Наша гісторыя — нібы пыл, але прыгледзішся — убачыш сапраўднае золата.
Штогод па ўсёй краіне ў найбліжэйшыя да Міжнароднага дня помнікаў і мясцін (18 красавіка) выходныя можна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі ад вядомых прафесійных гідаў, а таксама апантаных краязнаўцаў, даследчыкаў і экскурсаводаў-аматараў, пишет «Новы Час».
Стваральнік «Фэста экскурсаводаў» Павел Каралёў — сёння вядомы экскурсавод, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і заснавальнік галоўнага краязнаўчага свята Беларусі «Фэст экскурсаводаў», можа дакладна назваць дату, калі ён сустрэўся са Спадчынай. Гэта адбылося ў 2002 годзе на рыцарскім фестывалі ў Наваградку.
«У найпрыгажэйшым месцы з выдатнымі ландшафтамі і шыкоўнымі помнікамі архітэктуры праходзіла густоўная дзея з рыцарамі, дамамі, старажытнай музыкай. Тады ў мяне здарылася сапраўдная любоў, і пасля гэтага я пачаў сам ездзіць па Беларусі», — узгадвае Павел.
Тады ж узніклі два супярэчлівыя пачуцці: адно з іх — гонар за мінулае краіны, другое — расчараванне і скруха ад таго, што спадчына занядбаная. І Павел, тады яшчэ другакурснік-музеязнаўца Універсітэта культуры і мастацтваў, стварыў пры альма-матэр гісторыка-краязнаўчае таварыства «Этна», якое займалася ў тым ліку і аховай гістарычных помнікаў. За час існавання таварыства шмат чаго было ў грамадскім і асабістым жыцці Паўла: і досыць паспяховыя праекты, і поўнае прызнанне свайго бяссілля, і вандроўка аўтаспынам у Тыбет, і прыход да веры. Прыкладна тады ж, ужо будучы аспірантам, Павел задаўся пытаннем: што карыснага ён можа зрабіць уласнымі сіламі дзеля аховы помнікаў гісторыі і культуры? І нарадзілася ідэя «Фэста экскурсаводаў» — свята бясплатных вандровак, якое за дзевяць гадоў існавання ўпадабалі тысячы беларусаў.
— Я падзяліўся ідэяй са сваімі сябрамі Раманам Абрамчуком і Цімафеем Акудовічам, якія яе падтрымалі. Падчас першага Фэста нам самім было цікава, ці прыйдуць людзі на экскурсіі. Іх было яшчэ не так шмат, як цяпер, але людзі прыйшлі — ідэя спрацавала.
З таго часу штогод па ўсёй краіне ў найбліжэйшыя да 18 красавіка, Міжнароднага дня помнікаў і мясцін, выходныя можна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі ад вядомых прафесійных гідаў, а таксама апантаных краязнаўцаў, даследчыкаў і экскурсаводаў-аматараў.
— Цяжка сказаць, ці паўплываў на гэта Фэст, але я бачу, што людзі цяпер больш ведаюць пра аб’екты спадчыны, павялічылася да іх цікавасць. «Фэст экскурсаводаў» — гэта не будоўля, вынік якой можна адсачыць па вышыні сцен. Але я неаднойчы сустракаў людзей, якія казалі, што ім спадабаўся Фэст, і лічу, што нейкую «цаглінку» ў іх свядомасць мы заклалі. І пакуль ёсць пустэча ў веданні і шанаванні свайго, «Фэст экскурсаводаў» будзе актуальны.
«Лёс Еўропы вырашаўся ў Беларусі»
Павел мяркуе, што свята экскурсій можа быць і пэўным штуршком да таго, каб грамадства пачало рупіцца аб захаванні спадчыны, стан якой у нашай краіне вельмі неадназначны. Бо пакуль яшчэ многія беларусы не імкнуцца не тое што захоўваць, а нават ведаць пра помнікі, якія побач.
— У іх яшчэ не адбылася тая сустрэча са Спадчынай, якая б змяніла жыццё. Пакуль многія жывуць адным днём, аднак, калі б мы накіравалі свае погляды да гісторыі, то вельмі моцна ўзбагаціліся б — і ведамі, і гонарам, і самасцвярджэннем. Гэта вельмі дапамагае моцна трымацца на нагах. Узяць гісторыю любога населенага пункта — уражвае, наколькі яна глыбокая. Часам, калі я рыхтуюся да экскурсій, лаўлю сябе на думцы, што гістарычныя звесткі лепшыя за любы выдуманы раман. Калі чытаеш пра пераправу Напалеона праз Беразіну пад Барысавам, — гэта найлепшы прыгодніцкі аповед! Фактычна, лёс Еўропы вырашаўся ў Беларусі, і трэба ганарыцца гэтым! А ў нас гісторыя — нібы пыл пад нагамі, але калі да яго прыгледзішся — убачыш сапраўднае золата, якое можа прынесці дывідэнды і ў сферы турызма, і ў выглядзе ўмацавання нацыянальнай годнасці, якой бракуе.
Ад Клімавічаў да Мадрыда
Папярэднія пакаленні беларусаў навучалі людзі, якія не закладалі ў іх гэтае пачуццё. Таму падчас «Фэста экскурсаводаў» можа адбыцца тое самае рамантычнае спатканне з чароўнай паннай Гісторыяй, якая жыве зусім побач. Павел упэўнены, што калі чалавеку аднойчы паказаць звыклую рэч з іншага боку, распавесці яе гісторыю, прыадкрыць таямніцу, — яго свядомасць зменіцца.
Сёлета асноўныя вандроўкі «Фэста экскурсаводаў» пройдуць 21 — 22 красавіка, хаця першыя экскурсіі стартавалі яшчэ 13 красавіка. Наведвальнікаў чакаюць сотні бясплатных і самых разнастайных шпацыраў па ўсёй краіне і за мяжой. Гістарычныя цэнтры і мікрараёны, храмы і паркі, кавярні і могілкі, тэмы мастацтва, габрэйства, рэпрэсій, БНР, маршруты на роварах і на замежных мовах…
У Фэста-2018 адразу некалькі адметнасцяў: упершыню падчас яго пройдзе Беларуская інтэлектуальная гульня, адбудзецца вандроўка з выкарыстаннем мабільных прылад (яны дазволяць на сучасных вуліцах Мінска ўбачыць старыя будынкі, якія не захаваліся), а таксама Фэст экскурсаводаў сягне за мяжу — там яго будуць праводзіць мясцовыя беларусы. Па некалькі беларускіх экскурсій чакаюцца ў Вільні і Варшаве, будуць экскурсіі ў Празе, Даўгаўпілсе, Львове, Беластоку і нават у Мадрыдзе.
— Нічога дзіўнага, і там ёсць «беларускі след». У Мадрыдзе, у музеі Прада захоўваюцца многія творы мастацтва з калекцыі каралевы Марыі, жонкі Людовіка ІІ Ягелончыка. Гэтая жанчына па смерці мужа больш не выйшла замуж, і, нягледзячы на прапановы новага шлюбу, захавала вернасць мужу і належную памяць пра яго. Апроч таго, у Мадрыдзе жыў і быў пахаваны апошні ўладальнік Мірскага замка Аляксандр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі.
Не ўсё вырашаюць грошы
Аналагаў «Фэста экскурсаводаў» няма нідзе ў свеце. Нешта падобнае ёсць ва Украіне, але значна менш маштабнае, прымеркаванае да Дзён еўрапейскай спадчыны. Павел марыць, каб ідэю Фэста падхапілі ў іншых краінах, і тады можна будзе ганарыцца, што свой пачатак ініцыятыва займела ў Беларусі.
Калі казаць шчыра, то тэма гісторыка-культурнай спадчыны не самая папулярная і непрыбытковая. «Фэст экскурсаводаў» не прыносіць фінансавай карысці, арганізатары ўкладаюць у яго ўласныя грошы, шукаюць спонсараў, якія маглі б пакрыць хоць нейкія выдаткі. Але Павел перакананы, што «Фэст экскурсаводаў» павінен быць бясплатным для наведвальнікаў. Хаця ў норме можа быць нейкая падзяка за вандроўку экскурсаводу — па жаданні экскурсантаў.
Ініцыятыва бясплатных экскурсій не сустракае перашкод: гэтая ніша нікім не занятая, і цяпер «Фэст экскурсаводаў» нават уключаны ў Дзяржаўную праграму Міністэрства спорту і турызму «Гасцінная Беларусь». Пры гэтым рэалізацыя Фэста ляжыць цалкам на яго арганізатарах. Як паказвае досвед, для гэтага зусім не абавязкова мець фінансавую падтрымку дзяржавы. Ідэйна ж мерапрыемства падтрымліваюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», ГА «Беларускi фонд культуры».
— Грамадства само мусіць быць творчым, актыўным і рэалізоўваць свае ідэі нягледзячы на тое, што нехта лічыць іх малаверагоднымі. Толькі дзякуючы гэтаму Беларусь стане той, якой мы хочам яе бачыць, — кажа Павел Каралёў.