Юрка Монiч быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.
23 траўня сябры Руху Салідарнасці „Разам” ушанавалі памяць легендарнага барацьбіта за незалежную Беларусь Юркі Моніча, які быў забіты ў баі з карнымі атрадамі бальшавікоў 94 гады таму, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Сямёра актывістаў Руху з Менска, Барысава і Жодзіна найперш наведалі Барысаўскія батарэі, – месца магчымага пахавання беларускага героя і яго расстраляных паплечнікаў па барацьбе.
Ігар Лялькоў, міжнародны каардынатар Руха і кіраўнік дэлегацыі, распавёў пра гераічны чын беларускага паўстанцкага атамана Юркі Моніча, які быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка ў часе Слуцкага Збройнага Чыну, кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.
Ігар Лялькоў у сваёй прамове падкрэсліў, што „гэтыя людзі для нас, беларускіх нацыяналістаў, безумоўна з’яўляюцца нашымі папярэднікамі, таму мы павінны захоўваць памяць пра іх, каб перадаваць яе нашым нашчадкам. На жаль, цяперашняя беларуская дзяржава не дбае пра ўшанаванне памяці такіх людзей, як Юрка Моніч, але я ўпэўнены, што пройдзе час, і сітуацыя зменіцца, і ў пантэоне герояў Беларусі Юрка Моніч зойме свае ганаровае месца.”
На месцы знесенага мясцовымі ўладамі крыжа, які быў усталяваны ў памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору, святар Беларускай аўтакефальнай царквы а. Вікенцій памаліўся за спачын душы забітых, актывісты паднялі бела-чырвона-белы сцяг, запалілі знічкі і ўсклалі кветкі.
Наступнымі пунктамі аб’езду памятных мясцінаў збройнага супраціву бальшавіцкай навале 1919-1924 гг. былі вёска Жаберычы, дзе нарадзіўся Юрка Моніч, і лес, які народная памяць з тых часоў і дасюль заве „Монічавым”. Тут, на ўскрайку лесу паміж вёскамі Вялікія Жаберычы і Радзіца, тагачасным кіраўніцтвам Руха Салідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам, Алесем Мазурам, Алесем Макаевым разам з вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным і іншымі беларускімі нацыяналістамі 23 траўня 2007 года быў усталяваны першы крыж Монічу.
На гэтым месцы, дзе ў ноч з 22 на 23 траўня 1924 года быў забіты легендарны кіраўнік партызанскага атрада Юрка Моніч, сябры Руха Салідарнасці „Разам” узнялі бела-чырвона-белыя сцягі. Ігар Лялькоў распавёў пра апошні бой Юркі Моніча, пра запалохванне жыхароў навакольных вёсак, якія падтрымлівалі антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу. І выказаў спадзяванне, што памяць беларускага нацыянальнага героя, які змагаўся за нашую дзяржаву, будзе жыць у народнай памяці і ўшаноўвацца і далей. Хвіліна маўчання завяршыла акцыю.
Па традыцыі, ля крыжа прагучала кароткая паніхіда, якую адслужыў айцец Вікенцій, былі запаленыя знічкі і ўскладзеныя кветкі.
Тройчы прагучала „Жыве Беларусь!”