Арсень Сяргеевіч Ліс быў сапраўднай энцыкляпэдыяй міжваеннай Заходняй Беларусі.
Чатыры гады маёй падрыўной працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1987-1991) прынесьлі мне каштоўны здабытак — знаёмства зь дзясяткам вельмі адметных людзей, сапраўднай беларускай культурнай элітай, якая гадавалася пад савецкім асфальтам і жалезабэтонам, сям-там яго падточваючы, а дзе і прабіваючы.
Сёньня адзін такі чалавек скончыў свой жыцьцёвы шлях.
Арсень Сяргеевіч Ліс — адзін з найшляхетнейшых людзей, якіх я толькі сустракаў у сваім жыцьці — быў сапраўднай энцыкляпэдыяй міжваеннай Заходняй Беларусі. Усё жыцьцё ён назапашваў у сабе інфармацыю пра культуру, мастацтва, палітыку, ведаў там усіх і пра іх усё, а з тымі, хто дажыў, быў знаёмы і асабіста.
Гэтым сваім скарбам ён дзяліўся даволі ашчадна. Падсавецкія афіцыйныя публікацыі (біяграфіі Тарашкевіча, Шчакаціхіна, Сергіевіча, шматлікія артыкулы, этнаграфічныя працы) былі толькі вяршыняй айсбэрга ягоных ведаў. А было яшчэ столькі ўсяго, пра што было нельга пісаць адкрыта...
Вучаны жорсткім досьведам Арсень Сяргеевіч быў чалавекам вельмі асьцярожным. У канцы 1980-х мы шмат гадзін правялі зь ім за размовамі ў розных абставінах — у выдавецкім кабінэце, на калідорах і лесьвіцах, на вуліцы, у яго дома. І ніколі ягоны голас не ўзьнімаўся вышэй абачлівага piano, якое часта пераходзіла ў шэпт, а вочы ягоныя сканавалі прастору ў шырокім радыюсе навокал — ці няма дзе непатрэбных вушэй.
Арсень Ліс быў адным з тых, хто праз савецкія гады кантрабандна пранёс у будучыню несавецкую беларускасьць. Дзякуючы ім сёньня Беларусь яшчэ застаецца Беларусьсю. Праўда, імя ягонае нячаста згадваецца ў розных ганаровых сьпісах заслужаных для беларускай Незалежнасьці людзей. А дарма.
Сяргей Шупа, «Радыё Свабода»