Пакуль толькi на габэлене.
Габэлен пад назвай «Горадзенская ратуша 1784» выстаўлены на паказ у абласным мэтадычным цэнтры народнай творчасьці. Яго аўтары — брат і сястра Алена і Яўген Шунейкі. Памер габэлена — 105?190 сантымэтраў, паведамляе «Радыё Свабода».
«Хацелася ўвекавечыць помнікі, якіх ужо няма, асабліва ратушу...»
Аўтары задумалі зрабіць габэлен, прысьвечаны зьніклым горадзенскім помнікам, некалькі гадоў таму. Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён падрыхтаваў кампазыцыю і малюнак габэлена, а ткала ягоная сястра.
Паводле Алены Шунейкі, праца над габэленам працягвалася больш за год.
У цэнтры кампазыцыі — Горадзенская ратуша, на якой значыцца дата — 1784. А таксама на габэлене:
• герб гораду з аленем сьвятога Губэрта,
• Фара Вітаўта — першы горадзенскі касьцёл, які ўзарвалі бальшавікі ў 1961 годзе,
• палац Радзівілаў, які разабралі на цэглу, як і ратушу, напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя,
• Фарны касьцёл,
• будынак першай аптэкі,
• Каложа і яшчэ некалькі будынкаў.
«Я вельмі люблю Горадню, і мне хацелася найперш увекавечыць горадзенскія помнікі, якіх ужо няма. Асабліва ратушу, якая была сапраўдным сымбалем магдэбурскай Горадні, — кажа Алена Шунейка. — А ў выніку атрымалася, што ў нас увесь цэнтар гораду».
Спадарыня Алена кажа, што твор выкананы традыцыйнай тэхнікай аднабаковага пераборнага ткацтва. Рамантычны характар кампазыцыі надалі колеры на фоне сонца, якое ўзыходзіць.
«Ратуша — гэта тое, што рабіла наш горад эўрапейскім...»
Мастацтвазнаўца і культуроляг Тацяна Маліноўская кажа, што гэта першы прафэсійны твор мастацтва ў Горадні, які гэтак увекавечвае гістарычную памяць.
«За доўгія гады да тэмы ратушы чамусьці ніхто не зьвяртаўся. Хоць на пачатку 90-х горадзенскі архітэктар Лытаў маляваў эскізы аднаўленьня ратушы, але ягонай скончанай працы грамадзкасьць гораду так і не пабачыла», — кажа мастацтвазнаўца.
Паводле культуроляга, ратуша была сымбалем вольнага гораду.
«У гэтым будынку засядалі радцы, лаўнікі, якія вырашалі гарадзкія праблемы, зацьвярджалі бюджэт і кірункі разьвіцьця. Гэта тое, што рабіла наш горад эўрапейскім. А ў сёньняшняй Горадні, як і ўва ўсёй краіне, на жаль, такія рэчы не зусім актуальныя», — кажа Маліноўская.
Паводле спэцыяліста, адна з эстэтычных асаблівасьцяў габэлену — ягоныя колеры: пераходныя тоны, адценьні ружовага, фіялетавага, сіняга, чырвонага.
«З аднаго боку, кампазыцыя нібы клясычная, а праз колеры яна становіцца эмацыйна-выразнай і цёплай», — кажа мастацтвазнаўца.
Паводле Маліноўскай, Алена Шунейка — адзіны ў Горадні прафэсійны носьбіт ткацтва — элемэнта нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесенага ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.