Фестываль сёлета пройдзе 20 ды 21 ліпеня ў мястэчку Борык на Беласточчыне.
11 траўня ў менскім клубе «Брюгге» прайшоў конкурс «Адборышча» – паўфінал штогадовага фестывалю маладой беларускай музыкі «Басовішча». З васьмі гуртоў журы адабрала тры, якія будуць змагацца ў фінале на самім фэсце. Сёлетняя адметнаць – яшчэ адзін гурт-фіналіст быў абраны гледачамі, паведамляе «Радыё Рацыя».
Распавядае суарганізатарка фестывалю Хрысціна Дарапей:
– Тое, што мы пабачым на сцэне «Басовішча», мне здаецца, будзе вельмі ўзроўневым. І інтрыга захоўваецца нават для мяне па гэты момант і будзе трываць нават да ліпеня, бо гэта моцныя каманды.
У гэтым годзе маладую беларускую сцэну будуць прадстаўляць на «Басовішчы» гурты Eryk i Ja, MorkvoЦвет, SnopSno? ды Колір.
Кажа прадстаўніца беларускага аб’яднання студэнтаў Лідзія Пякарская:
– Мы хочам мяняцца разам з тым, як мяняецца беларуская і міжнародная музыка, з тым, што слухаюць маладыя людзі. Гэтае «Адборышча» было прыкладам таго, што старой рок-музыкі ўжо амаль няма, яна пераходзіць больш у міжнародны, электронны стыль.