25 траўня маладыя дасьледчыкі сустрэліся ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Маладыя навукоўцы з розных краін Эўропы сабраліся, каб абмяняцца сваімі ведамі і адкрыцьцямі пра Беларусь. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, беларускай літаратуры і тэатру, праблемы старажытнай і сучаснай беларускай мовы, а таксама замежная палітыка Рэспублікі Беларусь — вельмі розныя тэмы гучалі ў выступленьнях маладых вучоных падчас міждысцыплінарнай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”, паведамляе Польскае радыё.
З 2000 году на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту дзейнічае навуковы гурток Albaruthenica. З 2017 году гурток аб’ядноўвае сем студэнтаў. Старшыня суполкі Albaruthenica — студэнт Ян Вячорак. Навуковы кіраўнік — прафэсар Мікалай Хаўстовіч. Удзельнікі гуртка зьбіраюць і папулярызуюць інфармацыю пра Беларусь, удасканальваюць веды па беларускай мове. Да суполкі можа далучыцца кожны студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Гурток зьяўляецца арганізатарам сёньняшняй канфэрэнцыі.
Філіп Урбаньскі, старшыня арганізацыйнага камітэту міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”:
- Сёлета канфэрэнцыя праходзіць у трэці раз. У ёй дзельнічаюць 15 маладых навукоўцаў. З году ў год колькасьць удзельнікаў прыкладна аднолькавая. Мы стараемся гуртаваць дасьледчыкаў з розных навуковых цэнтраў — з Варшаўскага ўнівэрсытэту, Унівэрсытэту ў Беластоку, а таксама з-за мяжы. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць магістры, дактаранты, якія рыхтуюць свае навуковыя дысэртацыі.
З Гішпаніі спэцыяльна на канфэрэнцыю ў Варшаўскі ўнівэрсытэт прыляцела яго леташняя выпускніца Анхэля Эсьпіноcа Руіс. Цяпер яна плённа працягвае навучаньне на бацькаўшчыне:
- Я ўдзельнічала ў арганізацыі папярэдняй канфэрэнцыі, а таксама выступала там з дакладам. А сёлета прыехала ў свой “стары” ўнівэрсытэт, дзе скончыла магістратуру па беларускай філялёгіі.
- Чым займаесься цяпер у Мадрыдзе?
- Паступіла ў асьпірантуру, пішу дысэртацыю — параўнальнае дасьледаваньне беларускай і гішпанскай літаратур ХІХ стагодзьдзя: пра фальклёрныя элемэнты ў прозе Яна Баршчэўскага і гішпанскага рамантыка Густава Адольфа Бэкера.
Візыт у польскую сталіцу для Анхэлі Эсьпіносы Руіс — гэта таксама нагода сустрэцца з калегамі, сябрамі.
Яшчэ адзін замежны госьць канфэрэнцыі — Раман Сварабовіч. Ён прадстаўляе Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. У Варшаву прыехаў, каб падзяліцца з тутэйшымі беларусістамі сваімі назіраньнямі за працэсам пранікненьня іншамоўных слоў у беларускую мову.
- Калі нейкі прадмет ці зьява ўпершыню зьявіліся за мяжой, і Беларусь хоча іх запазычыць, то бярэ з-за мяжы і слова, якое абазначае новы прадмет або зьяву. Запазычваньні ў беларускую мову найбольш часта прыходзяць праз польскую і расейскую, бо гэтыя мовы на крок апярэджваюць беларускую. Слоў, якія трапілі ў беларускую мову ў ХХ-ХХІ стагодзьдзях, вельмі шмат. Гэта зьвязана з разьвіцьцём такіх галін, як робататэхніка, генэтыка — тут вельмі шмат запазычваньняў, - кажа Раман Сварабовіч.
Дыялёг пра беларускую мову працягнула ў сваім дакладзе дактарант Варшаўскага ўнівэрсытэту Кляўдыя Собань. Яшчэ ў магістратуры дзяўчына занялася вывучэньнем палітыкі ўлад Польскай Народнай Рэспублікі ў адносінах да школ зь беларускай мовай навучаньня ў ваколіцах Беластоку.
- Палітыка камуністычных улад вяла да таго, каб Польшча стала монаэтнічнай дзяржавай. Аднак нават часовае паляпшэньне сытуацыі, калі на Падляшшы раптам адкрывалася вельмі многа беларускіх школ, не давала таго выніку, які чакаўся. Бо гэтыя школы не функцыянавалі так, як мусілі. Іх зноў ліквідавалі. Усё гэта прыводзіла да таго, што беларусы не адчувалі сваёй адметнасьці, мелі праблемы з самаідэнтыфікацыяй, - гаворыць Кляўдыя Собань.
Кола студэнтаў беларусазнаўцаў Варшаўскага ўнівэрсытэту здолела сёлета згуртаваць вакол беларускай тэматыкі маладых і пэрспэктыўных дасьледчыкаў з розных навучальных устаноў Польшчы, Гішпаніі, Беларусі. Навуковы кіраўнік гуртка Albaruthenica Мікалай Хаўстовіч паабяцаў, што найлепшыя даклады ўбачаць сьвет у друку — на старонках часопісу Acta Albaruthenica.
Мікалай Хаўстовіч, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, навуковы рэдактар часопісу Acta Albaruthenica:
- Чакаем вашы артыкулы. Вельмі цешыць тое, што даволі вялікая група маладых навукоўцаў займаецца беларускай тэмай. Нічога дзіўнага ў гэтым бадай няма. Шмат вякоў два нашы народы жылі ў адной дзяржаве.
Многія даклады на канфэрэнцыі закраналі беларуска-польскія адносіны ня толькі ў мінулым, але і ў сучаснасьці. Напрыклад, Філіп Урбаньчык расказаў пра пэрспэктывы Беларусі і Польшчы як транзытных краін на гандлёвым шляху, якія вядзе з Кітаю на захад Эўропы. Аналізаваліся ў выступленьнях і адносіны Беларусі з Расеяй, Украінай, Эўрапейскім зьвязам.
Канфэрэнцыя студэнтаў і дактарантаў Варшаўскага ўнівэрсытэту сьведчыць пра тое, што ў Польшчы і Эўропе існуе цікавасьць да Беларусі, а сярод удзельнікаў форуму маладых вучоных, праўдападобна, былі будучыя аўтарытэтныя спэцыялісты па беларускім пытаньні.