Заўсёды быць у прымах у чужой хаце, палец а палец не стукнуўшы ў хаце сваёй.
У смалявіцкіх настаўнікаў няшмат шансаў пабачыць сваіх найлепшых выпускнікоў пасьля апошніх экзамэнаў. Вярнуцца пасьля ўнівэрсытэту жыць і працаваць у Смалявічы — гэта нешта кшталту паразы: значыцца, ты недастаткова пасьпяховы.
Можа, таму ў Смалявічах амаль нічога няма: ані краязнаўчага музэю, ані сваёй выставачнай залі, ані тых, хто будзе ў музэі і на выставы хадзіць. Таксама няма ніводнага сквэру ці парку, гістарычнай будыніны ці адмысловай гарадзкой скульптуры — калі не лічыць за скульптуру бэтонны раскрыты гаманец, які стаіць ля мясцовага аддзяленьня банку.
Тыя, хто мог бы зрабіць Смалявічы раем зямным, зьехалі на Менск, атабарыліся па хмарачосах Каменнай Горкі і назаўсёды забыліся на расклад прыгарадных электрычак у бок Барысаву.
У гэтай зьявы, канешне, ня смалявіцкі маштаб. Страшна думаць, колькі іх, вартых самых важных справаў дома, зьехала карыстацца магчымасьцямі, якія ствараюць іншыя краіны.
Адно незразумела ў гэтым — калі кажуць: «А тут што? Што мне рабіць у гэтай краіне? Ані заробку, ані магчымасьцяў». Нібыта хтосьці іншы павінен зрабіць так, каб тут былі магчымасьці і заробкі. Нібыта гэта годна — зьехаць і карыстацца дабротамі, напрацаванымі чужымі дзядамі для сваіх унукаў, і пакінуць бацькоўскую ніву зарослай дзьмухаўцом, бо там, далёка, прыгожыя клюмбы.
Нібыта не прасьцей даць працы сваім рукам дома — замест таго, каб біць іх на чужой зямлі дзеля чужой будучай славы. Нібыта гэта слушна — перачакаць у Менску, покуль хто-небудзь выгадуе ў Смалявічах парк.
Нібыта гэта сумленна пералапаціць беларускія архівы не зь цікавасьці да продкаў, а з мэтай зьбегчы ў Польшчу? Нібыта гэта высакародна адправіць дзіцёнка вучыцца ў напаўлегальны беларускі ліцэй ня з мэтай падараваць яму беларушчыну, а з мэтай спрасьціць яму ўцёкі на чужыну?
Нічога не рабіць дома, забыць сваю мову, сваю культуру, не чытаць сваіх кніжак, ня тое каб не любіць — да проста ня ведаць сваёй гісторыі, і паехаць карыстацца тым, што будавалі не для вас, для іншых — будавалі тыя, хто любіў і любіць свой край.
Заўсёды быць у прымах у чужой хаце, палец а палец не стукнуўшы ў хаце сваёй.
А калі так падумаць: ну дык і што з таго, што ў тых Смалявічах ніколі не было ніякіх паркаў?
Ганна Севярынец, «Радыё Свабода»