Нацыя здольная аб’яднацца ў барацьбе за праўду.
У Беларусі адзначылі Дзень перамогі – 73-ю гадавіну завяршэння Другой сусветнай вайны. Ці варта ў гэты дзень святкаваць або трэба смуткаваць? Між іншым пра гэта, але таксама пра ўшанаванне памяці ахвяраў у Курапатах, Яна Запольская паразмаўляла з госцем «Радыё Рацыя» беларускім палітыкам, прадстаўніком руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам.
- Рух салідарнасці «Разам» вядомы тым, што праводзіць штомесяц традыцыйныя акцыі ў Курапатах. Як вядома, у гэтым годзе і таксама ў мінулым афіцыйныя ўлады праявілі нейкае жаданне дапамагчы ў Курапатах. Як вы глядзіце на гэтыя памкненні ўладаў? Ці думаеце, лепш бы яны не ўваходзілі ў гэтыя справы?
- Абсалютна няма ў мяне даверу ў гэтым пытанні да сённяшняй улады Беларусі. Я лічу, што нічога добрага яны ў пытанні мемарыялізацыі Курапатаў зрабіць проста не могуць. Лічу Курапаты, тая мемарыялізацыя, якая там адбылася, вельмі сур’ёзным здабыткам беларускай нацыі.
Таму што гэта фантастыка, у тых умовах, калі ўлада заўсёды пярэчыла мемарыялізацыі, пярэчыла нават відавочным фактам, што адбываліся камуністычныя рэпрэсіі ў нашай краіне. Самі людзі былі здольныя рэалізаваць канцэпцыю Зянона Пазьняка. І сёння нацыянальны некропаль мае ўжо выгляд нацыянальнага мемарыяла. Прычым людзі зрабілі ўсё гэта самі. Крыжы – гэта традыцыйныя сімвалы для Беларусі.
І натуральна, мне вельмі страшна стала, калі зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў, пакладзіце мне нейкія дакументы на стол, я буду займацца мемарыялізацыяй. Я баюся ўсіх гэтых крокаў сённяшняй улады, бо гэта тая страшная сістэма, ЧК, ГПУ, НКВД, МГБ, якая знішчала і беларускую нацыю, і іншыя нацыі, якія трапілі пад панаванне камуністаў.
Хацеў бы нагадаць слухачам Радыё Рацыя, што 3 чэрвеня будзе вельмі важная дата для ўсіх нас. 3 чэрвеня 1988 года газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала знакаміты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Дарога на Курапаты». Я сам памятаю свае эмоцыі, калі я прачытаў гэты артыкул. Я ўдзельнічаў у мітынгу, які арганізоўвала «Талака». Гэта быў масавы мітынг ужо ў абарону і аўтараў гэтага артыкула, і газеты «ЛіМ», якая надрукавала з прадмовай Васіля Быкава гэты артыкул.
І я лічу, што менавіта дата 3 чэрвеня вельмі важная для беларускага нацыянальнага руха. Мне здаецца, што навейшая хваля беларускага адраджэння як раз і пачынаецца з гэтай даты. Таму што ўпершыню беларусы пабачылі як іх шмат.
- І як іх знішчалі…
- І што яны здольныя аб’яднацца ў барацьбе за праўду. І ўжо пазней дадалася яшчэ адна тэма – гэта барацьба за праўду пра Чарнобыль. Практычна так і паўстаў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне» – першая некамуністычная арганізацыя. На вялікі жаль, у звязку з тым, што ўлады ў нас сёння такія, як ёсць, я не бачу адпаведнай акцыі ў Беларусі гэтай даце. Таму дэлагацыя руху салідарнасці «Разам» паедзе ў Кіеў, каб 3 чэрвеня правесці акцыю па ўшанаванні ахвяр камуністычных рэпрэсій.