Чаму кіруючы клан так любіць Дзень Перамогі, але ўсімі фібрамі не прымае і ненавідзіць Дзень Волі?
Дзень Перамогі, калі належыць успамінаць, якой дарагой цаною ён здабыты, мінуў. Але свята, шчымлівага, чалавечнага і ўдзячнага той нешматлікай жменьцы ветэранаў, якія яшчэ з намі, не атрымалася. Афіцыйныя і «самадзейныя» ідэолагі свядома ператварылі яго ў маскарад.
Гэты роздум не запознены. Ён пішацца не ўслед за важнай падзеяй, а далёка наперад. Мы не апошні раз святкавалі слаўны Дзень Перамогі. Пасля сёлетняга маскараду трэба азірнуцца і задумацца.
Тэлебачанне і інтэрнэт данеслі падрабязную відэасправаздачу з гарадоў і вёсак постсавецкай прасторы. Чаго толькі не наварочалі ў святочныя дні «патрыятычныя» чыноўнікі, а следам за імі і гэтак званыя «прастыя» людзі!
У Расіі, пачынаючы з 2014 года, нарастае мілітарызаваны патрыятызм, які больш падобны на ўнутраную і знешнепалітычную істэрыю. Акрамя таго, ён стаў бізнесам. Памяць выстаўлена на продаж, можна купіць на выбар любы падроблены ваенны атрыбут. Гандлююць пілоткамі, афіцэрскімі і салдацкімі рамянямі, гімнасцёркамі і нават кіцелямі з муляжамі баявых узнагарод. Часта на іх можна ўбачыць «зорку» Героя Савецкага Саюза (!).
У 90-х гадах ХХ стагоддзя ветэранам, якім у разруху і голадзе трэба было выжыць, давялося са слязамі на вачах развітвацца з баявымі ўзнагародамі. Фарцоўшчыкі скуплялі ордэны, медалі і прадавалі іх у Еўропе. Бачыў на развалах у Берліне, Франкфурце-на-Майне, Штутгарце, Капенгагене, Ліёне. Тады расійская прапаганда злосна тапталася па абяздоленых героях вайны і па сытых еўрапейцах, якія зневажаюць савецкія ўрадавыя адзнакі. А што ж робіцца цяпер?
Засакрэчаныя асобы, апранутыя ў форму казакоў, на плошчах расійскіх гарадоў спачатку дэманстратыўна лупцавалі нагайкамі «ўнутраных ворагаў», якія не падтрымліваюць прэзідэнта У. Пуціна, а затым, абвешаныя ад шыі да прычыннага месца фальшывымі або купленымі ўзнагародамі, выйшлі на свята.
Шмат дарослых дзядзькоў і цётак у святочны дзень нацягнулі гімнасцёркі на мажныя целы. У вайсковай форме па вуліцах хадзілі малыя хлопчыкі і дзяўчаткі, нават у калясках ляжалі немаўляты, апранутыя ў гімнасцёркі і галіфэ. Што тычыцца георгіеўскіх стужак, то імі надзялілі не толькі людзей, але і сабак (?!). Маладыя людзі, у якіх стала прыколам зрабіць сэлфі з ветэранамі, задавалі ім пытанні пра вайну, станавіліся побач, шчоўкалі і ўцякалі, не чакаючы адказу. На маніфестацыях шырока быў прадстаўлены ў партрэтах і цытатах крывавы дыктатар Сталін.
Чаму пішу пра Расію? Таму што Беларусь залежыць ад усходняй суседкі. Маю на ўвазе не толькі халяўныя пазыкі, танныя энерганосьбіты, знешні рынак, а інфармацыйную прастору, культуру, сам грамадскі настрой. Яшчэ невядома, чыя прапаганда больш уплывае на беларусаў — расійская або мясцовая?
У Беларусі таксама ідзе рэстаўрацыя сталінізму. Новым сведчаннем стала тусоўка «прарасійскіх і расійскіх патрыётаў», у якіх кумір — «правадыр усіх народаў».
Міністр унутраных спраў, апрануты ў злавесны сіні мундзір сталінскага нкусаўца, спалучаў прыемнае з «карысным» — шпацыраваў па сталіцы і трэніраваў прыжмур, як у Лаўрэнція Паўлавіча, вышукваў сярод людскога натоўпу «амерыканскіх або японскіх шпіёнаў». Міністр працы і сацыяльнай абароны, якая лічыць, што ў нас пануе росквіт, спявала і танчыла ў вайсковай форме ў інтэрнаце ветэранаў вайны і працы (сярэдні ўзрост 94 гады), вучыла гераічных людзей весялей глядзець на жыццё.
А 99-гадовага ветэрана, ваеннага ўрача Ціхана Ветрава, які рэгулярна ўдзельнічаў у свяце і мог бы прыйсці сёлета, запрасіць на плошчу Перамогі забыліся.
У бабруйскім «Евроопте» ў вітрыне з салатамі чамусьці выставілі партрэты ўдзельнікаў вайны, перад якімі стаяла шклянка, накрытая лустай хлеба. А вакол былі агуркі, якія, відаць, уявілі сябе танкамі і прарывалі абарону маянэзу. Нібы пехацінцы, з крыкамі «Ура!», «За Сталіна!» ішлі ў атаку масліны...
Я глядзеў на «патрыятычную» абсурдную тусоўку і думаў: «Для большай экзотыкі не хапае амулетаў, зробленых з зубоў акулы, рознакаляровага пер’я і шкляных караляў». Было адчуванне, што на вуліцы гарадоў Расіі і Беларусі выйшлі не людзі ХХІ стагоддзя, якія вучацца або калісьці вучыліся ў школах і ВНУ, маюць хоць нейкі ўзровень палітычнай і агульнай культуры, а племя дзікуноў з непраходных джунгляў.
Добра, што не чула прапагандысцкую хлусню, не бачыла пошлы маскарад абсалютная большасць франтавікоў і ахвяраў фашызму. У іхнім вечным сне — іншыя ўспаміны баёў, пакутаў за калючым дротам, існавання ў голадзе, холадзе і свая надзея на светлую будучыню.
З’яўленне кашчунных шоў — гэта не проста вынік дурнога вынаходніцтва ідэолагаў аўтарытарнага разліву, які высмеяны ў свабоднай інфармацыйнай прасторы. Сутнасць таго, што адбылося, ляжыць глыбей. Па зразумелых прычынах пра гэта не кажуць палітолагі, не пішуць журналісты.
Чаму грамадства абыякава ставіцца да здзеку над памяццю пра герояў вайны, прымае глупства масавікоў-забаўляльнікаў як належнае? Ды таму, што маскарад пануе ў нашым штодзённым быцці! Угледзьцеся ў любую галіну аўтарытарнага арганізма ад эканомікі да ідэалогіі — і вы ўбачыце фантасмагорыю.
Людзі, якія яе плануюць і прымушаюць здзяйсняць, маюць фінансы, каб рабіць модныя прычоскі, дбайна шліфаваць свае абліччы ў лепшых салонах. Яны носяць адзенне самых знакамітых і дарагіх замежных марак. Але з-пад шыкоўных гарнітураў, раскошных сукенак, падагнаных мундзіраў, фарсістых фуражак і папах усё ж тырчаць вядомыя «хвасты і рожкі».
Як актуальна гучаць сёння «Бесы» Ф. Дастаеўскага! Задумы героя твора Пеці Верхавенскага, калі ён прыйдзе да ўлады, былі такімі: «…Первым делом понижается уровень образования, наук и талантов… Высшие способности… всегда развращали более, чем приносили пользы, их изгоняют или казнят. Цицерону отрезывается язык, Копернику выкалывают глаза, Шекспир побивается каменьями… Мы… пустим пьянство, сплетни, донос; мы пустим неслыханный разврат, мы всякого гения потушим в младенчестве… все к одному знаменателю, полное равенство…
…Разделим человечество… одна десятая доля получает свободу личности и безграничное право над остальными девятью десятыми… те же должны потерять личность и обратиться вроде как в стадо…»
Чытаеш і думаеш — гэта ж словы пра расійскую і беларускую рэчаіснасць!
Чаму кіруючы клан так любіць і няшчадна эксплуатуе Дзень Перамогі, але ўсімі фібрамі не прымае і ненавідзіць Дзень Волі? Таму што на фоне першага свята можна пакрасавацца, прымазацца да гераізму продкаў, прысабечыць яго. Нездарма любімаму народам Дню Перамогі чыноўнікі надалі статус публічнага размахвання зброяй, пагроз у адрас унутраных і знешніх «ворагаў» і масавага гуляння, папоек.
А другое свята напамінае людзям пра магчымасці свабоднага жыцця, пра жахлівую цану здрадніцтва і абыякавасці да нацыянальных інтарэсаў. Калі б Беларуская Народная Рэспубліка аказалася жыццяздольнай, то наша гісторыя пайшла б іншым шляхам, можна было б дасягнуць выдатных вынікаў…
Сёння апранаць гімнасцёркі лягчэй, чым у 1941 годзе. Аднак, калі рабіць забавай пралітыя кроў і пот продкаў, штурхаць дзяцей у ваеннае пекла, то можна застацца не толькі без нармальнага, свядомага народа, але і без самой краіны.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com