Люблю сімвалы і логіку.
Напэўна, сярод сінонімаў слова «агмень» будзе дамінаваць «ачаг», хаця, на мой погляд, у дадзеным выпадку правільней згадваць крыніцу, бо называючы свой першы паэтычны зборнік «Агмень» Анатоль Сыс хутчэй за ўсё думаў менавіта пра родную вёску Гарошкаў.
Ну а слова «Пегас» знаёма амаль усім, бо крылаты конь ужо шмат стагоддзяў сімвалізуе творчае натхненне. Да таго ж менавіта ён стаў фірмавым знакам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (СБП)
Так што з сімваламі і логікай у назве гэтай нататкі ўсё ў парадку. Як і ў назве фэста, які кожны год у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ладзіць СБП — літаратурны фестываль імя Анатоля Сыса «Агмень».
Каб нікога не забыць і гэтым не пакрыўдзіць, не стану пералічваць больш дзясятка выступоўцаў. Адзначу толькі, што дзякуючы выступам гасцей з Польшчы, Яўгену Вапе і Ганне Кандрацюк, якая напярэдадні прэзентавала сваю новую кнігу «Па Прыпяці па Нобель: рэпартаж з краіны балот і бурштыну», дванадцаты фэст «Агмень» набыў статус міжнароднага.
А яшчэ я цалкам згодны са словамі кіраўніка СБП Барыса Пятровіча, што некалі гэты фестываль будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, бо Анатоль Сыс — Паэт з вялікай літарары.
Дарэчы, дзяржава не абышла ўсё-такі фэст сваёй увагай: міліцэйская машына, з якой пільна сачылі за паэтамі, яскрава сведчыць пра тое.
Завершым знакамітым вершам Анатоля Сыса, які на фэсту прачытаў мой калега і сябра Валер Каліноўскі:
У гэтай краіне не маю я дому, вось воблака — сяду і ў свет палячу над гэтай гаморай, над гэтым садомам, ні грошай, ні славы — я волі хачу. У гэтай краіне не маю я долі, вось посах і торба і сотні дарог. Па долю пайду. Не вярнуся ніколі. Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог. У гэтай краіне не маю я Бога, ушчэнт разапселі яго святары: дзе церні павінны насіць — носяць рогі, які ж тагды Бог, калі служкі звяры? У гэтай краіне не маю я роду, забыўся народ мой наймення дзядоў, і свету не бачыць далей азяроду, і дзецям не дорыць на шчасце падкоў. У гэтай краіне не маю я песні, якая б народнай была і маёй, якую б сябрына запела ў Бярэсці, а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной… У гэтай краіне не маю я дому, вось воблака — сяду і ў свет палячу над гэтай гаморай, над гэтым садомам, ні грошай, ні славы — я волі хачу, бо ў гэтай краіне не маю я волі…
Александр Томкович, sn-plus.com