У грамадстве, хоча гэтага нехта ці не хоча, заўсёды застаецца жыць прага справядлівасці.
У Беларусі пра міласэрнасць афіцыйна ўспамінаюць нячаста, хоць гэта адна з нормаў чалавечага жыцця. Звычайна правіцель перад навагоднім святам, пасля таго як у няпростым выжыванні людзі неаднойчы «падціснулі тужэй папругі», заклікае іх «стать более чуткими, заботливыми, внимательными и милосердными».
Падстаў для таго, каб агулам лічыць беларусаў нячулымі, неспагадлівымі, няўважлівымі і занадта жорсткімі, няма. Мы такія ж, як і ўсе народы нашай планеты. Сярод нас ёсць розныя індывіды, у тым ліку і мярзотнікі, але маральныя паводзіны пераважнай большасці — нармальныя. Пра гэта сведчыць тое, што заклікі ў СМІ дапамагчы цяжка хворым дзецям і дарослым не застаюцца «гласом вопиющего в пустыне».
Іншая справа, што міласэрнасць на пустым месцы ніколі не ўзнікае. Для клопату пра людзей, якія трапілі ў складанае становішча, акрамя добрага, спачувальнага слова, што таксама заўжды дарэчы, патрэбны фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы. А якраз іх у асноўнай масы насельніцтва мала. Пра якую міласэрнасць можа ісці гаворка, калі многія сем’і забяспечваюць сабе толькі сціплае харчаванне і аплату камунальных паслуг? Пакупная здольнасць жыхароў краіны ўпала да такой ступені, што забілі трывогу нават вытворцы і гандлёвыя арганізацыі. Альтруістамі яны ніколі не слылі, бо кожны хоча мець найбольшы прыбытак, ды даводзіцца наступаць сабе на горла і зніжаць кошты на асобныя прадукты і тавары. Шкада, што часам за дзеяннямі, нібыта і станоўчымі для безграшовых грамадзян, усё роўна хаваюцца жульніцтва і махінацыі, але факт застаецца фактам...
Жыць мільёнам людзей стала цяжка. Тым не менш, сцвярджаю: збяднелыя беларусы масава ўдзельнічаюць у «міласэрнасці». Што за парадокс, якім жа чынам? Вельмі проста — праз падаткі, бо з іх складаецца дзяржаўны бюджэт. Праўда, аб’ектам такой міласэрнасці, якая адбываецца без дазволу грамадзян, становяцца не тыя, каму сапраўды патрэбна дапамога.
Сёння дзяржава і яе бюджэт практычна прыватызаваны правіцелем і кланам бліжэйшых да яго чыноўнікаў. Такога дзікунскага разгулу валюнтарызму і несправядлівасці ў стаўленні да розных галін жыццядзейнасці і сацыяльных пластоў насельніцтва раней не было. Узятая на ўзбраенне «міласэрнасць за чужы кошт» у час аўтарытарызму набыла маштаб панэпідэміі.
Безумоўна, што рынак, які, дарэчы, у Беларусі катастрафічна недасканалы, дыктуе сваю сістэму налічэння зарплат розным катэгорыям працаўнікоў. Але чаму рынкавыя стасункі пераносяцца ў іншую сферу? Няўжо гэта нармальна, калі ідэолаг(!) філіяла дзяржаўнага прадпрыемства ў Баранавічах атрымлівае зарплату 1000 рублёў, а фрэзероўшчык — 265 рублёў? Прорва, якая вырасла паміж заробкам кіраўнікоў і простых рабочых, служачых, шакіруе.
Выдатны расійскі артыст тэатра і кіно А. Басілашвілі наконт цяперашняй сітуацыі заўважыў: «Однажды кто-то из депутатов сказал: «Надо признать, что мы строим капитализм». У меня волосы встали дыбом: можно ли сказать, что народ живет при капитализме? Мне кажется, нет. При социализме? Тоже нет. В советской системе? Она ушла в прошлое. Тогда где мы, с кем? Это вопросы закономерные, важные как для государства, так и для каждого человека в отдельности».
У СССР розніца паміж нізкімі і высокімі зарплатамі бюджэтнікаў была ў прапорцыі — адзін да трох. Прыкладна так выглядалі і памеры пенсій. Я не заклікаю лічыць той час эталонным, але хоць нейкая справядлівасць усё ж існавала.
Сёння за кошт грамадзян-пенсіянераў, якім налічылі ўраўніцельныя пенсіі (ад 250 да 350 рублёў), раскашуе пласт былых чыноўнікаў, дэпутатаў, сілавікоў, іншай прыўладнай чэлядзі, чые паслугі па захаванні на троне правіцеля ацэнены ў 4 — 6 разоў вышэй, чым праца бюджэтніка — вучонага, выкладчыка, настаўніка, урача. Цікавішся, чым жа вызначыўся чалавек, што яму так пашанцавала? Аказваецца, працаваў пры цяперашнім правіцелі. Але ж мы служым Айчыне, а не канкрэтным людзям. Інакш — гэта рабства або прыгон.
Дагэтуль яшчэ значны пласт насельніцтва яўна завышае арганізатарскія якасці і магчымасці вярхушкі аўтарытарнай улады. Ён малюе ў сваім уяўленні герояў, якія ў складаных умовах выцягваюць краіну да лепшага жыцця. Нездарма члены БРСМ, што «сядзяць» на дзяржаўным бюджэце, з гонарам расказваюць замежным карэспандэнтам: «Здесь все стабильно. Здесь все предельно ясно». Але гэта тыповае фарысейства. Стан краіны катастрафічна хісткі, і гэта бачаць нават такія захрыбетнікі. Лозунг пра «стабільнасць» патрэбен прыўладнай «эліце», якая выкарыстоўвае яго для набівання кішэняў. Усё ў рэальнасці адбываецца наадварот, улада заблытала наша жыццё, засыпала яго з галавой указамі, дэкрэтамі, інструкцыямі. Чыноўнікі марнуюць на пустое свой час і намаганні мільёнаў замбіраваных людзей. Навошта такая «стабільнасць»?
Улада за чвэрць стагоддзя не змагла згуртаваць грамадства, узняць эканоміку, вывесці людзей з беднасці. Бачна, што выправіць сітуацыю ёй не па сілах, паводле аналізу незалежных экспертаў Беларусь разам з Расіяй будзе і далей таптацца на месцы або адпаўзаць у змрочнае мінулае.
Адзінае, што рэальна можна зрабіць, дык гэта — калектыўным пратэстам спыніць валюнтарызм, самаўпраўства правіцеля і чыноўнікаў. Аплата працы дзяржаўных служачых і ўсіх бюджэтнікаў, памеры іх пенсій несумненна патрабуюць перагляду, чаго і трэба дамагацца.
Чалавек — гэта істота, якая павінна жыць паводле сумлення. Але ў многіх людзей сёння яно знаходзіцца ў зародкавым стане або яго зусім няма. Культ улады і грошай, народжаны і замацаваны пры аўтарытарызме, прывёў да таго, што абсалютна пасрэдныя асобы патрабуюць ад грамадства ўвагі і нават любові, сумленне стала таварам, які прадаецца:
Ёсць раўнавага ў спрадвечнай прыродзе,
Рэдка калі надараецца збой.
Існае з круга быцця не выходзіць,
Кожны трымаецца нішы сваёй.
А чалавек на такое не згодны,
Прагне надбаўкі настойліва ён:
Ехаць жадае ў купэ міжнародным,
Хоць заплаціў за агульны вагон.
Апошнім часам стала звычайным, што міласэрнасці просяць алігархі, банкіры, іншыя багацеі, якіх «прыціснула» санкцыямі. Агідна слухаць, калі аўтакраты і прыслужніца-прапаганда балбочуць пра нелегітымнасць такіх дзеянняў супраць Расіі і Беларусі. Бачыце, Захад парушае дамовы, разбураюцца эканамічныя і гандлёвыя стасункі. Нас крыўдзяць, «нашых б’юць»! Але, як кажуць у народзе, «не вашым кароўкам мыкаць»!
Дзве аўтарытарныя краіны жывуць у атрутным тумане падману, які паглынае здаровы сэнс і праўду, пачынаючы ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і да судовага разгляду канфліктных сітуацый. Легітымнасцю тут ніколі і не пахла!
Нахабства і цынізм нязменнай улады, якая адгарадзілася ад народа злепленым пад сябе, «хамеліёністым» юрыдычным шчытом, адміністратыўным рэсурсам і міліцэйскімі дубінкамі, зашкальвае. А людзі вымушаны «з’ядаць» любыя рашэнні, бо ва ўмовах татальнай сакрэтнасці праверыць дакладнасць падліку галасоў або абвергнуць хлуслівыя сведчанні міліцыянераў абсалютна немагчыма.
Але ў грамадстве, хоча гэтага нехта ці не хоча, заўсёды застаецца жыць прага справядлівасці. Яна — вечная! Людзі не могуць мірыцца з уладнымі самадурствам і карупцыяй.
Сяргей Законнікаў, «Свободные Новости»