Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вялікае перасяленьне беларусаў

17.05.2018 общество
Вялікае перасяленьне беларусаў

Беларусь — краіна аднаго мэгаполісу.

На працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя насельніцтва амаль усіх беларускіх гарадоў і вёсак павольна скарачаецца, а Менску — з году ў год расьце. Цяжка назваць гэта звычайнай урбанізацыяй, уласьцівай для іншых эўрапейскіх краінаў, бо накіраванасьць яе ў Беларусі выключна аднавэктарная. Мэта беларусаў — Менск.

Паўстагодзьдзя таму ў сталіцы жыло толькі 5 адсоткаў насельніцтва БССР. Пры Лукашэнку гэтая лічба вырасла з 15 % у сярэдзіне 90-х да 21 % у 2017-м і працягвае расьці. Ні ў адной краіне рэгіёну няма такой дыспрапорцыі, каб чвэрць насельніцтва была сканцэнтраваная ў адным горадзе. Напрыклад, Кіеў — гэта прыблізна 8 працэнтаў насельніцтва Украіны, Варшава — каля 5 працэнтаў насельніцтва Польшчы. Падобная хіба толькі Вільня — там сканцэнтравана каля 18 працэнтаў насельніцтва Літвы.

Вядома, урбанізацыя Беларусі пачалася не пра Лукашэнку. Але ніколі да яго накіраванасьць яе не была такой аднабаковай. Беларусы перасяляюцца амаль выключна ў Менск. Прычым ня толькі зь вёсак, як калісьці. Але і зь нібыта ўладкаваных аграгарадкоў, а таксама з гарадзкіх пасёлкаў, з райцэнтраў і нават з буйных абласных гарадоў. Якія вынікі для дэмаграфічнай сытуацыі ў рэгіёнах прыносіць тое, што маладыя і найбольш актыўныя жыхары зьяжджаюць? Апошнія зьвесткі Белстату шакуюць: толькі ў 3 з 118 беларускіх раёнаў у першым квартале гэтага году людзей нарадзілася больш, чым памерла.

Аляксандар Лукашэнка як вясковы чалавек ад самага пачатку добра ведаў, што адбываецца зь сялом. Але вырашыць праблему ён спрабаваў і спрабуе чамусьці выключна тымі ж мэтадамі, якія беспасьпяхова выкарыстоўвалі да яго камуністычныя ўлады.

Пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя

Ідэя з аграгарадкамі, якую Лукашэнка пасьлядоўна ажыцьцяўляў прынамсі на працягу двух дзесяцігодзьдзяў (пакуль ня скончыліся грошы) была прыдуманая ня ім. У 60-70-я гады яе пад крыху іншай назвай (дзяленьне вёсак на пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя і будаўніцтва інфраструктуры толькі ў пэрспэктыўных) спрабавалі ўвасобіць камуністы.

Я засьпеў той час у дзяцінстве. Да маёй невялічкай вёскі як да непэрспэктыўнай з усіх дабротаў цывілізацыі дайшлі толькі электрычныя слупы. Затое ў цэнтры саўгасу ў той час (на мяжы 60-70-х гадоў) зьявіліся сучасныя будынкі школы і дома культуры, вырасла цэлая вуліца двухпавярховых жылых дамоў з камунальнымі выгодамі, быў пабудаваны стадыён... Тады не было яшчэ назвы «аграгарадок», але рабілася фактычна ўсё тое ж, што паўтарыў Лукашэнка праз чвэрць стагодзьдзя. Грошы на гэтыя будоўлі ўзорных цэнтральных сядзібаў выдаткоўваліся цэнтралізавана, з рэспубліканскага і саюзнага бюджэтаў.

Каб затрымаць моладзь на вёсцы, з канца 70-х гадоў усіх вясковых старшаклясьнікаў у абавязковым парадку прымушалі яшчэ ў школе атрымліваць сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці. У 9-10 клясах адзін дзень на тыдзень мы вымушаныя былі вучыць будову сеялак і веялак, глыбіню заворваньня насеньня ячменю і жыта, пэрыядычнасьць унясеньня мінэральных угнаеньняў пад бульбу. На выпускным вечары кожны разам з атэстатам атрымаў пасьведчаньне трактарыста-машыніста шырокага профілю.

Колькі хлопцаў і дзяўчат з 50 выпускнікоў майго 1981 году засталіся ў выніку працаваць у саўгасе? Ніводнага.

Ну добра, саўгас наш быў ня самы заможны. Можа, у перадавых гаспадарках было інакш?

1983 год. Славуты на ўвесь СССР калгас «Савецкая Беларусь» Камянецкага раёну пад кіраўніцтвам ардэнаносца і двойчы Героя працы Уладзіміра Бядулі. Аўтарытэт у кіраўніка такі, што яго і міністры пабойваліся. Грошы, тэхніка, рэсурсы — усё ёсьць. Палац культуры ў калгасе адгрукалі такі, што туды з выступамі нават маскоўскія зоркі эстрады прыяжджалі — Пугачова, Лявонцьеў, Ратару. Паэма Андрэя Вазьнясенскага «Лятаючы мужык» прысьвечана яму, Бядулю. Дык вось, у верасьні 1983-га я, студэнт-журфакавец, рыхтаваў рэпартаж са славутага калгасу. Сярод іншага, зайшоў у школу, у выпускную клясу. Папрасіў падняць рукі тых, хто зьбіраецца застацца ў калгасе пасьля школы. З двух з паловай дзясяткаў падлеткаў руку ўзьняў толькі адзін...

Дзяленьне вёсак на пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя было афіцыйна адменена ў 1980 годзе, хоць на лёс вёсак гэта мала паўплывала.

Чаму аграгарадкі не спынілі ўцёкаў зь вёскі

Людзі ўцякалі і ўцякаюць зь вёскі не таму, што ім там не хапае кватэры з душам і каналізацыяй альбо клюбу з дыскатэкай і кіназаляй. У іх там няма годнай працы, вартай справы, якая б прыносіла і грошы, і задавальненьне, якую б можна было перадаць у спадчыну дзецям. Спрадвеку, на працягу соцень пакаленьняў для вясковага беларуса такой справай і ладам жыцьця была ўласная зямля і ўласная гаспадарка.

Думаю і разважаю над лёсам сваіх аднагодак — некалькіх дзясяткаў вясковых хлопцаў і дзяўчат, зь якімі разам гадаваліся і вучыліся ў вясковай школе... Як склаўся б наш лёс, калі б у 40-50-я гады ў нашых бацькоў і дзядоў не адабралі зямлю і коней, не разбурылі гумны, ня зьвезьлі ў калгас увесь сельскагаспадарчы рыштунак? Ці наважыліся б мы кінуць бацькоўскія хаты, калі б, апроч гэтых хат, на нас была адказнасьць і за сямейную гаспадарку, за зямлю, за набытак, нажыты нялёгкай працай бацькоў і дзядоў?

Мой бацька, маладосьць якога прыпала на першыя паваенныя гады і калектывізацыю, да драбніц памятаў усё, што забралі ў калгас. Заўсёды пры выпадку паказваў зямлю, сенажаці, лес, якія належалі сям’і. Зямля, уласнасьць, спрадвечная справа продкаў, якая перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне — вось што трымала людзей.

Ну, добра, камуністам замінала прыняць гэту простую ісьціну іхная нялюдзкая ідэалёгія. Але што замінала аднавіць справядлівасьць і вярнуць зямлю і ўласнасьць тым, у каго яе забралі, ужо новай беларускай уладзе, нібыта не абцяжаранай бальшавіцкімі догмамі? Страх страціць кантроль над вёскай? Сквапнасьць? Боязь, што зьявяцца кулакі-міраеды, якія ня будуць падпарадкоўвацца ўладнай «вэртыкалі» і атрымаюць звышпрыбыткі? Хімэры марксізму-ленінізму, ад якіх так і не ўдалося вызваліцца пасьля 1991 году?

Прадбачу, як некаторыя мне запярэчаць: «Ды хто б яе ўзяў, тую зямлю? Даўно ўжо няма ў жывых тых, у каго яе адабралі...» Заўсёды хочацца адказаць у такіх выпадках: «А хто-небудзь прапаноўваў яе вярнуць — калі не ранейшым уласьнікам, то іхным нашчадкам, дзецям і ўнукам?»

Так, беларуская дзяржава захавала поўны кантроль над калгаснай вёскай. Але ў многіх калгасах сёньня ўжо няма каму апрацоўваць зямлю, вёскі зьнікаюць з мапы Беларусі штогод дзясяткамі і сотнямі, а кошт прадуктаў харчаваньня ў Беларусі такі, што многія жыхары памежных рэгіёнаў адмыслова едуць на закупы ў суседнюю Польшчу. Там адмовіліся ад калгаснай сыстэмы і вярнулі зямлю яе спрадвечным уласьнікам яшчэ на пачатку 90-х...

Дапытлівы чытач заўважыць: няўжо толькі Менск высмоктвае працоўныя рэсурсы з рэгіёнаў? Ня толькі.

Паводле розных расейскіх крыніцаў, на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі працуе каля 500 тысяч грамадзянаў Беларусі. Дакладную колькасьць адсачыць практычна немагчыма, паколькі для працы беларусам не патрабуюцца адмысловыя дазволы. Яшчэ каля 200 тысяч беларускіх грамадзянаў працуюць і вучацца ў Польшчы ды іншых краінах Эўразьвязу. Колькі зь іх вернецца назад — невядома. Але ў любым выпадку, нават калі яны вырашаць вярнуцца, то наўрад ці выберуць месцам жыхарства занядбаныя вёскі з пэрспэктывай працаўладкаваньня ў мясцовых калгасах.

Заўважыўшы, як непрапарцыйна расьце насельніцтва Менску, Аляксандар Лукашэнка неаднаразова загадваў спыніць перанаселенасьць і перамясьціць будаўніцтва ў гарады-спадарожнікі. Напрыклад, заслухаўшы ў сакавіку 2011 году кіраўніцтва гораду, ён сказаў: «Ні ў якім выпадку нельга перанасяляць Менск, у сталіцы павінны пражываць ня больш за 1,8 мільёна чалавек... Цэнтар цяжару будаўніцтва трэба пераносіць у рэгіёны».

Паводле апошніх статыстычных зьвестак, насельніцтва Менску на 1 студзеня 2018 году склала 1 983 000 чалавек: на 200 тысяч больш, чым вызначыў сем гадоў таму Лукашэнка. І гэта толькі зарэгістраваныя жыхары. Рэальна ў горадзе ўжо даўно жыве значна больш за 2 мільёны. І перасяленьне Беларусі ў Менск не спыняецца.

Безумоўна, можна цешыць сябе думкай, што ўзровень урбанізацыі ў Беларусі прыблізна такі ж, як у Чэхіі ці Швайцарыі, што гэта агульнасусьветная тэндэнцыя... Але Беларусь несувымерная плошчай з маленькімі і шчыльна заселенымі эўрапейскімі краінамі. Для яе канцэнтрацыя чвэрці насельніцтва ў адным горадзе — гэта немінучы заняпад і дэградацыя абязьлюдзелых тэрыторый, аддаленых ад сталіцы на сотні кілямэтраў.

Валянцін Жданко, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]