З выпадкова падслуханага і падгледжанага.
— Сонейка прыгрэла, зямлю адпусціла — самы час у агарод ісці, — з умешкай кажа жанчына сталага веку, паглядаючы за акно аўтобуса на дачныя ўчасткі.
Не вытрымліваю і ўстаўляю свае пяць грошай пра тое, што сёння агароды ізноў набываюць даўнейшы сэнс.
Жанчына не дае дагаварыць:
— Так! Агарод ужо не гімнастыка, як пару год таму, цяпер гэта выжыванне. Хто ж без агарода працягне на такую зарплату ды пенсію?!
***
Сцэна на рынку. Маладая пара прыглядаецца да гародніны:
— Польскія памідоры? З нітратамі? А іх так рана можна есці?
— О! Чырвоныя ягады. Возьмем?
— Дзе ты бачыш ягады?
— Ды вунь, у мяшку.
— Дык гэта радыс. Радыс — гэта не ягады, а… як яго… карняплод.
— Ды ну!
***
Уздоўж адной з заслаўскіх вуліц ляжаць акуратныя гурбачкі смецця. Суботнік прайшоў — смецце засталося.
— Хай бы ўжо зусім не прыбіралі! Зараз пазарастаюць травой гэтыя кучы, — абурана кажа пенсіянерка сваёй сяброўцы. Тая пагаджаецца:
— Адна паказуха. Выйшлі натоўпам, падскрэблі леташнія лісты, фатаграфію зрабілі — і па дамах.
***
— На Захадзе ўсё не так, як у нас. Той жа хлеб ці булачкі ў краме раніцай будуць адну цану каштаваць, а прыйдзі вечарам — возьмеш за паўцаны. Бо ўжо нясвежае, заўтра ніхто не возьме. А вопратка на акцыях якая танная! А ў нашыя крамы без 30-40 рублёў па прадукты не ідзі. Акцыі нейкія робяць, але там чорт нагу зломіць, калі пачнеш разбірацца — выгадна ты купіў, ці сам сябе надурыў. На Захадзе ўсе не так, — кажа пенсіянерка ў аўтобусе.
І дадае: «Сама бачыла, калі ў 1990-м да цёткі ў Амерыку лятала».
***
За агароджай вясковых могілак працуе трактар — сяўба. Пад’язджае УАЗік з аграномамі. Дзядзькі выходзяць, перамаўляюцца з трактарыстам, а пасля старэйшы ідзе да машыны і вяртаецца да сваіх з букетам штучных кветак. Заўтра будзе Радуніца. Аграномы ідуць між магілаў.
— Вунь дзе Іванавіч ляжыць, — паказвае старэйшы.
Кампанія спыняецца каля магілы памерлага колькі год таму калегі. Ставяць у вазу кветкі, паўхвіліны маўчаць і сыходзяць далей па прыбраных могілках.
Сямён Печанко, «Салідарнасць»