На яго пайшоў кошт аднапакаёвай кватэры.
Горадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха закрывае жалюзі, выключае сьвятло і націскае на пуск прэзэнтацыі. Перад ім на шаснаццаці квадратных мэтрах ягоная Горадня: ад Нёмана да вуліцы Дамініканскай, ад Гараднічанкі да вуліцы Маладзёжнай. Гэты горад ужо ніколі ня будзе такім: з дамінантнай Фарай Вітаўта, камэрным Рынкам і ратушай з самым старым гадзіньнікам у Эўропе, перадае «Радыё Свабода».
Пачаў аднаўляць гісторыю, калі яе сталі нішчыць
Ігар Лапеха ствараў сваю ідэальную Горадню дванаццаць год. З таго часу, як гарадзкія ўлады ўзяліся перарабляць зялёную і зацішную раней Савецкую плошчу. Гэта быў пачатак вялікіх зьменаў у архітэктуры гораду, цягам якіх ён страціў сваё старадаўняе аблічча.
Краязнаўца вырашыў аднавіць гарадзкі цэнтар у маштабе 1:200. Ягоны горад мала падобны да сучаснага. Вока вылучае адно знаёмыя абрысы пажарнай каланчы, езуіцкага касьцёла, піўзаводу, забудову Савецкай вуліцы, былы Брыгіцкі кляштар. Гэтыя будынкі захаваліся да сёньня.
Без драмтэатру і Каложы
Разам з тым тут няма візытоўкі гораду ў мудрагелістых формах — драматычнага тэатру, пабудаванага пасьля вайны. Замест яго — страчаны кляштар бэрнардынак. Няма турыстычнай цікавосткі — танка. А на месцы цяперашняга сквэру за Савецкай плошчай стаіць знаёмая моладзі толькі па старых фатаздымках Фара Вітаўта.
Вуліцу Карла Маркса, раней Брыгіцкую, завяршае зьнесеная пры савецкай уладзе званіца.
Нібыта адноўлены ці то архітэктарам Бачковым, ці то Баторыем, на беразе Нёмана ўзвышаецца Стары замак. Побач маленькая царква, але не Калоская, а Ніжняя, ХІІ стагодзьдзя. Сёньня ад яе мала што захавалася.
Каложы няма, ёй проста не хапіла месца. Храм адноўлены ў большым маштабе і стаіць асобна ў калідоры.
Адрозьніць пэрыяд пабудоваў можна па дахах
На макеце няма ніводнага будынка, узьведзенага пасьля 1961 году, калі на зьмену сталінскаму ампіру прыйшоў савецкі функцыяналізм. Дарэчы, «сталінкі» прадстаўленыя цэлым кварталам на вуліцах Парыскай камуны, Баторыя і Сацыялістычнай.
«Тэндэнцыі 1960–1970-х гадоў беспардонна ўмешваліся ў пляніроўку старажытнай Горадні. Прыкладам, дзеля пабудовы Дома быту зьнесьлі цэлы квартал Кляшторнай вуліцы, дзеля кінатэатру „Гродна“ — дамы на Калючынскай. Я вырашыў, што гэтыя тэндэнцыі ня варта паказваць», — кажа Ігар Лапеха.
Калі на адным месцы ў розныя часы існавала шмат пабудоваў, краязнаўца выбіраў, што аднаўляць, па прынцыпе: або самы вывучаны, або самы яскравы прыклад архітэктуры.
Зразумець, да якой эпохі адносіцца будынак, можна па колеры дахаў. Ён не супадае з рэальным, а акрэсьлівае час узьнікненьня.
Цёмна-шэрую дахоўку маюць аб’екты, якія зьявіліся да Паўночнай вайны 1655 году. Чырвоная дахоўка — XVIII стагодзьдзе, часы барока і клясыцызму. Чырвоная бляха — ХІХ стагодзьдзе. Сьветла-шэрая бляха — пачатак ХХ стагодзьдзя. Зялёныя дахі — савецкі час.
«Дасьледчая праца вялікая»
Лапеха кажа, што большая праца — не майстраваць, а дасьледаваць. Ён вывучаў будаўнічыя пляны, працаваў з архіўнымі інвэнтарамі. Калі не хапала зьвестак пра выгляд нейкага аб’екта, не дадумваў фантазійныя дэталі.
«Тут дакладны рэльеф 1932 году. Дакладнае разьмяшчэньне вуліц. Дакладны маштаб. Усё разьлічвалася, чарцілася. Дасьледчая праца вялікая», — кажа гарадзенец.
Цяпер дзякуючы ягоным намаганьням жыхары і турысты змогуць уявіць, як выглядаў горад раней.
Ігар шырокімі рухамі акрэсьлівае цэлыя раёны, якія не дажылі да сёньня: габрэйскі квартал з сынагогай і Цмочай вуліцай на Падоле, габрэйскі квартал за Вялікай Траецкай вуліцай. Уся паўднёвая частка гораду была зруйнаваная ў Другую ўсясьветную вайну: кармэліцкі і пабрыгіцкі жаночы кляштары, Новы замак, палац Радзівілаў.
«Макет — гэта ня плян перабудовы гораду»
Аднак майстар запэўнівае, што ня хоча, каб горад выглядаў дакладна як на ягоным макеце. Прыкладам, ня хоча зьнішчэньня драмтэатру, які добра ўпісаўся ў забудову.
«Макет — гэта аповед пра гісторыю архітэктуры Горадні, а ня плян перабудовы гораду. Навошта адбудоўваць? У вас ёсьць грошы? У мяне таксама няма. Хто захоча аднаўляць габрэйскі квартал, Дамініканскі касьцёл або гатэль „Эўропа“, які закрые ўваход ва ўнівэрмаг?» — разважае Ігар.
Гісторыя, паводле краязнаўцы, беззваротная, а ягоная Горадня таксама неідэальная.
«Мяняюцца часы, прыярытэты. Адбудова нечага — гэта вялікія грошы, гэта кардынальныя рашэньні, каб зьмяніць транспартную сыстэму ў цэнтры гораду», — кажа Лапеха.
Фара Вітаўта
Пры гэтым ён ня супраць аднавіць ратушу, камэрную Савецкую плошчу і Фару Вітаўта, а дакладней — Фару Баторыя ў яе першапачатковым выглядзе, як у XVI стагодзьдзі.
Патраціў 15–17 тысяч даляраў
Ігар ствараў копію гораду за свае сродкі: сам набываў матэрыялы, плаціў за арэнду майстэрні. Памяшканьне, дзе прадстаўленая экспазыцыя, цяпер таксама наймае, але па льготных коштах — у чатыры разы таньней, чым калі б там месьцілася крама або офіс.
«Аднапакаёвая кватэра пайшла на гэта. Недзе 15–17 тысяч даляраў. Кватэру я не прадаваў. Проста выдаткі расьцягнуліся на дванаццаць год», — кажа аўтар праекту.
Па Ігаравых словах, матэрыялы досыць дарагія, але і больш трывалыя, чым кардон. Усе будынкі зробленыя з полівінілхлярыду, пафарбаваныя акрылам. З інструмэнтаў выкарыстоўваў манікюрныя нажнічкі, канцылярскія нажы, пінцэты, пэндзлі.
Усе дэталі на макеце не намаляваныя, а прарэзаныя. На адзін самы просты домік з двухскатным дахам у спрактыкаванага майстра ідзе тры гадзіны.
Экспазыцыя месьціцца ў былым аддзяленьні міліцыі
Макет называецца «Горадзенскія брамы» і разьмяшчаецца ў былым аддзяленьні крымінальнай міліцыі на вуліцы Тэльмана, 4. Цяпер у гэтым будынку — культурны цэнтар «Фэстывальны», які адкрыўся падчас фэстывалю нацыянальных культур.
Пакуль экспазыцыя не працуе ў сталым рэжыме. Аўтар абяцае, што графік усталюецца цягам двух тыдняў. Яе можна будзе пабачыць увечары ў будні і цягам дня ў выходныя. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя два тыдні памяшканьне таксама будзе адчыненае прыкладна ў гэты час.
Уваход платны. Наведваньне доўжыцца паўгадзіны: 20 хвілін ідзе прэзэнтацыя, яшчэ 10 хвілін — на самастойны агляд.
Прэзэнтацыя, нібы маленькае тэатральнае прадстаўленьне, адбываецца ў цёмным пакоі. Жаночы голас распавядае пра гісторыю і архітэктуру гораду. Аповед аздоблены «спэцэфэктамі»: гукамі самалётаў і выбухаў, калі гаворка заходзіць пра вайну, або духоўнымі сьпевамі — калі пра цэрквы.
На будынак, пра які ідзе гаворка, накіроўваецца промень сьвятла. Межы кварталаў акрэсьліваюцца чырвонай стужкай. Пры згадках пра вялікі пажар у Горадні ўвесь макет пажыраюць быццам язычкі агню, таксама ўтвораныя сьвятлом.
Пакуль аўдыёгід ёсьць толькі на расейскай мове, неўзабаве зьявяцца вэрсіі на беларускай, польскай, літоўскай, ангельскай.
На чарзе — Слонім, Менск, Віцебск, Берасьце
Справа яшчэ ня скончаная. На макеце засталіся дробныя дапрацоўкі. У бліжэйшых плянах аднавіць Гарадніцу — раён, пабудаваны Антоніем Тызэнгаўзам. Яна ўжо на 80% гатовая.
Краязнаўца кажа, што цікава заняцца і іншымі гарадамі: Слонімам, Віцебскам, Менскам, Берасьцем, Полацкам. Але наўрад ці тое будзе ў бліжэйшы час, бо патрабуе шмат высілкаў.
Аўтар прызнаецца, што шчасьця ад праекту пакуль не адчувае. Турбуецца, што ня ўсё яшчэ дарабіў.
«Ёсьць стома. Трэба адыйсьці ад усяго гэтага і супакоіцца. А можа, я проста ня надта эмацыйны чалавек», — кажа гарадзенец, які аддаў сваёй мініятурнай Горадні чвэрць жыцьця.