Менскі гісторык разгадвае код беларускага першадрукара.
Чаму беларусам ня дадзена па-сапраўднаму палюбіць Скарыну? Зрабіць цалкам сваім у сьвядомасьці? У чым праблема? Праблема ў тым, што ўявіць сябе «ў скуры» партызана яны могуць, а «у скуры» Скарыны — не. І даўно было, 500 год таму, і не да канца зразумела. Што, зрэшты, выцякае адно з другога. А начальства яшчэ больш зацямняе, называючы ўпарта першадрукара — Францыскам, у дужках — Георгіем. І ўзнагароджваючы ордэнам з такім менавіта надпісам, напрыклад, прадстаўнікоў расейскай папсы.
У пэўным сэнсе эмацыйна пераўвасобіцца ў Скарыну, «стаць на ягонае месца» удалося Аляксею Шаланду, менскаму гісторыку. З-пад яго рукі выйшла грунтоўная праца «Код Францішка Скарыны». Мы наракаем: замала дакумэнтаў, белыя плямы ў біяграфіі. Аднак не заўсёды ўсьведамляем: адзін з першых эўрапейскіх друкароў пакінуў пасьля сябе выданьні, у якіх мноства ілюстрацый. І яны ня проста дадатак да тэксту. У іх — зьвесткі пра час Скарыны, пра яго самога, пра палітычныя погляды нашага першага беларуса.
Так лічыць Аляксей Шаланда. І напэўна ж не памыляецца.
Гісторык ня першы, хто разумеў — у гравюрах зашыфравана значна больш інфармацыі, чым можа лічыць сучасны чалавек, чым можа асэнсаваць. Напрыклад, у гербах. А геральдыка шмат значыла ў старыя часы. Розныя дасьледчыкі шукалі і памыляліся ў пошуках. У тым ліку гэта датычыць і самога аўтара «Коду», які зь цягам часу паглыбляў свае веды.
Што атрымалася? Яму ўдалося зрабіць пэўныя адкрыцьці, па сутнасьці сэнсацыйныя. Напрыклад, Аляксей Шаланда так і піша: «Праз гербы і гербавыя выявы беларускі першадрукар зашыфраваў у сваіх праскіх і віленскіх выданьнях найбольш важныя гістарычныя падзеі ў Эўропе і ВКЛ у 1515–1522 гадах, сучасьнікам і сьведкам якіх ён сам зьяўляўся».
Менскі дасьледчык праводзіць крок па кроку сваё гістарычнае расьсьледаваньне на падставе скарынаўскіх кніг.
У вядомай гравюрнай застаўцы «Вазон» з кнігі «Псалтыр» (1517) дзьве партрэтныя выявы. Аляксей Шаланда лічыць, што гэта бацькі першадрукара. І навукова тлумачыць усе падрабязнасьці. Даводзячы, між іншым, што галаўныя ўборы мужчыны і жанчыны — «беларускія (так!) нацыянальныя».
На геральдычным ініцыяле «Х» вісяць шчыт са знаёмымі выявамі сонца і паўмесяца, а таксама шабля ў похвах. Першым выказаў думку, што Скарына таксама насіў збою і абараняў радзіму, Гай Пікарда. Аляксей Шаланда зь ім пагаджаецца, робячы наступны крок. Як полацкі мешчанін, Скарына павінен быў асабіста выконваць вайсковы абавязак. Гэта вынікала з магдэбурскага прывілею, які Полацак атрымаў яшчэ ў 1498 годзе. У попісе войска ВКЛ за 1528 год пазначаны Іван Скорнік, якога дасьледчыкі лічаць братам першадрукара Іванам, падкрэсьлівае дасьледчык.
Пасаваны на «Залатую Астрогу»?
Аўтар «Коду» выказвае думку, што першадрукар «быў пасаваны на рыцара» і што гэта магло адбыцца на Венскім кангрэсе (1515) альбо ў наступным годзе, калі ўступаў на чэскі трон Людвік Ягелён. «Рыцар Залатой Астрогі» — ганаровае званьне. Скарына, аднак, не ўступіў у шляхецкі стан, яму не хапіла набілітацыйнага прывілею, які маглі даць імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі або кароль Чэхіі. Ёсьць і ўскосны калі ня доказ, то абгрунтаваньне: у гербавай застаўцы прысутнічае каралеўская «ляска», піша гісторык. І выказвае адначасова думку, што набілітацыйны дакумэнт насамрэч існаваў, але быў страчаны з асабістым архівам і бібліятэкай Скарыны.
«За вайсковыя заслугі»
Булава на адной з кніжных заставак можа сьведчыць аб тым, што Скарына меў рэкамэндацыю да манарха ад кагосьці з дзяржаўцаў ВКЛ. Хутчэй за ўсё ад найвышэйшага гетмана Канстанціна Астроскага. Ягоная харугва зьмешчаная ў «Бібліі Рускай». І такое супадзеньне не магло ў тыя часы быць простай выпадковасьцю, перакананы дасьледчык.
Ня проста Біблія
Гравюры, прадмовы сьведчаць аб тым, што з-пад друкарскага варштату выйшаў ня проста пераклад Старога запавету, а фактычна новы твор, піша Аляксей Шаланда. Невыпадкова ж ён мае асобную назву-«Біблія Руская». Асаблівасьцю сымболікі ілюстрацый ёсьць тое, што яны «мелі выразна патрыятычны характар, зьвязаны найперш з Бацькаўшчынай першадрукара — Полацкам і Полацкай зямлёй», падкрэсьлівае гісторык.
Сымболіка гравюры «Прамудрасьць Божая» (з кнігі «Песьня песьням», 1518) дае яму падставу для высновы, што Полаччына выступае на ёй як «зямны дом Ісуса Хрыста».
Зашыфраваў Венскі кангрэс
Сёньня можна ўпэўнена сьцьвярджаць, піша гісторык, што ў гравюры «Памазаньне Давіда» (з першай кнігі «Царствы», 1518) Скарына зашыфраваў падзеі Венскага кангрэсу. Адной з галоўных мэтаў было фактычна падзяліць Эўропу паміж Габсбургамі і Ягелёнамі. Зразумела, што на гравюры не дакладны рэпартаж з месца падзеяў, а нешта іншае. Разам з тым ранейшыя здагадкі, што наш першадрукар прысутнічаў там асабіста, набываюць вагу фактаў, мяркуе Аляксей Шаланда.
Знайшоў яшчэ аднаго Францішка
Менскі гісторык робіць сэнсацыйную заяву. У «Памазаньні Давіда» не манархі і біблейскі сюжэт былі асноўнымі, а група з трох чалавек справа, якія выразна вылучаюцца. Сярэдні — малады вусаты мужчына мае меч у левай руцэ. Гэта — каранацыйны меч, які належыць успрымаць як сымбаль шляхецтва. Аляксей Шаланда называе гэтую постаць непасрэдна самім Францішкам Скарынам.
Скарына — рыцар
Адна з самых вядомых і насычаных гравюраў — тая, што прынята называць скарочана «Аблогай» з чацьвёртай кнігі «Царствы». Поўная назва: «Навухаданосар, бабілёнскі цар здабывае Ерусалім». Пільную ўвагу прыцягваюць дзьве геральдычныя выявы на харугвах. Адну — «са Скарынавым сонцам і паўмесяцам — трымае конны рыцар у зброі».
Гэта сьведчыць, што ў «Аблозе» неабходна шукаць рэальныя вайсковыя падзеі. Для Скарыны Новым Ерусалімам мог быць толькі родны Полацак. У 1512–1522 Полацкую зямлю наехалі маскоўцы, бралі ў аблогу сам Полацак, захапіўшы Смаленск. Навухаданосар, піша Шаланда, нагадвае на гравюры сваім выглядам вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ, заваёўніка.
Гісторык падрабязна спыняецца на тым, які канкрэтна эпізод з аблогі мог выбраць сюжэтам для гравюры першадрукар. Ён лічыць, што гэта мела быць аблога гораду Шуйскім у 1513 годзе.
На гравюры падрабязна «прамаляваная» група з трох рыцараў, адзін трымае якраз сьцяг са скарынавым гербам. На галаве аднаго турнірны шлем, які прысутнічае ў поўным гербе першадрукара. Лягічнае пытаньне: ці ня сам гэта Скарына? Бо ня выключана, што як вайсковаабавязаны ён вярнуўся з Падуі, каб абараняць горад.
Вывучаючы гравюры ў выданьнях першадрукара, гісторык знаходзіць, на ягоную думку, гетмана Канстанціна Астроскага (у постаці біблейскага ваяводы Ісуса Навіна).
З кім «Бог у раі»?
Разьбіраючы гравюрную застаўку «Бог у раі», аўтар робіць выснову, што кожны са зьвяроў мае сваё значэньне. А гэта аднарог, алень, леў і мядзьведзь. Тлумачэньне трэба шукаць у галіне зямельна-тэрытарыяльнай геральдыкі.
Напрыклад, мядзьведзь адчайна вые. Чаму? Аляксей Шаланда робіць такую выснову: мядзьведзь тады быў сымбалем Смаленскага ваяводзтва, а Смаленск напярэдадні быў страчаны…
Я расказаў толькі аб частцы пошукаў і знаходак менскага гісторыка. Аляксей Шаланда зазначае, што «Біблія Руская» фактычна выконвала ў свой час таксама ролю гербоўніка. Зь яе шляхта і мяшчане бралі ўзоры пры стварэньні ўласных гербаў.
«Код Францішка Скарыны» вылучаецца сярод навуковых кніг, яе дастаткова лёгка і, безумоўна, цікава чытаць. Чытача вядзе наперад інтрыга. Мяне асабіста папросту завабілі словы загалоўка «Скарына — рыцар».
Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»