Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Не пачуў

09.05.2018 политика
Не пачуў

Дактатар чуе толькі голас вуліцы «Сыходзь!».

Ужо больш за тыдзень чытачы незалежных медыя сочаць за галадоўкай удзельніц «Матчынага руху 328». Больш за дзясятак жанчын з розных гарадоў галадаюць 11-ы дзень, патрабуючы хто перагляду прысудаў, хто сустрэчы з Генеральным пракурорам, а хто — сустрэчы з Лукашэнкам.

У нейкі момант гэтая гісторыя і метад змагання, абраны жанчынамі, пачалі выклікаць асцярожную надзею: Наталля Качанава прыняла галадоўшчыц у адміністрацыі Лукашэнкі, а законапраект аб змякчэнні адказнасці спажыўцам кантраляваных рэчываў абяцаюць разгледзець ужо ў студзені. Падавалася — Лукашэнка даведаецца пра галадоўку і, суворы да апазіцыянераў і «пятай калоны», пранікнецца праблемамі простых жанчын — тым больш, што тыя дэманстратыўна дыстанцыяваліся ад палітыкі.

Але ўжо сёння гэтыя надзеі былі зруйнаваныя на карані. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб недапушчальнасці паслаблення адказнасці за распаўсюд наркотыкаў (менавіта за гэта і былі асуджаныя дзеці актывістаў «Матчынага руху 328»), а галадоўшчыц абвінаваціў у тым, што яны «аказваюць ціск на суд» (можна падумаць, суддзі дрэнна спяць ад таго, што жанчыны забіваюць уласны арганізм) і сказаў што гэта «недапушчальна».

«Ён нас не пачуў» — у роспачы абураюцца жанчыны, якія паставілі на кон сваё здароўе ў гэтым змаганні.

Не пачуў... З эмацыйнага боку хочацца ўсклікнуць: а калі і каго ён «чуў»? Адзінае, што выразна пачуў Лукашэнка — гэта сігнал аб апалітычнасці і лаяльнасці пратэстоўшчыц. Сігнал аб тым, што яны прызнаюць яго ў праве вырашаць лёс іх дзяцей. Галадоўшчыцы выдатна разумеюць, што ні Канюк, ні Сукала не ў стане вырашыць пытанне аб артыкуле 328 — яно палітычнае, як робіцца палітычным любое пытанне, па якім Лукашэнка выразна акрэсліў сваю пазіцыю.

Вера ў «добрага цара» гэта тое, аб што адвеку спатыкаліся многія рухі і аб'яднанні людзей, што спрабавалі дагрукацца да ўлады. Гэта суддзі і пракуроры злыя і бяздушныя — калі б Лукашэнка ведаў, ён бы гэтага не дапусціў. Гэта Сукала і Канюк скрываюць праўду — Лукашэнка выправіць усё, як толькі яго паставяць у курс. І маці ў роспачы ідуць у АП як у апошнюю інстанцыю, за справядлівасцю.

І вось, апынулася, што Лукашэнка якраз у курсе. І пра жанчын, якія ледзь не губляюць свядомасць, і пра хлапцоў-дзяўчат, якія ў свае 18 год атрымліваюць па 10-15 год калоніі. І адказ такі, як і заўжды: «узмацніць», «не дапусціць» — і абвінавачванні на адрас незадаволеных.

Але не такія далёкія іншыя прыклады. Увесну 2017-га пачуў? Безумоўна. Бо тысячы людзей, якія ніколі не выходзілі на вуліцы, выйшлі з лозунгам «Лукашэнка, сыходзь!» — і зразумеў, што лягчэй адмяніць дэкрэт, чым сысці. Калі акцыя «Стоп-Бензін» у 2012-м некалькі разоў перакрывала цэнтральны праспект — пачуў і панізіў цэны на паліва, бо зразумеў — у адваротным выпадку цана для ягонай улады можа апынуцца занадта дарагой.

А жанчын — якія наносяць шкоду сабе і свайму здароўю — не пачуў. І не пачуе ніколі.

Мікалай Дзядок, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]