Мілітарысцкая нагрузка, якая сёння ўскладаецца на Дзень Перамогі, зневажае яго.
Напярэдадні слаўнага свята, якое жыхары Беларусі, у адрозненне ад іншых дат, прыдуманых чыноўнікамі, адзначаюць не па загаду, а паводле поклічу душы і сэрца, думаецца пра многае. Адказу на балючыя пытанні не дае нават філасофская формула: «Смерць у імя жыцця».
Найперш да роздуму змушае перакос у разуменні сутнасці, сэнсу і значэння перамогі людзей добрай волі над нямецкім фашызмам. У час святкавання на першы план выступаюць пыха і фанабэрыя, якімі поўняцца прамовы кіраўнікоў краін, бляск ордэнаў і медалёў на мундзірах тых, хто нарадзіўся пасля Другой сусветнай вайны, і адыходзіць у цень народнае ўсведамленне шматахвярнай цаны свабоды.
Адразу пасля надыходу міру Дзень Перамогі не святкаваўся з грукатам і вайсковай паказухай, як цяпер. Гэта была дата агульнага памінання, удзячнай памяці пра тых, хто цаною ўласнага жыцця адстаяў Айчыну, жалобнай згадкі ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.
Мілітарысцкая нагрузка, якая сёння ўскладаецца на Дзень Перамогі, зневажае яго. Мяне абурае тое, што пастаянна гучыць займеннік «мы». Трэба забараніць палітыканам бравіраваць, выкарыстоўваць яго для ўласнага самасцвярджэння! Не «мы», а нашы продкі абаранілі родную зямлю ад гітлераўцаў.
Але іхні гераічны прыклад любові да Айчыны пераймаецца толькі на словах. Мы ніяк не можам згуртавацца ў маналітную, свядомую, палітычна адукаваную, актыўную нацыю, якой належыць развівацца на грунце роднай гісторыі, мовы і культуры. Дзе нашы перамогі ў эканоміцы, сацыяльным жыцці? Беспадстаўную пахвальбу, якая гучала на працягу 25 гадоў, нядаўна абвергнуў нават яе аўтар — аўтарытарны правіцель.
Пераемнасць патрыятызму ў пакаленнях палягае не ў тым, каб адзін раз на год глядзець на парадзе на вайскоўцаў і ваенную тэхніку, тусавацца, крычаць «ура!» у час салюту. Нядаўна з унукам Францішкам, ліцэістам, будучым гісторыкам, які рыхтаваў хатняе заданне — аповяд пра свой род на фоне глабальных падзей ХХ стагоддзя, перабіралі ацалелыя, пажоўклыя фотаздымкі.
Мы доўга ўглядаліся ў аблічча, адзенне і абутак яго прадзеда, артылерыста, старшага лейтэнанта Пятра Дарашкевіча, які гераічна загінуў на возеры Балатон, калі вясной 1945 года армады фашысцкіх танкаў прарваліся ў тыл Чырвонай Арміі. Фота — аматарскае, нехта з сяброў зазняў афіцэра ў перапынку паміж баямі. Твар у яго стомлены, са слядамі парахавой копаці, ватная целагрэйка і штаны парваныя, боты разбітыя. Што ні кажы, франтавое быццё было цяжкім, а не такім, як паказвае сучасная прапаганда.
Пра аперацыю фашыстаў «Вясновае абуджэнне» расказваюць дакументы: «Малочисленные стрелковые части, попав под удар немецких танковых дивизий, понесли большие потери и отошли. Поэтому основную тяжесть первого, наиболее мощного удара приняла на себя дивизионная артиллерия корпуса.
Оставшись без пехотного прикрытия, попав к тому же в полное или частичное окружение, большинство артиллерийских частей тем не менее вели ожесточенные бои в течение 1—3 суток, в условиях отсутствия подвоза боеприпасов и продовольствия, неся значительные потери, но не отступая. К исходу третьих суток немецкого наступления артиллерия 31-го гв. ск (гвардзейскі стралковы корпус. — C. З.) потеряла более 70 проц. материальной части и 46—66 проц. личного состава».
У 1979 годзе ў складзе дэлегацыі Саюза пісьменнікаў СССР мне давялося пабыць у Венгрыі. Загадзя даведаўшыся пра паездку, рашыў завезці жменьку роднай зямлі і васількі з Ушаччыны на магілу Пятра. Паводле жалобнага паведамлення яго пахавалі каля мястэчка Аданд, але, зразумела, што ніхто з родных там не быў.
У вандроўках госць сабе не належыць, ім распараджаюцца гаспадары. На дварэ быў спякотны ліпень, кіраўнікі венгерскага саюза пісьменнікаў адпачывалі. Тры функцыянеры прыехалі ў офіс, падпісалі дамову пра супрацоўніцтва, выпілі з намі пару кілішкаў каньяку і вярнуліся да сем’яў. А нас — трох расіян і беларуса — выправілі купацца якраз на возера Балатон. Калі нехта падумаў, што мне пашанцавала — завезлі проста на месца, то памыляецца. Па-першае, да мястэчка было далёка, па-другое, савецкім камандзірованым грамадзянам абменьвалі на форынты 30 рублёў. На такую суму не раз’ездзішся. Толькі ў канцы паездкі ў Будапешце ўдалося ўгаварыць гаспадароў дапамагчы трапіць на магілу Пятра. На цэлы дзень мне выдзелілі перакладчыцу і аўтамабіль.
Але вандроўка каштавала нерваў. Вадзіцель аказаўся перакананым нацыстам, былым вермахтаўцам, які быў у савецкім палоне. Што гэта за чалавек — гаварыў такі факт: ён уцёк з лагера, дайшоў да лініі фронту, перайшоў яе, прабраўся ў Будапешт і хаваўся ў радні, пакуль не скончылася вайна. Уяўляеце, які след за сабою пакінуў, каб выжыць!
Вадзіцель злосна бурчаў, праклінаў рускіх (за палон і за падзеі 1956 года, калі савецкія танкі задушылі венгерскае паўстанне). Каб сарваць маю задуму, ён паехаў па іншым беразе Балатона да вёскі Адант, дзе захаванняў салдат не было. Калі гэта высветлілася, сабатажнік адразу заспяшаўся дахаты.
Інакш павяла сябе перакладчыца, яна забрала карту, мы з ёй знайшлі мястэчка Аданд, назва якога толькі адной літарай адрозніваецца ад назвы вёскі, прымусілі вадзіцеля пераправіцца на пароме праз возера і ўвечары трапілі на месца. Беларуская зямля і васількі нарэшце апынуліся на братняй магіле. Сваё адчуванне таго моманту я перадаў у вершы «Балатонскія чайкі»:
Быццам толькі што іх, маладых, пахавалі,
Плачуць вецер і чайкі — тугі падгалоскі…
І падсвечвае чырванню крылы і хвалі
Незамглёнай зары трапяткая палоска.
Для маіх дзяцей і ўнукаў гісторыя Беларусі не нешта абстрактнае, а жывая тканіна чалавечага быцця, у якой важная кожная нітачка. Яны памятаюць салдата першай сусветнай вайны Васіля Законнікава, чырвонаармейца Хведара Дубко, рэпрэсіраванага ў 1936 годзе паэта Сяргея Ракіту (С. В. Законнікава), партызана Мікалая Дарашкевіча (загінуў у 16 гадоў), урача-падпольшчыка Васіля Дарашкевіча (расстраляны фашыстамі), ваеннага ўрача, франтавіка Уладзіміра Дарашкевіча, артылерыйскага разведчыка Рыгора Драгіна, зенітчыка Івана Законнікава, партызанак Валянціну Дарашкевіч, Валянціну Дубко…
Меркантыльная эксплуатацыя Дня Перамогі зацягнулася, шмат дэмагогіі гучыць на слаўным свяце. Лічу, што выціскванне трагічнай памяці з душаў людзей на карысць казённага «патрыятызму» — гэта злачынства.
У свеце склалася парадаксальная сітуацыя: усе нібыта стаяць за мір, а яго як не было, так і няма. Якраз тыя, хто прэзентуе сябе абаронцамі спакою, гандлююць зброяй, прывучаюць чалавецтва да вайны. Час на планеце настаў небяспечны.
Але выйсце ёсць. Дасціпныя людзі раяць ваяўнічым «міратворцам»: калі вам хочацца пазмагацца, то не ўцягвайце ў бойку іншых, а самі надзявайце баксёрскія пальчаткі і выходзьце на рынг, каб біцца да ўпаду.
Карысць будзе трайная: мільёны людзей на планеце застануцца жывымі, гледачы да слёз парагочуць з экзатычнага відовішча, а «байцам» перападзе ганарар ад платных білетаў, якія разыдуцца нарасхват.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com