Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Касцюшка і Каліноўскі – гэта як радавод для арыстакратычнай сям’і

05.06.2018 общество
Касцюшка і Каліноўскі – гэта як радавод для арыстакратычнай сям’і

Любая сур’ёзная дзяржава павінна мець салідную гістарычную канцэпцыю.

Перапахаванне знойдзеных парэшткаў 17-ці лідараў паўстання 1863 года ў Вільні — знакавая падзея. Ва ўрачыстым перапахаванні на могілках Роса будзе прымаць удзел і польскі, і літоўскі бок, а што ж з беларускім?..

Паводле віцэ-канцлера ўраду Літвы Матулёніса, беларускі бок не выказаў да падзеі ніякай цікавасці. На першы погляд, гэта падаецца дзіўным: у Мерачоўшчыне толькі што з помпай адкрылі помнік Касцюшку, з боку ўладаў ёсць зялёнае святло на раскрутку ягонай асобы. Касцюшка — таксама паўстанец, таксама ваяваў супраць Масквы, таксама здаўна ўпісаны ў нацыяналістычны пантэон. Што ж не так з Каліноўскім?

Калі аб’ектыўна і без эмоцыяў, то Касцюшка — адназначна больш раскручаны персанаж, асоба міжнароднага значэння, а ў дадатак — масток для дыпламатычных сувязяў не толькі з Польшчай, але і са Злучанымі Штатамі. Ёсць помнікі Касцюшкі, бюсты, літаграфіі: на гэтае імя ёсць попыт і нават рынак. З Каліноўскім — складаней. Ён нават не лідар паўстання 1863 года, якое тыя ж палякі ніколі не назавуць «Паўстаннем Каліноўскага». Замежніку імя Каліноўскага ні пра што не кажа: пакуль гэта герой для «лакальнага выкарыстання».

Нацыянальны пантэон не павінен залежаць ад палітычнай кан’юнктуры. А беларускія чыноўнікі баяцца герояў беларускага нацыянальнага пантэону. А раптам — калабарант? А раптам — супраць Масквы? А раптам яшчэ што не так? Вечная перастрахоўка. Выбіраюць, нервуюцца, а пасля зноў ідуць да знаёмых і блізкіх сэрцу асобаў і датаў: Машэраў, Вялікая Айчынная, Кастрычніцкая рэвалюцыя… Просты ўваход, прадказальны выхад і пахмельны эфект.

Падобная сітуацыя была і з БНР: апынулася, што шмат хто з чыноўнікаў наўпрост не ведае, што гэта такое і навошта — ажно да кіраўнікоў найвышэйшага рангу. Таму і спатрэбіліся навуковыя канферэнцыі і выставы, каб патлумачыць: БНР — гэта не пра нацыянальную здраду і марыянеткавы рэжым, тым больш не пра сучасную апазіцыю. БНР — гэта пра незалежнасць і пачатак нашай мадэрнай дзяржаўнасці.

На сёння мы маем як мінімум тры гістарычныя сюжэты, якія за апошні час паспелі падняцца на новы ўзровень у вачах грамадства. Гэта гісторыя з Касцюшкам, БНР і Курапатамі. Як мінімум, улада не перашкаджае, дае зялёнае святло, як максімум — хай па-свойму, але падтрымлівае.

Мяркую, што на чарзе — акурат Каліноўскі і міф паўстання 1863 года. Што павінна адбыцца, каб тэма апынулася ў трэндзе? На гэта трэба працаваць, а падмурак да афіцыйнага прызнання можа стварыць грамадскасць і без падтрымкі з высокіх кабінетаў. Пакуль імя Каліноўскага бянтэжыць і страшыць чыноўнікаў, бо гэта і «Плошча Каліноўскага» ў 2006-м, і «Праграма Каліноўскага» для адлічаных праз палітыку студэнтаў, і страшныя казкі чарнасоценнага духавенства пра «Каліноўскага-вешальніка», які пераследаваў праваслаўных святароў…

Трэба паказаць іншага Каліноўскага і давесці, чаму ён важны, свой, карысны для фармавання нацыянальнай ідэалогіі. У нас безліч патрыятычных гісторыкаў, але дагэтуль няма аніводнай цэльнай працы, прысвечанай паўстанню, каб прачытаць — і ўсё зразумець. Ёсць навуковыя зборнікі, нарысы баявых дзеянняў, перавыдадзеныя тэксты «Мужыцкай праўды», пайменныя спісы паўстанцаў, а вось адной кнігі, якая б лаканічна (і пажадана, яшчэ і па-руску) усё тлумачыла, — няма.

Прыстойны комікс пра Каліноўскага, кліп, тэматычная брэндавая вопратка, прыгожыя фотасэты рэканструктараў у строях той эпохі — для ўсяго гэтага не патрэбныя агромністыя грошы. Усё гэта пад сілу грамадскай супольнасці, блогерам і актывістам новай хвалі.

Канешне, можна сказаць, што грамадству ў прынцыпе гісторыя не цікавая і няма розніцы, які помнік стаіць на плошчы: Леніну ці Ластоўскаму, Калініну ці Каліноўскаму, Чапаеву ці Балаховічу. Гэта — толькі частка праўды. Колькі ні кажы пра высокія тэхналогіі, ІТ-дзяржаву, глабалізацыю і постмадэрнае мысленне, любая сур’ёзная дзяржава павінна мець салідную гістарычную канцэпцыю. Гэта важна — як радавод для арыстакратычнай сям’і.

А яшчэ гісторыя — гэта рошчына, якая цэментуе нацыю… Галоўнае, каб рошчына апынулася якаснай, і цэменту там было не менш, чым пяску. Інакш, глядзіш, і дом разваліцца…

Алесь Кіркевіч, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]