Маштаб постаці Скарыны значна большы, чым мы гэта ўяўлялі.
29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі «Радыё Свабода». Яе склалі аўтарскія эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія расказваюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця.
А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая.
У 2017 годзе скарыназнаўства нарэшце вырвалася з позьнесавецкіх дасьледніцка-ідэялягічных каляін. Прачнуліся нават эўрапейскія навукоўцы і са зьдзіўленьнем заўважылі, што маштаб постаці Скарыны значна большы, а дэталі ягонага жыцьця значна цікавейшыя, чым яны гэта ўяўлялі.
А што ўжо казаць пра беларускіх дасьледчыкаў і адукаваную публіку, якія паспрабавалі перачытаць Скарыну ды глянуць на ягоную справу сьвежым вокам. Пазнаходзілі новыя дакумэнты, распачалі гарачыя спрэчкі практычна па ўсіх пунктах Скарынавай працы й жыцьцярысу, надрукавалі небывалую колькасьць скарыназнаўчай літаратуры, правялі безьліч канфэрэнцый, круглых сталоў, канцэртаў, летніх школ, мастацкіх пленэраў, малебнаў ды мота- і велапрабегаў...
І толькі лянівы ня ўцяміў, што зваў сябе наш герой Францішак («Францишек»), а не Францыск, хоць дзяржава працягвала немаведама чаго ўпарціцца і настойваць на афіцыйным захаваньні расейскай традыцыі засваеньня нерасейскага імя.
Сярод усяго гэтага віру, на маю заангажаваную думку, вельмі адметнаю была праца Сяргея Абламейкі (ад нядаўняга часу доктара гісторыі, з чым яго шчыра віншую), які цэлы год публікаваў на сайце Радыё Свабода пад агульнай назваю «Нечаканы Скарына» свае ўласныя скарыназнаўчыя дасьледаваньні, развагі, ідэі, здагадкі, гутаркі зь іншымі знаўцамі, а цягам пары тыдняў напярэдадні самога юбілею 6 жніўня зьмяшчаў новыя матэрыялы штодня (!).
Я з задавальненьнем чытала гэтыя публікацыі, якія часам адкрывалі для мяне нешта новае, часам падавалі ў новым ракурсе штосьці вядомае, часам пацьвярджалі мае ўласныя здагадкі, часам давалі мне неабходныя падказкі ў тэмах, якія я сама распрацоўвала. А бывала, самой карцела нешта падказаць аўтару.
І гэта хацелася чытаць яшчэ й таму, што ва ўсіх тэкстах заўважалася і велізарная эрудыцыя аўтара, і ягоная асабістая захопленасьць тэмаю, дасьледніцкі энтузіязм, велізарная любоў да Скарыны, да гісторыі, да чалавечай культуры. І ўсе гэтыя невялікія аб’ёмам тэксты — і паводле зьместу, і паводле падачы матэрыялу — былі нейкім сьвежым струменем у нашай інтэлектуальнай прасторы.
І я вельмі цешуся, што ўсе гэтыя публікацыі цяпер сабраныя разам у адну кнігу. І з гэтым давядзецца лічыцца, бо яна зробіць важны ўнёсак у сучаснае асэнсаваньне постаці Францішка Скарыны і ў фармаваньне новага пагляду на ягоную ролю ў велікакняскіх ды эўрапейскіх культурных і палітычных працэсах ХVI стагодзьдзя, а таксама на значэньне ягонага даробку і ўплыву на нашы цяперашнія нацыятворчыя працэсы.
У кнізе ня толькі сам Скарына паўстае яркай постацьцю эпохі Рэнэсансу. Там паўстае сам Рэнэсанс, прычым у тых сваіх цывілізацыйных аспэктах, якія былі натуральнымі і абавязковымі для свайго часу, але засталіся малавядомымі сучаснаму беларускаму чытачу.
Культурнае ды камэрцыйнае віраваньне тагачасных гарадоў, дзе пульсавала энэргія новага часу, Вэнэцыя, Падуя, Прага, асаблівасьці віленскага сацыяльнага ды навуковага жыцьця, перадавыя ідэі ды павевы маладога яшчэ кнігадруку, сымболіка кніжнай графікі, бурнае рэлігійнае жыцьцё, Лютэр, Парацэльс, пэрсанажы эўрапейскай палітыкі, культурныя падзеі, звычкі й рытуалы акадэмічнага сьвету, мяшчанскі побыт эпохі — і ўсё гэта разглядаецца праз прызму беларускага самаадчуваньня й фармаваньня беларускай тоеснасьці.
Пытаньне беларускасьці Скарыны — вядома ж, з увагаю на анахраністычнасьць гэтага тэрміна ў дачыненьні да ХVI стагодзьдзя — застаецца ў цэнтры ўвагі праз усю кнігу. З аднаго боку, Сяргей Абламейка дасьледуе, кім імаверна пачуваў сябе сам Скарына, да якой царквы хінуўся, якую мову лічыў сваёю і якою моваю выдаваў сваю Біблію. З другога боку, ён выяўляе, як складаліся савецкія стэрэатыпы наконт Скарыны і мовы ягонай Бібліі.
І што яшчэ для мяне важна, гэта тое, што кніга пацьвярджае й абгрунтоўвае меркаваньне, што Скарына быў пачынальнікам беларускай інтэлектуальнай традыцыі, а выданьне ягонай Бібліі 1517 году можна лічыць адпраўным пунктам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.
Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.
Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.
Замовіць кнігу можна тут.