Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Энтузіясты адновяць 450-гадовую гравюру Горадні з дапамогай кампутарных тэхналёгій

25.04.2018 общество
Энтузіясты адновяць 450-гадовую гравюру Горадні з дапамогай кампутарных тэхналёгій

450-гадовую гравюру Горадні называюць «гонарам Беларусі».

Група аматараў гісторыі з Горадні і Менску рыхтуецца аднавіць з дапамогай сучасных тэхналёгій унікальную 450-гадовую гравюру Горадні, якую называюць «гонарам Беларусі». Неабходныя дзеля гэтага 1900 рублёў ужо сабралі на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej, паведамляе «Радыё Свабода».

Першую гравюру з выявай беларускага гораду надрукавалі ў Нюрнбэргу

Сёлета спаўняецца 450 год, як упершыню ў гісторыі была надрукавана праўдзівая выява беларускага гораду — Горадні. Гэта адбылося ў Нюрнбэргу ў 1568 годзе. На панараме Адэльгаўзэра-Цюнта — Фара Вітаўта, Стары замак, Каложа і іншыя гістарычныя аб?екты.

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта

Менавіта круглая дата і прыцягнула ўвагу горадзенскага гісторыка Аляксандра Перагудава, які заняўся падрабязным вывучэньнем гравюры. А пасьля першых публікацыяў абазвалася менская майстэрня imago.by — так супольна нарадзіўся праект «Анёлы над горадам».

Аляксандар Перагудаў

«Час стварэньня, памеры — даўжыня выявы трохі большая за мэтар, а шырыня 36 см — робяць яе ўнікальнай для ўсёй Усходняй Эўропы, бо ў той час гравюраў такіх памераў было зроблена вельмі мала, — кажа Перагудаў. — На ёй адлюстравана больш за 200 асобаў, і акрамя архітэктуры паказана штодзённае жыцьцё мяшчан ва ўсім ягоным калярыце».

Паводле суразмоўцы, гравюры складана знайсьці аналяг ня толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсёй Эўропе. Больш за тое, дадае гісторык, такой панарамы ў той час ня мела нават Вільня — сталіца ВКЛ.

«Гэта сапраўдны брэнд Горадні, кажучы сучаснай мовай. А наагул гэтая гравюра — гонар усяе Беларусі», — падкрэсьлівае гісторык.

Чаму менавіта «Анёлы над горадам»?

Паводле Валянціны Андрэевай, якая прадстаўляе imago.by, унікальнасьць горадзенскай гравюры зацікавіла іх майстэрню адразу. Праект назвалі «Анёлы над горадам» — паводле адметнай мастацкай дэталі.

Гэта адзіная гравюра, на якой сустракаюцца выявы анёлаў — аналягаў папросту не існуе ў гравюрах таго часу, — кажа Андрэева. — А горадзенскія анёлы — з выразнымі тварамі, яны трымаюць каралеўскі герб над Горадняй, нібыта яе баронячы. Гэта вельмі моцны сымбаль, і горадзенцы лёгка могуць даць ім імёны».

Тэхналёгія аднаўленьня гравюры дазволіць зрабіць дакладную факсымільную копію

Паводле Андрэевай, у каманды imago.by ёсьць досьвед стварэньня факсымільных копій, і цяпер перад імі стаіць задача надрукаваць гравюру з адноўленай матрыцы і займець уласную выяву, прыдатную для якаснага друку і вольную ад аўтарскіх правоў любых архіваў і сховішчаў.

Як на прыклад яна спасылаецца на ўжо аддрукаваную факсымільную копію мапы сьвету Джавані Андрэа Вавасорэ 1520-х гадоў. Асобнікі рэканструяванага рарытэту энтузіясты бескаштоўна перадалі ў Нацыянальную бібліятэку і Нацыянальны гістарычны музэй.

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта

Зараз перад ёй і калегамі стаіць ня менш складаная задача. Напачатку трэба будзе выкупіць даступныя лічбавыя копіі гравюры з розных архіваў сьвету.

«Потым супаставіць гэтыя адбіткі, змадэляваць з дапамогай сучасных кампутарных тэхналёгій выяву клішэ, зь якога яны друкаваліся. Гравюра будзе надрукаваная наноў, новы адбітак — адсканаваны і зьмешчаны ў вольным доступе», — кажа спадарыня Валянціна.

Пасьля таго як панараму надрукуюць на ручным прэсе, атрымаецца вельмі дакладная выява ў арыгінальным памеры. Яе плянуецца перадаць у Горадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.

«І паколькі новы адбітак будзе зьмешчаны ў свабодным доступе, то гэтая выява ў розных памерах неўзабаве можа зьявіцца ў кожным доме ў прыгожых рамках, каб нагадваць нашу эўрапейскую гісторыю», — кажа спадарыня Валянціна.

Ці адзначаць горадзенскія ўлады 450-годзьдзе гравюры Адэльгаўзэра-Цюнта?

Журналісты горадзенскага інфармацыйнага рэсурсу Hrodna.life прапанавалі ўладам адзначыць 450-годзьдзе першай гравюры з выявай Горадні падчас фэсту нацыянальных культур, які адбудзецца ў чэрвені.

Журналісты нават апублікавалі прыблізны сцэнар імпрэзы. Прапаноўвалася, сярод іншага, усталяваць на агляднай пляцоўцы на вуліцы Дарвіна інфармацыйныя стэнды з гістарычнымі выявамі Горадні, у тым ліку і з гравюрай 1568 году. На сьцяне будынка ў гістарычным цэнтры разьмясьціць яе буйнафарматную копію. Правесьці паводле сюжэту гравюры вулічнае анімаванае шэсьце ці гістарычную рэканструкцыю «Сустрэча пасольстваў».

Гарадзкія ўлады, як кажа рэдактар сайту Аляксей Шота, на ініцыятыву пакуль не адрэагавалі.

«Відавочна, што ніякай зацікаўленасьці, на жаль, горадзенскія ўлады да нашай прапановы не праявілі. Ім гэта, відаць, непатрэбна», — сказаў Свабодзе Шота.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]