Сустаршыня БХД абвяшчае на 1 чэрвеня ўсеагульную мабілізацыю абаронцаў Курапат.
Госьць «Радыё Свабода» — сустаршыня БХД Павал Севярынец. Ён абвяшчае на 1 чэрвеня ўсеагульную мабілізацыю абаронцаў Курапат, тлумачыць, чаму ўласьнікі «Паедзем-паядзім» павінны бясплатна перадаць свой будынак пад музэй сталінскіх рэпрэсій, і заяўляе, што ў гэтай тэме ўлада мае шанец перамяніць сам вобраз і характар рэжыму.
Нейкія сілы любым спосабам хочуць спляжыць, спаганіць, паставіць пад пытаньне тэму ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
— Тэма Курапатаў зноў выходзіць на арэну беларускага грамадзкага жыцьця. Але ў адрозьненьне ад мінулых чынаў, якія называліся «абаронамі Курапатаў», цяпер сытуацыя іншая, бо размова ідзе не пра абарону тэрыторыі, а пра пабудаваны аб’ект.
— Яшчэ ў 2012 годзе было вынесена рашэньне пракуратуры, што будоўля там немагчымая. Бо гэта ахоўная зона мэмарыялу першай катэгорыі. У 2013 годзе Міністэрства культуры злачынна, і, як мы падазраем, у выніку карупцыйнай схемы вывела частку ахоўных зонаў з-пад гэтай юрысдыкцыі. То бок аддала іх пад зону рэгуляванай забудовы. У выніку гэтай карупцыйнай зьдзелкі мы атрымалі спробы пабудаваць бізнэс-цэнтар летась, і цяпер маем адкрыцьцё «Бульбаш-холу» пад новай шыльдай.
Сутнасьць застаецца — нейкія сілы любым спосабам хочуць спляжыць, спаганіць, паставіць пад пытаньне тэму ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І тут — і кальцавая дарога, і пасёлак «Сонечны», і іншыя спробы заканадаўча або інфармацыйна аспрэчыць гэтую тэму — сотні тысяч забітых падчас сталінскага тэрору. Таму гэта чарговая сэрыя, адзін з пунктаў доўгага змаганьня за Курапаты. Але я перакананы ў тым, што беларусы выйдуць абараніць свой народны мэмарыял.
— Можа, тут размова ідзе выключна пра бізнэс і грошы? «Нічога асабістага, проста бізнэс»? Убачылі нейкі прынадны лапік зямлі і захацелі пабудаваць там аб’ект, які будзе прыносіць прыбытак. Думаеце, будаўнікі «Бульбаш-холу» настолькі дасьведчаныя ў тэме сталінскіх рэпрэсій?
— Гэтыя людзі жывуць у Беларусі і абсалютна дакладна ведаюць, куды яны ўлезьлі. Больш за тое, гэта ж не першапачатковыя забудоўшчыкі. Першапачатковыя збылі гэты бізнэс некаму іншаму — мы цяпер шукаем, хто ўладальнік. Гэта пакрыта імглой, ніхто ня хоча гаварыць, прызнавацца. Але я спадзяюся, што неўзабаве мы гэта даведаемся.
Больш за тое, адкуль узятая гэтая новая назва — «Паедзем-паядзім»? Гэта з папулярнага ток-шоў на НТБ, галоўны расейскі агрэсіўны імпэрскі канал. Другое, журналісты ведаюць, што там працуюць у ахове нейкія казакі, працуюць былыя АМАПаўцы. І яны выказваюцца такім чынам — «А што такога? Мы наўмысна менавіта сюды хацелі ісьці працаваць».
Цалкам не разумеюць — ці сэрца няма, ці галавы — што гэта зусім не такі выпадак. Там, дзе сотні тысяч нявінна расстраляных людзей, там проста маўчаць трэба. Там павінна быць прастора, поле, празь якое чалавек падыходзіць да мэмарыялу і разважае. Канечне, тым больш не рэстарацыя.
Якая кампэнсацыя, якія грошы — ёсьць пытаньні, якія ня маюць кошту
— Але рэстарацыя стаіць, будынак гэты пабудаваны. Які варыянт рашэньня праблемы вы прапануеце? Яго трэба зьнесьці, прадаць, перадаць?
— Разбураць, паліць ня варта. На наш погляд, гэты будынак можна перапрафіляваць у музэй сталінскіх рэпрэсій. І мы зьвярнуліся адкрыта праз СМІ да ўласьнікаў — калі мы ня можам вас ідэнтыфікаваць, то зьвяртаемся да вас публічна — перадайце, калі ласка, гэты будынак грамадзкасьці з умовай зрабіць там музэй сталінскіх рэпрэсій.
Усё цудоўна, гэта варыянт, які ўсіх задаволіць. Уласьнікам — грандыёзны піяр, пра гэта паведамяць усясьветныя СМІ, грамадзтву — мэмарыял, дзяржаве ня трэба будзе траціць грошай, здымаецца юрыдычнае пытаньне. Бо не павінна быць у ахоўнай зоне Курапатаў будынкаў, але калі гэта музэй — то калі ласка.
Мы на гэта пакладзем намаганьні, будзем настойлівыя, але карэктныя і культурныя.
— Але тут ёсьць і фінансавы момант. Яны патрацілі на пабудову ці выкуп гэтага будынка свае грошы — і цяпер хацелі б кампэнсацыі.
— Яны б хацелі, але гэта ня той выпадак. Ёсьць пытаньні, якія проста ня маюць кошту. Пра які кошт можна казаць у выпадку з курапацкай зямлёй, дзе кроў сотняў тысяч нявінна забітых людзей? Гэта ж ня проста могілкі, гэта месца забойства нявінных людзей, гэта сьвятое месца для любога беларуса, дый увогуле любога чалавека.
Таму тут не павінна ісьці размова пра грошы, бо ёсьць рэчы, якія кошту ня маюць. Я думаю, што тут шырокі жэст быў бы цалкам дарэчы. У выніку ўсе даведваюцца, што ёсьць такая цудоўная кампанія, пра гэта ўсе напішуць, ніхто такую рэкляму бясплатна ня зробіць, а тут яно само плыве у рукі.
У пытаньні Курапатаў улады мае шанец перамяніць сам вобраз і характар рэжыму
— Вы кажаце пра мэтанакіраваныя дзеяньні супраць Курапатаў, але апошнім часам шмат было сказана пра тое, што нібыта стаўленьне дзяржавы да гэтай тэмы за апошнія гады зьмянілася. Былы рэдактар газэты «Беларусь сегодня» Павал Якубовіч далучыўся да вырашэньня праблемы мэмарыялу. Вы адчулі, што стаўленьне дзяржавы сапраўды зьмянілася. Ці гэта проста рыторыка?
— У выпадку з Курапатамі рэжым сутыкнуўся з воляй беларускага народу. Ужо колькі разоў набягалі хвалі руйнаваньня Курапатаў, і ўвесь час удавалася іх адстойваць. Я думаю, улады зразумелі, што тут гаворка ідзе пра нешта іншае. Курапаты — гэта сэрца нацыянальнага руху. Курапацкі крыж — гэта сыстэма каардынат, гэта самы пачатак. Людзі тут будуць стаяць, калі спатрэбіцца. Будуць стаяць насьмерць.
Пакуль усё чаргуецца. То адступілі, то зноў дазваляюць наступ, альбо, можа, нават і правакуюць яго цішком. Пра сапраўдную зьмену стаўленьня можна будзе казаць тады, калі такіх рэчаў, як «Бульбаш-хол», больш не паўторыцца.
— У любым выпадку — вы ўжо заклікаеце на акцыю па абароне Курапатаў ці пакуль чакаеце нейкіх рашэньняў улады?
— Канечне, мы заклікаем. Зьявілася інфармацыя, што аддзел гандлю Менгарвыканкаму «сумняецца», што 1 чэрвеня адчыняць гэтую рэстарацыю. У любым разе, нягледзячы ні на якія чуткі і плёткі, мы 1 чэрвеня аб 11 гадзіне зьбіраемся ля Крыжа пакутаў і ідзем да гэтага «Паедзем-паядзім».
Абвешчана агульная мабілізацыя. Мы запрашаем, заклікаем усіх. На суботу заплянаванае выстаўленьне намётаў. Думаю, калі сапраўды гэтая рэстарацыя будзе адчынена — у пятніцу, суботу, нядзелю гэтыя людзі зразумеюць, з чым яны сутыкаюцца.