Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Экс-гітарыст «Песьняроў» і «Сузор’я» Растопчын: Такое адчуваньне, што хутка ўся Беларусь у Менск пераедзе

01.06.2018 культура
Экс-гітарыст «Песьняроў» і «Сузор’я» Растопчын: Такое адчуваньне, што хутка ўся Беларусь у Менск пераедзе

Аляксандар Растопчын — пра жыцьцё ў Нью-Ёрку і зьмены ў Беларусі.

31 траўня ў менскай кавярні «Грай» адбудзецца канцэрт, прысьвечаны 50-годзьдзю першага ў СССР біт-фэстывалю, які прымаў Менскі радыётэхнічны інстытут. Запрошанай зоркай будзе выпускнік згаданай ВНУ, гітарыст гуртоў «Песьняры», «Сузор’е» і «Ўнівэрсытэт» Аляксандар Растопчын.

Дапамогуць яму ўдарнік залатога складу «Сузор’я» Андрэй Філатаў і бас-гітарыст «Крамы» Аляксандар Ванькевіч. 1 чэрвеня там жа, у кавярні «Грай», ён правядзе майстар-клясу для пачаткоўцаў і спрактыкаваных музыкаў.

Летась Аляксандар Растопчын адзначыў 60-гадовы юбілей, апошнія 25 гадоў ён жыве ў Нью-Ёрку. Там ва ўласнай студыі запісвае музыку і відэаролікі, вырабляе абсталяваньне для гітарных спэцэфэктаў, а таксама пад скарочаным «нікам» Rastop выступае на супольных канцэртах зь блюз-рокавымі выканаўцамі.

Аляксандар Ванькевіч, Аляксандар Растопчын і Андрэй Філатаў

Сёлета спаўняецца 10 гадоў ягонаму знакаваму праекту, адзначанаму аматарамі музыкі і крытыкамі. Гэта сольны рэліз «Роднае», складзены з інструмэнтальных вэрсіяў найвядомейшых беларускіх твораў: «Пагоня», «Мы выйдзем шчыльным радамі», «Магутны Божа», «Зорка Вэнэра», «Купалінка», «Разьвітаньне з Радзімай».

Напярэдадні першага за доўгі час выступу ў Беларусі карэспандэнт «Радыё Свабода» сустрэўся з гітарыстам-віртуозам.

Біт 1960-х: кароткая адліга свабоды і зацяжныя замаразкі застою

Афіша канцэрту ў кавярні «Грай»

— Аляксандар, фармальная нагода зьяўленьня на сцэне — 50-годзьдзе біт-фэстывалю ў Менскім радыётэхнічным інстытуце ў красавіку 1968-га. Дагэтуль ледзь не дзясятак гадоў вас тут з гітарай ня бачылі.

— Наогул усё пачалося з таго, што нейкі час таму арганізатар іншай імпрэзы — фэстывалю гітарыстаў «Грыфаманія» — Юры Рашэтнікаў даслаў мне мэйл з запрашэньнем прыехаць: маўляў, зробім табе выступ. Але пакуль утрасалі арганізацыйныя моманты, раптам затэлефанаваў і сказаў, што ўсё адмянілася. Прычыны нават ня ведаю, але вось так зьнянацку і рэзка абрэзаў. Ну а паколькі я ўсё роўна зьбіраўся наведваць сваякоў, то ўжо іншы Юра, Халезін, узяў і прыдумаў гэты канцэрт. Падсьвядома я сам усё жыцьцё марыў, як добра было б сабрацца пад дахам самога РТІ. Але вечна нейкія складанасьці з арганізацыяй, таму сумясьцілі такім чынам. Дай Божа, каб усё нармальна прайшло...

— Вашымі напарнікамі будуць добра вядомыя музыкі: яшчэ адзін былы «сузор’евец» Андрэй Філатаў і «крамавец» Аляксандар Ванькевіч. Ці ўдалося сыграцца за дзьве рэпэтыцыі?

— Ну так, усе ж прафэсіяналы сваёй справы, мусім разумець адзін аднаго, як той казаў, з паўабароту. Два разы сабраліся ў менскім дзіцячым цэнтры адзінаборстваў «Атлант», там абсталяваны невялікі рэпэтыцыйны пакойчык. Хоць так і не зразумелі, хто каму задаваў рытм — ці мы дзецям, ці яны нам (сьмяецца).

Аляксандар Растопчын у эпоху «Песьняроў»

— Ясна, што ў сілу ўзросту ў славутым біт-фэстывалі ня ўдзельнічалі, бо ня мелі і 10 гадоў. А наколькі тыя падзеі былі на слыху ў пазьнейшага пакаленьня музыкантаў?

— Так, сам ня ўдзельнічаў, але размовы пра гэта былі пастаянна, падзея сапраўды легендарная. На YouTube нядаўна нават выклалі цудам уратаваныя кадры з дакумэнтальнага фільму «13-ы маршрут», які пасьля пераацэнкі падыходаў да «патлатых бітнікаў» нават хацелі пусьціць у «расход». Безумоўна, знакавы быў фэстываль, чаго варта ўжо тое, што ў журы сядзелі Барыс Райскі, Ігар Лучанок ды іншыя клясыкі пазьнейшага часу, якіх да нефармальнай культуры не залічыш пры ўсім жаданьні.

— Пасьля першага ажыятажнага форуму здавалася, што яму наканавана доўгае і шчасьлівае жыцьцё. Але ўжо другі быў брутальна разагнаны, некаторыя музыкі і арганізатары нават паплаціліся працай.

— Трэба памятаць, што гэта быў за час. Кароткая хрушчоўская адліга і асабліва Праская вясна скончыліся тым, што ўвесь савецкі лібэралізм хутка зьдзьмуўся. Пры Брэжневе пачалі закручваць гайкі па ўсіх франтах, асабліва ў ідэалёгіі... А патэнцыял у фэстывалю насамрэч быў — славуты Вудстак здарыўся толькі на наступны год, а Менск ужо «кіпеў» у 1968-м.

Рок-гурт «Унівэрсытэт»: Аляксей Казлоўскі, Аляксандар Растопчын, Нэлі Дзянісава, Віталь Навіцкі

Унікум РТІ: мудрагелістая радыётэхніка і самаробная музыка

— РТІ як ніводная навучальная ўстанова дала багата гуртоў як мінімум беларускаму андэграўнду. Адзін зь яе выпускнікоў, заснавальнік «Сузор’я» Андрэй Казлоўскі, тлумачыў гэта так: зьяўлялася магчымасьць самому рабіць узмацняльнікі, прыдумляць розныя тэхнічныя хітрыкі. Гэта значыць, у літаральным сэнсе «паяць» музыку сваімі рукамі. Што ў вашым выпадку?

— Я пайшоў у РТІ, бо зь дзяцінства захапляўся радыётэхнікай. Ну і само сабой, у той час усе, хто граў на гітарах, адначасова цікавіліся, як наматаць датчыкі, зрабіць «усілок». Гэта было складовымі часткамі аднаго праекту. З другога боку, вялікія ВНУ, як правіла, мелі добрую апаратуру. Так, у РТІ ўжо былі вугорскія лямпавыя ўзмацняльнікі Beag, на той час ці ня самыя крутыя з даступных. Таксама нядрэннае абсталяваньне бачыў у інстытуце замежных моў і палітэху. Прыходзілі з інструмэнтамі сваімі, а ўжо ўзмацняльнікі, калёнкі інстытуцкія. Таму ўсе хацелі трапіць у ансамблі, якія там граюць. Я калі паступіў, было сур’ёзнае праслухоўваньне новенькіх, Андрэй Казлоўскі ўжо лічыўся зоркай. Цікавая старонка жыцьця...

Залаты склад «Сузор’я»: Андрэй Філатаў, Аляксандар Несьцяровіч, Аляксандар Растопчын, Валянцін Пучынскі, Андрэй Казлоўскі, Аляксандар Брынцаў

— Чаму менавіта ваш інстытут стаў астраўком вальнадумства? Ня толькі ж з прычыны шчыльнасьці музычных гуртоў на квадратны мэтар?

— На танцах ігралі рэчы, якія ў іншых месцах проста не пачуеш. Гэта была фірма, якая потым перакачавала ў кавярню «Сузор’е». На інстытуцкія вечарыны трапіць было амаль нерэальна: пастаянныя натоўпы, ламіліся ня толькі ў дзьверы, а і ў вокны. З усяго Менску ехалі паслухаць Казлоўскага і кампанію. Так што музычнае жыцьцё сапраўды кіпела.

— У часе нашай сустрэчы тры гады таму вы казалі, што гатовыя сыграць з былымі калегамі, але сабраць усіх разам — вялікая праблема. Нешта зьмянілася, раз сёлетні выступ арганізаваць усё ж удалося?

— Па-ранейшаму цяжка сабраць да кучы, проста гэтым разам зь сябрам Юркам Халезіным паставілі за мэту «ржавы маятнік» нарэшце расхістаць. Ну хоць так атрымалася. Узбадзёрыць сапраўды нялёгка, асабліва што тычыцца маіх старых дыназаўраў, усе яны досыць «прыбітыя». Зрэшты, усё зразумела, бытавуха паступова заціскае творчасьць. Гэта я яшчэ такі «энэрджайзэр», кожны раз спрабую вывучыць на гітары новыя песьні. Але з улікам, што гэта мала каму патрэбна, «петушыцца» таксама сьмешна. Праўда, інакш я ўжо не магу (сьмяецца).

— Значыць, «апгрэйд» таго ж «Сузор’я» праз 40 гадоў маларэальны?

— Як любяць казаць амэрыканцы, паўтарэньне найлепшага немагчымае. Што было, тое мінула, цяпер мы больш блізкія са сваімі праблемамі і балячкамі. Тым больш адышоў з жыцьця наш галоўны генэратар Валік Пучынскі, безь яго ўсё ня так... Дый увогуле сабрацца толькі дзеля таго, каб неяк адзначыцца, ня мае практычнага сэнсу. Таму і атрымліваецца, што «бытавуха» ўсіх асобна, як тых клапоў, перадушыла. Іншая справа, што гэта ўсё роўна было, у гісторыі адзначана і зафіксавана. І з гэтым варта лічыцца.

Рэпэтыцыя перад менскім выступам

Новы Сьвет: сэшны зь блюзмэнамі і модныя лініі гітарных «прымочак»

— Аляксандар, якія галоўныя клопаты ў Нью-Ёрку? Сямейныя, творчыя, працоўныя…

— Шчыра кажучы, побытавуха таксама душыць патроху. Другі раз разьвёўся, разам пражылі 20 гадоў, але ў нейкі момант расклеілася. Сыну 19, якраз скончыў каледж. Мяняю жыльлё, таму ў гэткай транзытнай стадыі. Тым ня меней і надалей пляную запісваць новыя песьні з рознымі музыкамі, сьпевакамі, рабіць відэа. У мяне 21 гітара, усе яны ў працы. Магчыма, з аб’ектыўных прычынаў штосьці трохі запавольваецца, аднак стараюся працаваць. Жыцьцё само па сабе актыўнае. Бо калі ў нашым узросьце не актыўнае, гэта значыць, яно спынілася.

— З тэхнічнага гледзішча, відаць, усё стала прасьцей. Напрыклад, як дыстанцыйна рабілі кліп зь лідэрам «Рублёвай зоны» Алегам «Джагерам» Мінаковым, які больш за 20 гадоў жыве ў Бэльгіі.

— Варыянты ёсьць, і гэта добра. Часам так запісваю музыку чыста заказную — ці нейкую партыю, ці асобны кавалак. Ёсьць розная праца, хоць стараюся рабіць у асноўным тое, што падабаецца самому. Калі адчуваю, што не зусім маё, ад такіх праектаў папросту адмаўляюся. Граць, дык каб потым паставіць і сказаць: гэтым я ганаруся. А ня проста хваліцца: запісаў гэта і атрымаў 300 баксаў, а за тое адвалілі 500. Гэта мяне ўжо не цікавіць. Я і на кіношнікаў працую з электронікай, і сам усялякія «прымочкі» раблю, якраз мяняецца чарговая «модная» лінія. Не скажу, што цяпер гэта мэйнстрым, але купляюць, дапамагаю гітарыстам. Усё з нуля, ад канструяваньня і да фінішу. Усяго патроху. На хлеб хапае, і нармальна.

— Наколькі ведаю, у Менску ў вас сын ад першага шлюбу, нявестка і ўнук...

— Два ўжо ўнукі, так што я «заможны» дзед. Старэйшаму Ваньку чатыры гады, меншаму Антону яшчэ годзік. Кожную раніцу мяне будзяць, таму я ў тонусе (сьмяецца). Сын таксама Аляксандар, ён эканаміст, сур’ёзны хлопец, аўтарытэтны ў сваёй галіне. Калі запытаў, які падарунак прывезьці зь Нью-Ёрку, папрасіў кнігі па эканоміцы, такіх у інтэрнэце няма. Накупіў больш чым на 200 даляраў.

Зь сябрам юнацтва Ігарам Дахіным

— З кім удалося сустрэцца зь ліку старых сяброў па «Песьнярах», «Сузор’і»?

— Шчыра кажучы, блізкіх людзей у мяне ня так шмат. Маім кіроўцам-спадарожнікам — дзіцячы сябра яшчэ па Магілёве Ігар Дахін. Калі браць «Песьняроў», то звычайна сустракаюся з Валерам Дайнэкам, але ён на гастролях і гэтым разам, відаць, не атрымаецца. З часоў «Унівэрсытэту» і «Сузор’я» кантактую з Аляксеем Казлоўскім, але ён сам даўно ў Штатах, там і бачымся, выяжджаем на рыбалку. З сузор’еўскага складу на 31 траўня ўдалося загітаваць Андрэя Філатава, вось будзем разам іграць. Некалькі чалавек, якія былі з той пары, засталіся дагэтуль. Калі некаторыя дзесяцігодзьдзямі падтрымліваюць шырокія сувязі, я якраз не «сувязны». Але з кім трэба сувязь ёсьць, яна не гублялася.

Back in RB: «разбухлы» Менск і мурашнікі мікрараёнаў

— За тры гады адсутнасьці трапілі ў звыклы Менск ці нешта візуальна зьмянілася?

— Ды нібыта звыклы, адзінае, што будынкі растуць бесьперапынна. Новыя раёны як мурашнікі, адчуваньне, што хутка ўся Беларусь сюды пераедзе. Ну і таксама гандлёвыя цэнтры (хоць грошай у людзей як быццам ня моцна паболела), банкі, офісы, розныя ўстановы. Менск робіцца занадта перанаселеным.

Малады Аляксандар Растопчын, пачатак 1980-х

— Аляксандар, як вы на ўласнай скуры адчулі, лепей стала ў ЗША пасьля партыйнай ракіроўкі ў вярхах, горш ці наогул зьмены не прыкметныя?

— Ды для асноўнай масы наўрад ці што зьмянілася. Тых, хто палітыкай цікавіцца, гэта, мабыць, сапраўды хвалюе — некаторыя рэальна плакалі, што прайграла Гілары Клінтан. А я, па вялікім рахунку, ведаю: ня важна, хто ва ўладзе, бо нічога ня зьменіцца. Ідзе адна вялікая гульня, у якой усе шахматы выстаўленыя на адным баку. Таму зьмена фігур вялікага значэньня ня мае. Іншая справа, што жыцьцё лягчэйшым не становіцца. Мэдыцынская страхоўка ўсё даражэе, атрымаць яе ўсё складаней. Паразыты на целе звычайнага чалавека высмоктваюць усё больш грошай. Гэта адзінае, што адбываецца пасьпяхова. То бок рух толькі ў адзін бок — няважна, хто прэзыдэнт. Падрасьлі апэтыты вайскова-прамысловага комплексу, з гэтым таксама трэба лічыцца. Таму ня толькі ў Беларусі паясы зацягваюць (сьмяецца).

Аляксандар Растопчын нарадзіўся 9 студзеня 1957 году ў Алма-Аце. У 1964-м з бацькамі пераехаў на радзіму маці ў Магілёў, дзе пайшоў у спэцыялізаваную школу з ангельскім ухілам. 1979-м скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «дызайн і тэхналёгія радыёэлектроннай апаратуры». Працаваў інжынэрам на заводзе электронных вылічальных машын імя Арджанікідзэ, паралельна граў у гурце «Унівэрсытэт». Ад 1982-га па 1984-ы выступаў у хард-рок-групе «Сузор’е». Цягам 1984-85 гадоў — у ансамблі «Тоніка», потым узмацніў гітарную групу ансамбля «Песьняры». Пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна працаваў да самага ад’езду ў ЗША ў 1993 годзе. У Нью-Ёрку працягвае канцэртную дзейнасьць, займаецца вырабам і рамонтам абсталяваньня для музычнай індустрыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]