У паседжанні бралі ўдзел 37 чалавек.
28 красавіка 2018 года чарговы Сойм Руху Салідарнасці “Разам” пачаўся з узнагароджання сябраў і прыхільнікаў арганізацыі, якія на юбілейны Дзень Волі праявілі асабістую мужнасць і незаконна былі падвергнуты рэпрэсіям з боку сённяшняй улады, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Па першым пытанні парадка дня “Аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі” выступілі сябры Сойма Уладзімір Халіп і Аляксей Марачкін. Пасля абмеркавання, у якім прынялі актыўны ўдзел Вячаслаў Сіўчык, Мечыслаў Бурак, Валеры Мазынскі, Леанід Кулакоў, Мікола Савіцкі, Ігар Леднік, Алена Талстая і іншыя, былі прынятыя 5 заяваў Сойма Руха Салідарнасці “Разам”: “Аб святкаванні 100-годдзя беларускай дзяржаўнасці”, “Годна адзначым 155-ю гадавіну Вызвольнага Паўстаньня!”, “Свабоду Святаславу Барановічу!”, “Аб падтрымцы патрабаванняў бацькоў да міністэрства адукацыі”, “Не – дэкрэту № 1!”.
Акрамя таго, было прынята рашэнне аб вылучэнні сябра Сойма Руха Салідарнасці “Разам” Генадзя Драздова ў ініцыятыўную групу Канстытуцыйнай Камісіі.
Па другім пытанні – “Аб магчымых зменах у дзейнасці Руха Салідарнасці “Разам” і даце правядзення чарговага ІV з’езда арганізацыі”, – выступіў сябра Сойма Вячаслаў Сіўчык, які абгрунтаваў неабходнасць правядзення З’езда сёлета. Таксама прапанаваў да з’езда абмеркаваць перафарматаванне кірункаў дзейнасці арганізацыі, сфармуляваўшы магчымую галоўную мэту Руха: “Палітычная барацьба з расейскім імперыялізмам”, пры гэтым вылучыўшы тры асноўныя задачы:
- аднаўленне гістарычнай памяці беларускага народа;
- супраца Беларусі з іншымі краінамі Міжмор’я;
- барацьба за вызваленне палітвязняў.
Падтрымаўшы даклад, Сойм прыняў рашэнне аб правядзенні у 2018 годзе ІV З’езда і чарговага Сойма ў першай палове чэрвеня, якія павінны вызначыць дату і месца З’езда.
Напрыканцы паседжання былі анансаваныя бліжэйшыя мерапрыемствы Руха, у тым ліку: традыцыйная акцыя ў Курапатах ў нядзелю, 29 красавіка, а 18-й гадзіне, а таксама „Астравецкі Шлях”, які адбудзецца 26 траўня ў Заслаўі, і які ладзіцца Рухам супольна з партыяй “Зялёныя”.