Якія толькі часы не перажывала беларуская мова. Перажыве і гэтыя.
Прыйшла ў адзін са сваіх клясаў на замену беларускай літаратуры. І такая гутарка ў нас распачалася — званок зьвініць, а мы шчэ на самай сярэдзіне. Добра, кажу, давайце на маёй, на расейскай літаратуры працягнем.
«Надеюсь, на русской литературе мы продолжим по-русски?» — пытаецца хлапец. «Не, па-беларуску, — адказваю. — Мову гутаркі не мяняюць — акцэнты страцяцца». «Но на русской литературе положено говорить по-русски!» — бурчыць суразмоўца.
На гэтую рэпліку адгукаецца хлопец зь першай парты: «У нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы. На якой пажадаем, на такой і будзем».
Я люблю іх абодвух: і таго, што бурчыць, і таго, што абярнуў звычайны штамп у нечаканы бок. І астатніх люблю: тых, хто слухае, тых, хто ня слухае, тых, хто моршчыцца ад беларускага слова, і тых, хто прыслухоўваецца.
Мне падабаецца, што гэты дыскурс дыскутуецца і выклікае эмоцыі. Мне падаецца, у гэтым ёсьць нейкае своеасаблівае шчасьце сёньняшняй беларускай мовы: яна становіцца мовай моцных, цікаўных, інтэлектуальных, сьмелых.
Мне ня надта верыцца ў тое, што праз дваццаць, трыццаць, нават праз пяцьдзясят гадоў беларуская мова стане агульнай мовай грамадзянскай супольнасьці Рэспублікі Беларусь — але ў тое, што яна стане мовай культурнай эліты, мовай адукаваных людзей, я веру.
Ня ведаю, добра гэта ці дрэнна. Напэўна, ня надта добра. Але, думаецца, ня надта і дрэнна. Якія толькі часы не перажывала беларуская мова. Перажыве і гэтыя.
Ганна Севярынец, «Радыё Свабода»