Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вольнае слова ў няволі

14.05.2018 политика
Вольнае слова ў няволі

Начальнікі ў плямістых гарнітурах добра засвоілі: хто менш чытае, тым прасцей кіраваць.

Напачатку майго турэмнага тэрміну ў Магілёўскай калоніі №15 знаёмая дзяўчына напісала мне ліст, у якім спытала, ці ёсць у мяне доступ да інтэрнэту. Прайшло ўжо столькі гадоў, а я дагэтуль усміхаюся, калі ўзгадваю гэта наіўнае пытанне.

У афіцыйных дакументах і законах змяшчэнне ў турму называецца «пазбаўленнем волі». Але дэ-факта гэтае пакаранне пазбаўляе чалавека не толькі волі — у сэнсе свабоды перасоўвання, — але і вялізнай колькасці самых базавых правоў. У тым ліку вязню «папраўчай» сістэмы Беларусі даводзіцца мірыцца з катастрафічным абмежаваннем права на інфармацыю, што ў наш інфармацыйны век з'яўляецца нашмат больш цяжкім пакараннем, чым можа падацца на першы погляд.

Зона ці турма — месца, дзе час, здаецца, спыніўся. Кожны дзень з табой адбываецца адно і тое ж. На «установленный распорядок дня» не ўплываюць ані эканамічны крызіс у Беларусі, ані выбары ў ЗША, ані вайна ва Украіне, ані тэракты ў Нарвегіі. Адсутнасць «ежы для розуму» і інфармацыйны вакуум прымушаюць адчуваць сябе ізаляваным, пазбаўляюць звычайнай глебы для роздуму, дазваляюць чорным думкам і апатыі ўлезці ў душу.

Сказаць, што абсалютна ўсе зэкі прагнуць вольнага слова ў турме, было б няпраўдай. Бо калі людзям не было цікава на волі ведаць больш, чым паказваюць па тэлебачанні, то наўрад ці гэта ім спатрэбіцца ў турме. Але для мяне, і не толькі для мяне аднаго, наладжванне бесперабойных крыніц больш-менш адэкватнай інфармацыі сталася за кратамі адной з першачарговых мэтаў.

Афіцыйна прапанаванымі адміністрацыяй крыніцамі інфармацыі за кратамі з'яўляюцца радыё і тэлевізар. У турме («крытай»), гэтаксама як і ў СІЗА, перадаваць (зэкі кажуць «зацягваць» — трапнае слова, бо зрабіць гэта нашмат цяжэй, чым проста перадаць) тэлевізар могуць родныя зняволеных, і звычайна ён ёсць у большасці камер. Дарэчы, трэба заўважыць, што глядзяць зэкі амаль выключна расійскія каналы.

Радыёкропка — бюджэтны варыянт для тых, у каго небагатыя родныя, альбо для тых, хто сядзіць у адзіночнай камеры. Звычайна гэта ўманціраваны ў сцяну над дзвярыма правадны прыёмнік, які перадае амаль выключна «Першы нацыянальны». У некаторых ШІЗА\ПКТ гуманныя ахоўнікі ўключаюць зэкам нешта больш сучаснае: «Новое Радио», «Радио Рокс» «Русское радио». Проста шалёнай папулярнасцю ў зэкаў карыстаецца «Радио Могилёв», асабліва яго штовячэрняя перадача «Диско-клёш» з хітамі 1980–1990-х гадоў. Мабыць, гэта звязана з тым, што ў Магілёве і вобласці знаходзяцца ажно 8 папраўчых устаноў, у якіх зэкі адбываюць пакаранне, — каля траціны ад усіх наяўных у Беларусі. Таму не дзіва, што ў гэтай перадачы нярэдка можна пачуць прывітанні арыштантам ад родных.

Ва ўсіх папраўчых установах дазволена выпісваць газеты. Аднак і тут адміністрацыя чыніць перашкоды: калі раней газеты за цябе маглі выпісаць родныя, а потым проста даслаць табе па пошце квіткі, якія ты аддаваў мясцоваму «газетчыку» (звычайна гэта бібліятэкар-зэк ці начальнік атрада), і пасля гэтага рабіўся шчаслівым уладальнікам падпіскі, то зараз у большасці папраўчых устаноў ад зэкаў патрабуюць спачатку пісаць заяву з пералікам тых выданняў, якія яны хочуць атрымаць, і выпісваць іх за кошт грошай на ўласным рахунку. Усё гэта стварае дадатковую бюракратыю і складанасці на шляху атрымання прэсы.

Зрэшты, тут ужо адміністрацыя стараецца празмерна: пераважная большасць зэкаў з цяжкасцю можа забяспечыць сябе гарбатай і цыгарэтамі, і пра газеты ды часопісы можа толькі марыць. Бо заробкаў у лагеры, а тым больш у «крытай», няма ніякіх — кожны арыштант, фактычна, у матэрыяльным плане «вісіць» на шыі сваіх родных.

Я ў гэтым плане быў прывілеяваным. Родныя бесперапынна выпісвалі мне амаль усю апазіцыйную прэсу. Пасля прачытання яна вокамгненна разыходзілася па атрадах (калі я сядзеў у лагеры) ці па камерах (калі быў у турме). Некаторыя потым прыходзілі да мяне абмяркоўваць прачытанае, часцей за ўсе заканчваючы рытарычным пытаннем: «Ну так что, скоро усатого скинут?» Часам па-змоўніцку ўхмыляліся, тыкаючы пальцам у заметку пра мяне самога: «Ну ты знаменитость!»

Такім чынам, самі арыштанты не маглі ці не вельмі хацелі выпісваць апазіцыйную прэсу. Але калі яна трапляла ў поле зроку — многія не адмаўляліся пачытаць. Адміністрацыя глядзела на гэта насцярожана. З аднаго боку, гэта ж не забаронена. З іншага — хто яго ведае, што яны там вычытаюць? Установа ўсё ж такі рэжымная і павінна вытрымліваць ідэалагічную лінію.

Неаднаразова даводзілася чуць, што ў ПК-9 (Горкі) начальнікі атрадаў складалі асобныя спісы тых, хто выпісвае апазіцыйную прэсу. У ПК-2 Бабруйска асуджанаму па «справе бабруйскіх анархістаў» Арцёму Пракапенку неаднаразова адмаўляліся выдаваць «Народную Волю». Ну а ў мяне ў ПК-15 здарыўся цікавы выпадак: нейкі невядомы мужчына напісаў ліст і запытаўся: ці ёсць вакол мяне жадаючыя падпісацца на «Нашу ніву»? Я запытаўся ў пакоі і знайшоў трох такіх арыштантаў (а што? — халява!). Праз месяц у секцыю прыносяць адразу чатыры «Нашы нівы» — на секцыю з 20 чалавек гэта відавочна зашмат. Аб гэтым хутка дазнаўся атрадны аператыўнік і потым па аднаму «дзёргаў» на размову кожнага з падпісчыкаў. Акрамя мяне, вядома.

У справе абмежавання інфармацыі арыштантам закон, вядома, на баку адміністрацыі. Некалькі разоў да мяне даходзіў «Новы Час» у запакаваных капэртах. А пасля іх проста перасталі прапускаць.

У век хуткаснага інтэрнэту і сацсетак, калі мы страшэнна перагружаныя інфармацыяй і не ведаем, куды падзецца ад гэтага няспыннага патоку, цяжка сабе нават уявіць, што ёсць нехта, каму інфармацыі катастрафічна не хапае. У той момант, калі вы чытаеце гэтыя радкі, нехта на сваіх нарах старана спрабуе разглядзець дробныя літары ў газеце двухмесячнай даўніны, нехта выпрошвае ў суседа зацёрты да дзірак «Men’s Health» з пошлымі жартамі і паўаголенымі дзяўчатамі, а хтосьці з тамтэйшых жыхароў за ўсё жыццё яшчэ ні разу не трымаў у руках смартфона.

Тая сістэма, што накіравала іх у гэтыя «інфармацыйныя пустэчы», не робіць і не будзе рабіць нічога, каб напоўніць іх жыццё карыснымі ведамі. А навошта? Начальнікі ў плямістых гарнітурах добра засвоілі: хто менш чытае, тым прасцей кіраваць.

Мікалай Дзядок, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]