Стартавы кошт аўкцыёну за арыгінальны здымак — 1100 даляраў ЗША.
Фота Уладзіміра Самойлы з жонкай змешчана аўтарам у рамку і адносіцца, імаверна, яшчэ да перадрэвалюцыйнага перыяду. Стартавы кошт аўкцыёну за арыгінальны здымак — 2200 рублёў, што складае прыкладна 1100 даляраў ЗША. Ставак, праўда, пакуль няма, паведамляе «Новы час».
Чым вядомы Самойла? Апроч крытычных артыкулаў ды ўдзелу ў розных выдавецкіх праектаў нашаніўскага часу, ён спрычыніўся да раскруткі асобы Янкі Купалы — першым звярнуў увагу на ягоны неардынарны прароцкі дар. З купалаўскіх радкоў
...А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!...
Самойла ўзяў апошнія словы і змясціў у якасці эпіграфа да свайго артыкулу «Вялікае свята. «Жалейка» Янкі Купалы». Менавіта з гэтага пачынаецца адысея воклічу, які стаў фактычна нацыятворчым і суправаджаў беларускі рух на працягу апошніх ста гадоў. Лёс самога Уладзіміра Самойлы апынуўся незайздросным, але, на жаль, тыповым для нацыянальнай інтэлігенцыі той пары: арыштаваны бальшавікамі і расстраляны, верагодна, у Курапатах.
Што да кошту здымка, то варта адзначыць: рэліквіі беларускага руху апошнім часам каштуюць на аўкцыёнах неймаверна шмат. Скажам, сотняй-другой даляраў на раннія выданні Купалы, Коласа ці Луцкевіча ўжо нікога не здзівіш. Арыгінальныя здымкі ці аўтографы, зразумела, каштуюць яшчэ больш.