Часам чалавек прачынаецца і разумее, што размаўляе па-беларуску большую частку свайго жыцця.
Сёння вельмі важны дзень у маім жыцці.
Роўна 13 гадоў таму я прачнулася раніцай і пачала размаўляць па-беларуску. Мне зараз 26 і з сенняшняга дня я размаўляю па-беларуску большую частку свайго жыцця.
Калі я пачала, я не ведала, колькі гэта працягнецца і што з гэтага ўсяго выйдзе. Але зараз я не ўяўляю сваё жыццё па-іншаму.
Гэта мова, на якой я размаўляю са сваёй сям’ёй, са сваім мужам, з сябрамі, з незнаёмымі людзьмі і з прадавачкамі ў краме. Мова, на якой я пішу песні і вершы. Мова, на якой я думаю, у рэшце рэшт. І мова, ад якой у мяне дрыжыкі па скуры.
Да гэтага часу, калі я выпадкова чую ў грамадскім транспарце размову па-беларуску, я здзіўляюся і ўражваюся, і мне хочацца падыйсці да людзей і сказаць ім, якія яны клёвыя.
Я люблю сваю мову. І я ўдзячна сабе мінулай, сваёй сям’і, сваім сябрам, свайму асяродзю, маёй настаўніцы беларускай мовы ў школе, майму філалагічнаму факультэту, беларускім літаратарам і музыкам, за тое, што мова ўвайшла ў мяне так глыбока і жыве ўва мне ўжо столькі часу.
Эмілія Скарабагатая, «Фэйсбук»