Выпускніца Варшаўскага ўнівэрсытэту Анхэля Эсьпіноса Руіс марыць адкрыць у Гішпаніі катэдру беларусістыкі.
25 траўня Варшаўскі ўнівэрсытэт наведала яго выпускніца — паэтэса Анхэля Эсьпіноса Руіс. Яна прыляцела з Мадрыду, дзе працягвае навучаньне ў дактарантуры, на міждысцыплінарную навуковую канфэрэнцыю “Беларусь — тэксты і кантэксты”, арганізаваную катэдрай беларусістыкі ВУ. Анхэля Эсьпіноса Руіс цяпер плённа працягвае навучаньне ў Гішпаніі — на сваёй бацькаўшчыне. А таксама выношвае плян стварэньня там катэдры беларусістыкі, паведамляе «Польскае радыё».
Анхэля Эсьпіноса Руіс стала вядома некалькі гадоў таму. Для многіх было нечаканасьцю, што гішпанка піша вершы па-беларуску. Аднак да Беларусі паэтэса прыйшла не зусім выпадкова. Яна ўжо ведала расейскую мову, цікавілася баўгарскай. І таму ў свой час паступіла на навучаньне ў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Бо тут дзейнічае катэдра беларусістыкі. ВУ — навучальная ўстанова, дзе ёсьць магчымасьць для грамадзяніна Эўрапейскага зьвязу вучыцца бясплатна.
Цяпер, пасьля вучобы на беларусістыцы ў Варшаве, Анхэля гаворыць па-беларуску лепш за некаторых беларусаў. І ня толькі: яшчэ піша вершы, займаецца навукай.
У асьпірантуры ў Мадрыдзе я пішу дысэртацыю — параўнальнае дасьледаваньне беларускай і гішпанскай літаратур ХІХ стагодзьдзя: пра фальклёрныя элемэнты ў прозе Яна Баршчэўскага і гішпанскага рамантыка Густава Адольфа Бэкера.
- Хацела б, атрымаўшы вопыт навучаньня і навуковай дзейнасьці на катэдры беларусістыкі ў Варшаве, стварыць аналягічную ўстанову ў Гішпаніі. Такіх цэнтраў беларусістыкі на захадзе Эўропы пакуль няма.
- Што трэба зрабіць, каб стварыць катэдру беларусазнаўства, напрыклад, у Мадрыдзкім унівэрсытэце?
- Гэта доўгі шлях, гэта вельмі складана. Трэба спачатку зрабіць дасьледчыцкую, навуковую кар’еру. Бо кожнаму чалавеку катэдру не даюць. Мне трэба дапісаць дысэртацыю. Потым, мабыць, буду некалькі гадоў выкладаць або ў Гішпаніі, або за мяжой: магчыма, польскую або расейскую літаратуру. Потым трэба напісаць праект стварэньня такой катэдры, даказаць, чаму яна патрэбна, каму гэта можа цікава. І трэба атрымаць згоду зь міністэрства, а таксама грошы, бо бязь іх нічога ня створыш, на жаль. Аднак пэрспэктыва ёсьць. Беларуская — адна з галоўных славянскіх моў. Філёлягу вельмі карысна ведаць беларускую мову, бо адразу даступнымі робяцца польская, славенская, славацкая мовы. Беларуская блізкая да ўсіх славянскіх моў, бо яна знаходзіцца “ўсярэдзіне”, скажам так. І варта ў любым прэстыжным унівэрсытэце стварыць магчымасьць вывучэньня беларускай мовы. У Мадрыдзе выкладаюць славенскую, баўгарскую, польскую, чаму ж ня быць і беларускай? Я хачу, каб чалавек, які захоча, як і я, стаць магістрам, кандыдатам навук па беларускай мове і літаратуры, меў магчымасьць вучыцца ў Гішпаніі, на радзіме.
Анхэля Эсьпіноса Руіс на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту ўжо гэтай восеньню зьбіраецца прадоўжыць набываць веды па беларускай мове і культуры.