На пачатку XVI стагоддзя ВКЛ раскінулася «ад мора да мора».
У 1588 годзе ў Кракаве бруіліся жарсці. На парозе залы ў замку толькі што каранаванага караля Рэчы Паспалітай стаяла дэлегацыя ВКЛ. З самага ранку яны спрабавалі дамовіцца па трох пытаннях: перамір’е з Масквой, падзел Інфлянтаў і прызнанне Статута. Але не прыйшлі ні да чаго. Дэлегаты ад ВКЛ ужо амаль дайшлі да дзвярэй, але кароль часткова здаўся — і княства атрымала неверагодны па тым часе закон. Разам з гісторыкамі onliner.by успамінае тыя падзеі.
Хто гэта?
Уладзімір Падалінскі, загадчык кафедры гісторыі Беларусі стражытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук.
Андрэй Радаман, гісторык, даследчык праблем гісторыі айчыннай дзяржаўнасці і права.
— На ваш погляд, чаму саспела неабходнасць выдаць нейкі ўніфікаваны закон на ўсе выпадкі жыцця? Чым былі дрэнныя старыя законы?
Уладзімір:
— Што тычыцца права, то яно было звычаёвым і вусным, перадавалася праз традыцыі. Пісьмовага права амаль што не было, калі не браць пад увагу прывілеі, што выдавалі князі, нейкія пастановы судоў, соймаў. Канешне, быў разнабой і хаос, бо ВКЛ было вялікай дзяржавай — літоўскія, беларускія, украінскія землі. Таму па меры развіцця дзяржавы наспела патрэба неяк уніфікаваць і прывесці гэта ўсё да аднастайнасці.
Першая спроба стварыць пісьмовы кодэкс права, крымінальнага праўда, адбылася 550 гадоў таму, у 1468 годзе. Гэта быў судзебнік Казіміра. А вось актыўная дзейнасць па ўнармаванні права адбывалася ўжо ў XVI стагоддзі. Як памятаем, у ВКЛ было тры Статуты — 1529, 1566 і 1588 гадоў. Апошні — гэта вяршыня прававой думкі, ён лічыцца адным з лепшых кадэфікацыйных актаў Еўропы. Да прыкладу, вядомы польскі гісторык права Юліуш Бардах, адзін з класікаў прававой гісторыі, лічыў, што ў ВКЛ была створана самая лепшая сістэма права ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Статут 1588 года мае 14 разделаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу. У 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12-м, 14-м і часткова ў 13-м — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права.
— Няўжо не хапіла першых двух статутаў? Для чаго было пісаць трэці?
Уладзімір:
— Акрамя неабходнасці ўдасканальваць законы, справа была ў Люблінскай уніі 1569 года, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. Для ВКЛ гэта была вымушаная мера, таму княства хацела мець самастойнасць, а вось Карона Польская марыла пра адзіную дзяржаву.
— Са школы ўсім вядома, што над тэкстам Статута працаваў Леў Сапега, які на той момант быў падканцлерам ВКЛ. Якая яго была роля, магчыма, ён сам напісаў нейкія артыкулы?
Андрэй:
— Гэта самы распаўсюджаны міф са школьных дапаможнікаў. Навукоўцам добра вядома, што, калі пачалася праца над выпраўленнем Другога Статута, Льву Сапезе было 11 гадоў. Пра гэту памылку прафесійныя гісторыкі кажуць не адзін год. Міф быў закладзены гісторыкам-даследчыкам Казімірам Кагнавіцкім, а далей ён пайшоў у папулярныя кніжкі.
Над праектам Статута працавалі дзесяткі чалавек, было некалькі камісій. У абмеркаванні прынялі ўдзел сотні, калі не тысячы. Больш за 50 прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ удзельнічалі ў паартыкульным разглядзе праекта ў студзені — сакавіку 1584 года на Галоўным дзяржаўным з’ездзе ў Вільні. Што тычыцца Льва Сапегі, безумоўна, спачатку ён быў каралеўскім сакратаром (1580—1581), потым адным з пяці вялікіх пісараў ВКЛ (1581—1585), пасля падканцлерам (1585—1589). Таму, канешне, прымаў удзел у каардынацыі канцылярыяй ВКЛ заканапраектнай дзейнасці. Пасля смерці канцлера Астафія Валовіча, як падканцлер, адказваў за канчатковую рэдактуру праекта Статута, што быў прадстаўлены манарху.
Але яго не было ў студзені — сакавіку 1584 года ў Вільні, калі праект Статута абмяркоўваўся паартыкульна на дзяржаўным з’ездзе: вялікі пісар ВКЛ Леў Сапега на той момант ад’ехаў у Гродна, а пасля ў Маскву на перамовы.
Уладзімір:
— Мне здаецца, што чалавекам, які больш за ўсё паўплываў на тагачасны выгляд Статута, быў канцлер Астафій Багданавіч Валовіч — адзін з самых выбітных дзеячоў ВКЛ другой паловы XVI стагоддзя. Ён удзельнічаў ад сенатараў у камісіі, якая выпрацоўвала канчатковы тэкст. На мой погляд, Валовіч зрабіў велізарную працу па стварэнні Статута.
Андрэй:
— Акрамя канцлера ВКЛ Астафія Багданавіча Валовіча, сярод тых, хто меў дачыненне да выпрацоўкі праекта Трэцяга Статута ВКЛ пасля 1578 года, я б назваў віленскага ваяводу Мікалая Юр’евіча Радзівіла Рудога, падканцлера ВКЛ Крыштафа Радзівіла «Перуна», вялікіх пісараў Андрэя Іванавіча Харытановіча (Вобрынскага), Міхайла Багданавіча Гарабурду, Мацея Савіцкага, Мікалая Войцэхавіча Ясінскага, Лаўрына Войну, Вацлава Агрыпу і яшчэ шмат-шмат радных паноў і выбітных прадстаўнікоў шляхецтва розных рэгіёнаў ВКЛ. Так, вядома, што ў паартыкульным абмеркаванні праекта Статута ў 1584 годзе прымалі ўдзел ашмянскі земскі суддзя Станіслаў Саковіч і новагародскі земскі суддзя Ёсіф Галаўня.
Вялікая заслуга Льва Сапегі ў тым, што ён напісаў бліскучую прадмову да Статута, якая лічыцца ўзорам тагачаснай прававой думкі. Таксама пазней Сапега прымаў удзел у падрыхтоўцы пераклада тэкста асноўнага закона ВКЛ на польскую мову.
Ну і акрамя таго, ён даў грошы на друк Статута ў віленскай друкарні Мамонічаў. Аднак, вядома, ён і зарабіў на гэтым. Статуты ж прадаваліся па 7 злотых і 15 грошай. Для параўнання, кабыла каштавала дзве капы грошай (1 рубель 20 грошай ці 4 талера). Дакумент абавязаны былі мець у судах, ды і некаторыя заможныя шляхцічы куплялі яго. На працягу 90-х гадоў ХVI стагоддзя Статут яшчэ некалькі разоў перавыдавалі, так што гэта, па сутнасці, быў бізнес.
Уладзімір:
— Статут стаў вынікам працы шырокіх колаў шляхты ВКЛ. Прычым у распрацоўцы ўдзельнічалі і праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты. Але пратэстантаў было больш, бо палітычна актыўная была пратэстанцкая шляхта. У кожным павеце на сойміках абмяркоўваліся розныя артыкулы і нормы гэтага Статута. Рэальна ў абмеркаванні ўдзельнічалі розныя колы шляхты. Гэта таксама вельмі важная рэч, якая сведчыць пра прававую культуру тагачаснай шляхты. Нельга ўяўляць сабе тую шляхту, якая толькі сядзела ў засценках, выпівала, ваявала і білася між сабой. Гэта былі адукаваныя людзі, якія добра ведалі права, большасць былі практыкі, працавалі ў судах, хтосьці меў адукацыю адпаведную. Гэта былі людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, прыязджалі на соймікі, соймы. Таму, можа, не варта шукаць нейкага аднаго. Гэта ўсё ж такая калектыўная праца.
— Колькі гадоў працавалі над Статутам?
Уладзімір:
— Збольшага канцэпцыя і тэкст былі гатовы праз 13 гадоў, у 1582 годзе. У выніку Статут не толькі не зблізіў Карону і ВКЛ, а наадварот — адназначна ўмацаваў унутраную самастойнасць ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Просты прыклад: у тэксце новага Статута адназначна сцвярджалася, што ні чужаземцы, ні суседзі не маглі займаць пасады ў княстве.
Наступны сойм быў у 1585 годзе, тое ж самае: прывезлі Статут, прасілі караля зацвердзіць. Палякі зноў прасілі абмеркаваць, дэлегацыя ВКЛ зноў не пагадзілася, і пытанне адхілілі. Да смерці Стэфана Баторыя ў 1586 годзе Статут не змаглі прыняць, бо польскі бок настойваў на разглядзе, а ВКЛ на гэта не пагаджалася. Кароль шукаў згоды, таму прыняцце Статута адкладвалася і адкладвалася.
«Калі б дэлегацыя княства пару гадзін прамарудзіла, нічога не прынялі б»
— Але як жа тады ўдалося праз шэсць гадоў прыняць Статут, як выкруціліся нашы продкі?
Уладзімір:
— Тут неверагодна цікавая гісторыя. Пасля смерці Стэфана Баторыя наступіў перыяд бескаралеўя. У Рэчы Паспалітай была такая асаблівасць: улада не перадавалася па спадчыне, манарха выбірала шляхта. А пакуль шляхта праводзіла выбары, яна сама рэгулявала ўсе аспекты жыцця. Так было і на гэты раз. Аднак прыйсці да нейкага аднаго рашэння шляхцічы не змаглі. У 1587 годзе адбыўся раскол. Частка шляхты выбрала эрцгерцага Максіміліяна з дынастыі Габсбургаў, а другая — шведскага каралевіча Жыгімонта (будучага караля Жыгімонта Вазу). Фактычна ў Рэчы Паспалітай пачалася грамадзянская вайна. Абодва прэтэндэнты збіралі войскі, і былі нават баявыя дзеянні.
Афіцыйна ВКЛ доўгі час не станавілася ні на адзін бок, хаця частка была за Жыгімонта, частка за Максіміліяна, а частка ўвогуле за маскоўскага князя Фёдара Іванавіча.
У выніку адзіны наследнік кароны Швецыі, лютэранскай краіны, стаў каралём католікаў. Напрыканцы снежня 1587 года ён быў каранаваны.
Аднак палажэнне новага караля было вельмі хісткім. Недалёка ад Кракава стаяла войска Максіміліяна Габсбурга. Не было ясна, чыя возьме канчаткова. У студзені 1588 года ў Кракаў прыехала афіцыйная дэлегацыя ВКЛ. Дэлегацыя прадстаўнічая: быў ваявода троцкі Ян Глябовіч, ад сенатарскага стану быў падканцлер Леў Сапега і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства.
Ад іх вельмі шмат што залежыла. Было ясна, што, калі ВКЛ прызнае каранацыю Жыгімонта Вазы і прызнае яго вялікім князем літоўскім, па сутнасці, палова Рэчы Паспалітай далучыцца да яго. Калі не? Тут сітуацыя магла разгортвацца самым непрадказальным чынам. Асабліва ўлічваючы Максіміліяна.
Андрэй:
— У ВКЛ было тры прынцыповых пытанні. Па-першае, была спрэчка за тэрыторыю Інфлянтаў, альбо Лівоніі, там ішла вайна (польскі бок настойваў, каб тэрыторыя Інфлянтаў была прызнана супольным уладаннем (кандамініумам) Польскага Каралеўства і ВКЛ, а княства — каб тэрыторыя цалкам адышла да яго). Па-другое, дэлегацыя ВКЛ патрабавала зацвердзіць перамір’е з Масквой на 15 гадоў. Але там была складаная сітуацыя. Жыгімонт Ваза, як сын шведскага караля, не хацеў, каб Швецыя прызнавала гэты мір з Масквой, бо ёй гэта было невыгадна. Па-трэцяе, уласна пытанне новага Статута.
Пад вечар 27 студзеня дэлегацыі ВКЛ давялося пайсці на шантаж. А шантаж быў такі: калі вы вось зараз не зацвердзіце Статут, то дэлегацыя пакідае Кракаў і будзе думаць, што рабіць. Фактычна гэта азначала, што ВКЛ адмовіцца прыносіць прысягу Жыгімонту Вазе і прызнаваць яго манархам. У адным з дзённікаў каранацыйнага сойму напісана, што прадстаўнікі ВКЛ ужо сталі пакідаць залу. Іх затрымалі ў дзвярах, і Жыгімонт Ваза заявіў: «Добра, я прысягну на вашы правы і вольнасці і зацверджу Статут». Таксама абяцаў зацвердзіць мір з Масквой, а вось пытанне з Інфлянтамі вырашылі адкласці на наступны сойм. Жыгімонт прынёс прысягу і зацвердзіў свае рашэнні, адразу ж пасля гэтага прадстаўнікі ВКЛ прызналі яго князем.
Уладзімір:
— Літаральна праз некалькі гадзін у Кракаў прыйшла інфармацыя, што каронны гетман Ян Замойскі разбіў войскі Максіміліяна, захапіў яго ў палон. У тых жа дзённіках адназначна напісана, што некаторыя палякі казалі: калі б гэтая навіна нам прыйшла перад прысягай, то мы б вам нічога не дазволілі, ніводнага вашага пастулата не зацвердзілі. Фактычна прызнанне Статута 1588 года было пытаннем некалькіх гадзін. Калі б дэлегацыя ВКЛ прамарудзіла, то сітуацыя развівалася б інакш.
Андрэй:
— Значная частка гісторыкаў кажа, што дэлегацыя ВКЛ пайшла на шантаж, бо яны атрымалі звесткі аб перамозе кароннага гетмана раней, чым палякі. Хадзілі чуткі, што ў іх быў свой інфарматар. Статут, такім чынам, быў зацверджаны не соймавай ухвалай (як гэта планавалася спачатку), а канфірмацыйным прывілеем манарха.
«Статут напісаны па-беларуску, бо гэта была мова, якую разумелі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім»
— Наколькі мне вядома, менавіта Статут 1588 года закладваў падмурак для раздзялення заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Якія ячшэ былі прагрэсіўныя артыкулы для таго часу?
Андрэй:
— Статут канчаткова замацоўвае прынцып персанальнай адказнасці за злачынства. У Другім Статуце было адзначана, што дарослыя сыны, калі нават не ведалі пра злачынства бацькі, павінны былі адказваць за ягоную віну: страціць маёмасць, палітычныя правы і гэтак далей. У 70-я гады XVI стагоддзя палітычная эліта ўжо разумела: чалавек не мусіць адказваць не за сваю віну.
Уладзімір:
— Нагодай для гэтага паслужыла гучная па тых часах справа Рыгора Осціка. Осцікі былі знатным і вядомым родам, блізкім Радзівілам. Дык вось Рыгора абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Маскоўскай дзяржавай, прызналі дзяржаўным здраднікам. Ён вёў перамовы з маскоўскімі пасламі, абяцаў дапамагчы ім у Інфляндскай вайне. Яго арыштавалі па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе і вынеслі смяротны прысуд — у Вільні яму адрубілі галаву.
Дык вось, у Осціка быў сын Ян. Па законе таго часу яго павінны былі таксама пакараць. Але сойм 1581 года разглядаў гэтую справу і прызнаў сына (адлучанага ад бацькі ў малым узросце) невінаватым за ўчынак бацькі, пакінуў і шляхетныя вольнасці, і маёнтак. Такім чынам, Ян Осцік не панёс ніякага пакарання за ўчынак свайго бацькі.
Пасля гэтай гучнай справы ў Статуце 1588 года было замацавана, што ніхто іншы не адказвае за віну злачынцы. Для таго часу гэта была вельмі прагрэсіўная норма.
Андрэй:
— Неверагодна прагрэсіўнай быў і артыкул пра свабоду веравызнання. Праўда, у межах хрысціянскай рэлігіі. Першапачаткова гэтую норму прынялі падчас спецыяльнага канвакцыйнага сойма ў Варшаве ў 1573 годзе (так званы акт Варшаўскай канфедэрацыі аб свабодзе веравызнання). Пасля акт пераклалі на старабеларускую мову і цалкам уключылі ў тэкст Статута. Што цікава, у Кароне Польскай такога закона не было, і рыма-каталіцкае духавенства было супраць, але гэта не перашкодзіла зацвердзіць такі закон.
Уявіце сабе! Тут часы рэфармацыі, па ўсёй Еўропе ўспыхваюць рэлігійныя войны, у 1572 годзе адбываецца вядомая Варфаламееўская ноч. У нас у ВКЛ складваецца сітуацыя, якую добра апісаў у сваім дзённіку шляхціч Фёдар Еўлашоўскі, што жыў напрыканцы XVI — пачатку XVII стагоддзя. Італьянскія католікі, якія прыехалі ў ВКЛ, вельмі здзіўляліся, што ў нас за адным сталом маглі сядзець праваслаўны, католік і пратэстант і з імі было ўсё нармальна. У Еўропе такога не было.
Таксама ў Трэцім Статуце ўпершыню з’яўляецца тэрмін пра ўзрост пакарання. Некаторыя разглядаюць гэты артыкул як узроставы цэнз, але гэта не так. Гаворка ідзе пра выключныя ўмовы. Калі чалавека (не толькі шляхціча, але і любога жыхара княства), якому не споўнілася 16 гадоў, схапілі на крадзяжы (заўважце, не на забойстве) па-гарачаму, то яго ўчынак не разглядаўся як крымінальнае злачынства. Пакараннем лічыўся штраф альбо адпрацоўка, калі не было грошай. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі злачынства здзейснена ўпершыню. Калі злачынства паўтаралася, ягоную справу разглядалі як крымінальную.
Уладзімір:
— Таксама за забойства простага чалавека шляхцічам уводзілася смяротнае пакаранне. Раней такога не было. То бок шляхціча каралі, але ён не адказваў сваім жыццём за забойства чалавека іншага саслоўя. З 1589 года і ў першай трэці XVII стагоддзя — адказваў. Так, там быў вельмі складаны спосаб доказу: павінна было быць шэсць сведак, двое з іх шляхцічы.
— Досыць часта нашы чытачы, глянуўшы тэкст Статута, кажуць, што ніяк не відаць, каб ён быў напісаны па-беларуску. Ці маюць яны рацыю?
Уладзімір:
— Як гісторык вам кажу: гэта старабеларуская мова. Статут — гэта ўнікальны помнік старабеларускай мовы XVI стагоддзя. У той перыяд яна заставалася дамінуючай мовай справаводства: паглядзіце і прывілей Казіміра 1447 года, і судзебнік, і ўсе тры статуты былі напісаны на старабеларускай мове. Княства было шматканфесійнай і шматнацыянальнай дзяржавай, але пануючай мовай у той час заставалася старабеларуская. Яе разумелі, і на ёй маглі размаўляць ва ўсіх кутках гэтай дзяржавы, нават у Жамудзі, у этнічных літоўскіх землях!
Андрэй:
— Безумоўна, шырокае распаўсюджванне польскай мовы пагражала статусу старабеларускай, таму ў Статуце 1588 года была замацавана норма, каб пісар земскага суда вёў справаводства па-старабеларуску і толькі ўжываючы кірыліцу. Гэта норма была ўключана не проста так: для часткі шляхты гэта была магчымасць паказаць сваю дзяржаўную ідэнтычнасць, што мы шляхта ВКЛ, у нас ёсць, акрамя іншага, свае законы і свая мова. Гэта не значыць, што яны падпісваліся ў той час толькі на кірыліцы, не, яны ведалі і польскую мову, і лацінскую, і іншыя, але любілі і паважалі сваю мову.
Андрэй:
— Ні ў адной краіне Еўропы не здолелі тройчы за стагоддзе здзейсніць поўную кадыфікацыю права на такім высокім узроўні. Былі, вядома, выдатныя кадыфікацыі ў Венгрыі, Чэхіі і Іспаніі. Але каб столькі норм настолькі розных галін права былі прыведзены ў сістэму і сабраны ў адным заканадаўчым акце, такога не было больш нідзе.
Уладзімір:
— Тагачасная шляхта была актыўная ў вырашэнні тых пытанняў, якія для іх былі важныя. Ім была важная не толькі знешняя і ўнутраная палітыка, але яшчэ і гаспадарчая дзейнасць. Яны былі не простымі ўдзельнікамі, што выконвалі загады зверху. Яны не толькі выказвалі свае ідэі, а яшчэ і реалізоўвалі іх.
Андрэй:
— Так. Шляхта пэўных паветаў ВКЛ (напрыклад, Новагародскага) была гатова ўхваляць адмысловыя падаткі, каб будаваць памяшканні для захавання судовых кніг, не чакаючы, пакуль хтосьці вырашыць гэта пытанне на больш высокім узроўні. Гэта быў перыяд, калі шляхта сама стварала права і змагалася за яго. Гэта быў сапраўдны росквіт Рэчы Паспалітай — як агульнай справы мясцовых жыхароў, якія, па сутнасці, сваімі дзеяннямі закладвалі асновы грамадзянскай супольнасці, але, безумоўна, пакуль для аднаго прывілеяванага саслоўя — шляхты.
Уладзімір:
— Ведаеце, нашы продкі былі вельмі грунтоўнымі і мудрымі ў дачыненні да заканадаўства. Яны не проста кіраваліся прынцыпам большасці, яны стараліся шукаць такое рашэнне, каб задаволіла не толькі большасць, але і меншасць.