Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Курапатах прайшла акцыя пратэсту супраць адкрыцьця рэстарацыі

31.05.2018 общество
У Курапатах прайшла акцыя пратэсту супраць адкрыцьця рэстарацыі

Ініцыятаркай акцыі выступiла Вольга Мікалайчык.

Увечары 31 траўня насупраць будынка забаўляльнага цэнтру, раней вядомага як «Бульбаш-хол», дзе плянуецца адкрыцьцё рэстарацыі «Паедзем, паядзім», пачалася акцыя абаронцаў Курапатаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Ініцыятарка акцыі Вольга Мікалайчык надзела сукню на прынесены крыж і прымацавала самаробны плякат, крыж усталявала каля кальцавой дарогі. У акцыі таксама ўзяла ўдзел Ніна Багінская. Мікалайчык запаліла зьнічы і пакінула іх на ходніку каля дарогі.

«Людзі ў цывільным» вялі апэратыўныя здымкі, у Курапацкім лесе дзяжурылі каля дзесяці міліцыянтаў, у тым ліку намесьнік начальніка міліцыі Менаблвыканкаму. У некаторых журналістаў перапісалі пэрсанальныя зьвесткі.

Напрыканцы акцыі затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык. Да абаронцаў Курапатаў пад’ехала машына без нумароў, адкуль выбеглі супрацоўнікі ў цывільным і выгукнулі «Савецкае РУУС». Вольгу Мікалайчык схапілі і пацягнулі ў машыну.

30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Яны вызначылі плян дзеяньняў на найбліжэйшыя дні. 1 чэрвеня актывісты зьбіраюцца пікетаваць новую рэстарацыю, а 3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.

У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсій, а не „кабак“!».

Як зьявіўся «Бульбаш-хол»

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».

16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]