. І адміністрацыі краінаў, дзе знаходзіліся беларусы-выгнанцы, самі былі зацікаўленыя ў ідэнтыфікацыі і легалізацыі асобаў.

У 1918 г. на замову Народнага Сакратарыята ў Берліне, у славянскай друкарні Язэпа Галеўскага, былі надрукаваныя бланкі для пашпартоў БНР. Прадстаўніцтвы БНР пачалі выдаваць пашпарты з фота, у тым ліку і дыпламатычныя. У снежні 1919 узнікаюць рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Рэвелі, Лібаве і Тамерфорсе… Адзін беларускі кансулат у Адэсе на чале з Сцяпанам Некрашэвічам зарэгістраваў 16 тысячаў заяў на атрымання пашпартоў БНР.

Пашпарт грамадзянкі БНР
Фота: Сяргея Гудзіліна

У Берліне дыпламатычная місія БНР, апроч пашпартоў, выдавала «ўрадавыя пасведчанні» былым ваеннапалонным-беларусам, па якіх можна было вярнуцца на радзіму.

Пашпарты БНР дазвалялі знаходзіцца ў Еўропе, атрымаць візу ў ЗША. Яны, дарэчы, легітымна функцыянавалі да канца 1920-х гадоў.

Чаму? Не будзем забывацца і пра зменлівасць палітычнай сітуацыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У Вільні штогод змяналася ўлада. Палітычныя рэжымы ў Кіеве чаргаваліся калейдаскапічна. Многія разлічвалі на падзенне бальшавіцкага ўраду ў Маскве. Хто мог гарантаваць, што БНР не замацуецца ў Менску?

Не варта наўпрост параўноваць замежныя прадстаўніцтвы БНР з сучаснымі пасольствамі і генеральнымі кансулатамі. Сёння статус гэтых прадстаўніцтваў рэгулюецца Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах 1961 г. А ў мінулым крыніцай дыпламатычнага права з’яўляліся дыпламатычныя звычаі, упершыню кадыфікаваныя на Венскім кангрэсе 1815 і на Аахенскім кангрэсе 1818.

Прынамсі два прадстаўніцтвы БНР, у Берліне і Рызе, адпавядалі дыпламатычнаму праву, якім яно склалася на пачатку ХХ ст. Яны мелі статус місій, сталых прадстаўніцтваў, хоць і былі рангам ніжэй за пасольствы.

Дыпламатычныя пляцоўкі БНР адчыняліся са згоды мясцовых уладаў і праходзілі тую ці іншую форму рэгістрацыі. Але застаецца пытанне — якім чынам яны фінансаваліся?

Мінская казна і гандаль з Украінай

Дзейнасць Рады і Народнага Сакратарыята БНР у Мінску ў лютым 1918 г. была магчымай дзякуючы мінскай гарадской казне. Беларускія чыгуначнікі не дазволілі бальшавікам вывезці яе падчас імклівай эвакуацыі зранку 19 лютага перад уваходам у горад кайзераўскіх войскаў. Чырвоных камісараў пратрымалі да паўдня, пакуль яны не з’ехалі без захопленага багажу.

Праўда, гэтую казну пазней канфіскавала нямецкае камандаванне.

Была яшчэ адна крыніца фінансавання, пра якую мала вядома.

Адміністрацыям Беларусі і Украіны ўдалося наладзіць у 1918 узаемны гандаль. Украіне былі трэба дэфіцытныя ў тым умовах лесаматэрыялы, дровы, запалкі, а Беларусі — мука, цукар, мыла. Гандаль ішоў праз Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве, створаную 25 красавіка 1918.

Палата рэгістравала ўсе тавары, якія вывозіліся з Украіны ў Беларусь, дзеля зніжэння мыта і цаны на іх. Нямецкае камандаванне, зацікаўленае ў нармалізацыі гаспадарчага жыцця на занятых тэрыторыях, паабяцала вызваліць гэтыя тавары, што перавозіліся чыгункай, ад рэквізіцыяў. У Мазыры, Лунінцы, Рэчыцы, Гомелі, Полацку і Оршы Беларуская цэнтральная гандлёвая палата адкрыла рэгістрацыйныя пункты тавараў.

Увогуле, украінскі фактар у час дзейнасці БНР уласна на тэрыторыі Беларусі патрабуе асобнага разгляду. Гэта было сталае сур’ёзнае супрацоўніцтва, хоць здараліся і тэрытарыяльныя спрэчкі, і кур’ёзы. Так,

12 красавіка 1918 камендатура Кіева канфіскавала па законах ваеннага часу аўтамабіль дэлегацыі БНР, што якраз прыбыла на перамовы пра межы.

Аўтамабіль так і не вярнулі, што сведчыла таксама пра слабыя пазіцыі ўкраінскай Цэнтральнай Рады, якая дажывала апошнія дні перад дзяржаўным пераваротам гетмана Скарападскага.

Але ёсць адзін сюжэт, які ўжо непасрэдна тычыца функцыянавання замежных прадстаўніцтваў БНР і ўдзелу беларускіх дэлегацый у міжнародных канферэнцыях.

Украіна была зацікаўлена ў існаванні суверэннай Беларусі. І калі ўладу ў Кіеве 14 снежня 1919 узяла Дырэкторыя, справа дайшла нават да прадастаўлення БНР дзяржаўнага крэдыту.

Адбылося гэта ў сакавіку 1919, калі ўрад БНР знаходзіўся ўжо ў Гродне, а Дырэкторыю ўзначальваў Сымон Пятлюра.

Агульная сума крэдыту дасягала 4 млн карбованцаў, частка з іх была сплочана адразу гатоўкай у суме 100 900 рублёў, а 3 млн аўстрыйскіх кронаў пераведзеныя ў Аўстра-Вугорскі банк.

Апроч таго, 1 млн 666 тыс. нямецкіх марак былі пераведзеныя ў «Берлінер Райхс-Банк» па акрэдытыве на імя Вацлава Ластоўскага. З гэтымі грашамі якраз і ўзніклі праблемы. Калі прэм’ер урада БНР Ластоўскі прыбыў у Берлін па дарозе на Парыжскую мірную канферэнцыю, ён не змог атрымаць гэтыя сродкі. Напярэдадні на запатрабаванне Савецкага ўраду нямецкія ўлады замарозілі ўсе ўкраінскія актывы.

Ластоўскі месяц чакаў вырашэння фінансавых праблем, а тым часам на перамовах у Парыжы вырашаўся лёс народаў пасляваеннай Еўропы…

Вось за гэты ўкраінскі крэдыт на працягу 1919—1920 гадоў змагла дзейнічаць частка інстытуцый БНР. Наколькі вядома, ён не быў вернуты. У будучыні гэта справа можа быць добрай нагодай для сімвалічнага і ўрачыстага вяртання Укране крыдыту БНР. Але толькі ўзамен на сканфіскваны аўтамабіль сістэмы «Вазэт» № 4370.

Але як былі справы з прызнаннем БНР?

Такім чынам, мы высветлілі, што прадстаўніцтвы, пашпарты, замежнапалітычныя сувязі новаабвешчаная беларуская дзяржава мела. А што ж з міжнародна-прававым статусам?

Пры канцы Вялікай вайны мала якія з абвешчаных дзяржаў маглі адпавядаць усім крытэрыям прызання. Дый самі крытэрыі і працэдура прызнання будзе прапісана толькі ў 1933 у «Канвенцыі аб правах і абавязках дзяржаваў» у Монтэвідэа.

Апроч таго, што існуюць стадыі прызнання de facto i de iure, падзяляюцца працэдуры прызнання ўраду і дзяржавы.

Меўшы мінамальнае поле для манеўру, дзеячы БНР настойліва імкнуліся здабыць міжнародны статус для сваёй краіны. У балтыйскіх суседзяў і ў Савецкай Расіі гэты працэс таксама заняў ад двух да пяці гадоў.

Перамовы дыпламатаў БНР адбываліся з афіцыйныі асобамі Германіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Чэхаславакіі, Польшчы, Азербайджану, Грузіі, але прайсці ўсе стадыі міжнародна-прававога прызнання БНР не паспела. А пасля эвакуацыі структур Рэспублікі з тэрыторыі Беларусі ў 1919 дасягнуць гэтага стала зусім праблематычна.

І ўсё ж у гэтай драматычнай гісторыі ёсць эпізод, які сведчыць, што патэнцыял быў.

У снежні 1919, калі ў занятым ужо польскімі войскамі Мінску справа дайшла да расколу Рады БНР, прэзідэнт Фінляндыі Каарла Юха Стольберг падпісаў дэкрэт аб прызнанні Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі законнай уладай краю.

Паведамленне фінскай штодзённай газеты Aamulehti аб прызнанні de facto Фінляндскай рэспублікай ураду БНР (16.12.1919). Выявіў Сяргей Шупа

Падобнага акту не ўдалося атрымаць нават ад уладаў УНР — украінцы ў 1918 г. былі звязаныя абавязкамі Германіі перад Савецкай Расіяй не прызнаваць новыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі былой Расійскай імперыі.

Але падпісаныя дамовы і атрыманыя згоды на функцыянаванне прадстаўніцтваў дазваляюць казаць, што пэўнай стадыі прызнання ўраду БНР удалося дасягнуць: выразнага прызнання (вуснай дэкларацыі) Украінскай Дзяржавы (урада гетмана Паўла Скарападскага) увосень 1918; меркаванага прызнання з боку Германіі, Латвіі, Літвы, Чэхаславакіі, Эстоніі; умоўнага прызнання з боку Польшчы.

З аналізу міжнароднай дзейнасці БНР мы можам зрабіць выснову — феномен Беларускай Народнай Рэспублікі не абмяжоўваецца толькі дэкларацыяй альбо рамантычнымі летуценнямі. У цяжкай сітуацыі дзеячы БНР здолелі наладзіць прагматычную працу.

Дапамога ваеннапалонным, выдача дакументаў і легалізацыя беларускіх грамадзянаў у замежжы, наладжаванне гандлёвых зносін — захінутыя праблематыкай акупацый і палітычнага супрацьстаяння сюжэты. А да іх варта звяртацца часцей.

Алег Дзярновіч, «Наша Нiва»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]