У Віцебску 83-гадовы паэт выдаў ужо 11-ы паэтычны зборнік.
Каля тысячы сяброў Уладзімера Папковіча штодня чакаюць ад яго новых паэтычных радкоў. Паэт, аўтар дзясятка кніг вершаў, а да таго ж і перакладаў зь нямецкай мовы, абраў аўдыторыю Фэйсбуку ў якасьці першых чытачоў, пiша «Радыё Свабода».
Чвэрць стагодзьдзя на «ты» з кампутарам
Яшчэ 25 год таму, падчас візыту ў Нямеччыну, Уладзімеру Антонавічу давялося пасяліцца ў сям’і, як цяпер кажуць, «упэўненых карыстальнікаў». Яны й паказалі, што да чаго ў кампутары. У той час Папковіч працаваў выкладчыкам нямецкай мовы і адразу ж адзначыў зручнасьць разумнай тэхнікі: ня трэба ад рукі пісаць карткі для студэнтаў. Зь цягам часу спадар Уладзімер завёў уласную старонку ў Фэйсбуку.
«Надрукаваў верш — і ў цябе адразу ёсьць пад тысячу патэнцыйных чытачоў. У кніжкі ці будзе столькі?» — жартуе Ўладзімер Антонавіч.
Уласныя жыцьцёвыя прынцыпы — не рабіць кепскага, памнажаць у сьвеце дабрыню і прыгажосьць — ён перанёс і на сваю старонку, дзе ледзьве ня штодня зьяўляюцца новыя вершы. У творчасьці Ўладзімера Папковіча шмат прыхільнікаў — зь Беларусі, Нямеччыны, Ізраілю, Амэрыкі ды яшчэ шмат адкуль, — якія сочаць за ягонай творчасьцю. Пішуць удзячныя камэнтары, дыскутуюць з аўтарам ці ягоным лірычным героем. І сьмяюцца зь яго, калі аўтарам пазначаны Ахрэм Нядбайла — гэта псэўданім, пад якім Уладзімер Папковіч піша гумарыстычныя або сатырычныя вершы.
Вершы, падпісаныя «Ахрэм Нядбайла», увайшлі ў адмысловы зборнік «Вы будзеце сьмяяцца». Апрача яго, у спадара Папковіча выйшла яшчэ 10 кніг. А сваім «хросным бацькам» у літаратуры ён лічыць Рыгора Барадуліна.
Першы зборнік вершаў — у 43 гады
«Я быў вясковы хлопец, і тады пісьменьнікі ўяўляліся мне нейкімі недасягальнымі багамі. Але і сам спрабаваў нешта зрыфмаваць, напісаць. У 1962 годзе, ужо скончыўшы інстытут замежных моваў, пачаў друкавацца ў часопісах. Але ў Віцебску, калі я пераехаў сюды ў 1966 годзе, мясцовы літаратурны асяродак мяне спачатку не прыняў — я ж быў чужы, прыежджы», — кажа Ўладзімер Папковіч.
Ён нарадзіўся ў 1935 годзе на Меншчыне, у вёсцы Дварэц Вялейскага раёну. Адзін з успамінаў раньняга дзяцінства — гэта вайна, калі ў бацькоўскай хаце нейкі час жылі два хлопцы-партызаны, радысты. Аднаго зь іх звалі Мікола Ваданосаў, пазьней ён стаў вядомым дзіцячым пісьменьнікам. Да яго і зьвярнулася родная сястра Ўладзімера. Маўляў, брат піша вершы, але нікому амаль іх не паказвае. Ці не пагледзіце? Ваданосаў сказаў: «Няхай дасылае. Але я ж празаік, а во сядзіць паэт Грыша Барадулін, ён і пачытае».
Так неўзабаве з друку выйшаў зборнік «На досьвітку». А з Рыгорам Барадуліным, які дапамог з рэдактурай і напісаў уступнае слова да зборніка, Уладзімер Папковіч пасябраваў.
Уладзімер Антонавіч заўжды падкрэсьлівае, што «вучыўся пісаць у сваіх равесьнікаў» — у людзей, блізкіх па сьветаадчуваньні. Тэмы любові да радзімы, да беларускай прыроды, да роднага слова — агульныя для таго пакаленьня. Яны ж раскрываюцца і ў апошнім зборніку «Зазімак», які выйшаў сёлета.
«Мой узрост — гэта ўжо нават ня восень, гэта самая апошняя пара году, самая халодная і безнадзейная. Але ў зборніку вершы розных гадоў, таму я назваў яго „Зазімак“. Зазімак — гэта яшчэ не зіма, але ўжо падсумаваньне напрыканцы году», — разважае Ўладзімер Папковіч.
Паэт, які адкрыў Віцебску дарогу ў Эўропу
Апрача паэзіі, Уладзімер Антонавіч мае яшчэ адно захапленьне, можна нават сказаць, справу жыцьця: ён перакладае зь нямецкай мастацкія творы.
А прыйшоў да гэтага, як ён сам кажа, амаль выпадкова. Хацеў быць настаўнікам беларускай мовы, але недабраў балаў ва ўнівэрсытэт. Нехта й параіў: ідзі ў інстытут замежных моваў, там хлопцаў мала, паступіць лягчэй.
Прахадны бал там аказаўся ніжэйшы, вывучаць мовы падабалася, і ў другім сэмэстры Ўладзімер ужо быў найлепшым студэнтам факультэту.
Пэрспэктыўнага хлопца пакінулі працаваць на катэдры лябарантам і выкладчыкам. У лябаранцкай і стаяла тая шафа з кнігамі па-нямецку, якая вызначыла далейшы лёс Папковіча.
Сёньня Ўладзімер Папковіч — аўтарытэтны перакладчык, дзякуючы якому на беларускай мове можна пачытаць творы ўсясьветных клясыкаў, сярод якіх Рут Крафт, Фрыдрых Шылер, Эрых Марыя Рэмарк.
А яшчэ Ўладзімер Папковіч, як жартуе ягоны найбліжэйшы сябар, мастак Фэлікс Гумен, «паказаў Віцебску Эўропу». Гэта здарылася, калі Ўладзімер Антонавіч, памяняўшы некалькі месцаў працы ў Менску, пераехаў у абласны цэнтар. Выкладаў нямецкую мову ў школе, у пэдагагічным інстытуце, які пазьней стаў унівэрсытэтам. З 1998 па 2005 год узначальваў катэдру нямецкай мовы гэтага ўнівэрсытэту.
Дзе ж было знайсьці лепшага перакладчыка, калі яшчэ ў часы СССР пачалі наладжвацца стасункі з замежнымі гарадамі-пабрацімамі? Так Уладзімеру Папковічу давялося зрабіцца «народным дыпляматам». З канца 1980-х ён ня раз езьдзіў у замежжа, то перакладчыкам, то па прыватных запрашэньнях, і жыхарам розных нямецкіх гарадоў заўжды распавядаў пра Беларусь. У такіх гаворках нараджаліся і дзелавыя стасункі, і сяброўскія сувязі.
Пашчасьціла нарадзіцца ў Дзень Волі
Уладзімер Антонавіч — сталы наведнік самых розных культурніцкіх падзей, ён штогод бярэ ўдзел у сьвяткаваньнях угодкаў Васіля Быкава на Вушаччыне, пэрыядычна сустракаецца з чытачамі ў віцебскіх бібліятэках і студэнцкіх аўдыторыях. Зрэшты, ён заўжды ў атачэньні моладзі, сваіх цяперашніх і былых студэнтаў. А яны глядзяць на яго з захапленьнем: нячаста сустрэнеш такога выкладчыка — сталага, дасьведчанага і ў той жа час вельмі сучаснага.
У Віцебску Ўладзімер Папковіч ужо даўно стаў «жывым клясыкам». А Фэйсбук яшчэ пашырыў гэты статус: бадай што ніводзін паэт так не імкнецца да кантактаў з чытачамі, як спадар Уладзімер. Мінімум 50 «лайкаў» за верш гарантаваныя — столькі ў сярэднім ставілі чытачы ягоных апошніх вершаў.
А раз на год «Фэйсбук» проста выбухае «лайкамі», смайлікамі і іншымі сымбалічнымі пазнакамі на старонцы Ўладзімера Папковіча. У гэты дзень беларускамоўны сэгмэнт Фэйсбуку адзначае Дзень Волі, а найстарэйшы віцебскі паэт якраз і нарадзіўся 25 сакавіка. Сьвята аказваецца падвойным для аўтара вольных радкоў. Верш «Давайце разам сьвяткаваць!» быў напісаны сёлета якраз у гэты дзень.