Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«БульбашЪ» працуе на Курапаты

08.06.2018 общество
«БульбашЪ» працуе на Курапаты

Колькі будзе адкрыты рэстаран, столькі там будуць тыя ці іншыя грамадзкія актывісты.

На фота мы бачым, як спадар, які выйшаў з рэстарану, уступае ў бойку з пратэстоўцамі. Матывы гэтага чалавека могуць быць рознымі: напрыклад, непрыязь да «апазыцыі», да «беларускамоўных».

А магчыма, яму ўсё роўна: ён проста выконвае просьбу кіраўніцтва. «Мне бяз розьніцы», — сказаў іншы спадар, кіроўца грузавіка, якога спынілі актывісты на ўезьдзе ў забаўляльны комплекс і пачалі распавядаць пра тое, што такое Курапаты і хто там пахаваны. Магчыма, чалавек насамрэч не абыякавы, але ён проста баіцца страціць працу. А магчыма, яму сапраўды няма розьніцы. Як і ўладальнікам установы.

Я спрабую ўявіць, як будучыя інвэстары забаўляльнага комплексу, які яшчэ нядаўна насіў назву «БульбашЪ-хол», разважалі перад набыцьцём участку. «Ды там жа Курапаты». — «І што?» — «Дык ахвяры сталінскіх рэпрэсій». — «І што?» — «Дык пратэсты могуць быць». — «Ды колькі там тых пратэстоўцаў». — «Ну ці мала што». — «Ты зірні, якое выгаднае месца. Тут катэджны пасёлак побач, уся наша патэнцыйная кліентура».

Ёсьць людзі, якім абсалютна абыякавыя этычныя нормы. І гэтыя людзі выдзялялі ўчастак зь дзяржаўнай уласнасьці, а іншыя людзі, пазбаўленыя этычных нормаў, набывалі. А ўсё таму, што ёсьць дастаткова вялікая колькасьць патэнцыйных наведнікаў, гатовых весяліцца побач з Курапатамі.

Цяпер скажам усё тое самае, толькі заменім слова «Курапаты» на слова «Хатынь». Можаце сабе ўявіць? Вось і я не магу. Хатынь — адзін з усясьветных сымбаляў злачынстваў супраць чалавечнасьці. Нават самаму безыдэйнаму чыноўніку ня прыйдзе ў галаву на ўскрайку мэмарыялу ў Хатыні выдзяляць участак пад установу «выпіць-закусіць-патанчыць». Нават самы цынічны бізнэсовец не інвэставаў бы ў такі праект грошы, бо ведаў, што доўга не працягне.

І справа нават ня ў тым, што ў падобнай сытуацыі меліся б капітальныя рэпутацыйныя страты і ў чыноўніка, і ў бізнэсоўца. Проста нават самаму цынічнаму чалавеку наўрад ці палезе кавалак у горла, калі на цябе глядзіць аграмадны манумэнт старога з загінулым дзіцем на руках.

А Курапаты пакуль для большасьці тых, хто пра іх ведае, — гэта проста яшчэ адны могілкі. Могілкі і могілкі — уся Зямля ў могілках. Курапаты ня маюць такога моцнага сымбалічнага пасылу, як Хатынь. Не было б ніякага «БульбашЪ-холу» нават у праекце, калі б побач быў манумэнт, падобны маштабамі да хатынскага. А каб такі манумэнт узьнік, патрэбна грамадзкая згода наконт таго, што сталінскі (і шырэй — бальшавіцкі) рэжым быў такі ж антычалавечны, як і нацысцкі. Цяперашняя ўлада на такое прызнаньне пайсьці ня можа, бо зруйнуецца ўся ідэалёгія, якая больш за два дзясяткі гадоў апэлюе да пераемнасьці з БССР/СССР. Улада ня можа/ня хоча, людзі ня ведаюць, цынікі ігнаруюць — замкнёнае кола.

Але.

Але сам гэты забаўляльны комплекс ужо цяпер пачаў працаваць на распаўсюд інфармацыі пра тое, што такое Курапаты.

Колькі будзе адкрыты рэстаран, столькі там будуць тыя ці іншыя грамадзкія актывісты, столькі там будуць журналісты. Кожны дзень працы рэстарану — гэта дзень прысутнасьці тэмы Курапатаў у інфармацыйнай прасторы. Кожны падобны дзень набліжае момант, калі Курапаты прызнаюць адным з усясьветных сымбаляў бесчалавечнага сталінскага рэжыму.

І яшчэ. Як не пераймяноўвай рэстаран, «Бульбаш» — гэта тое самае слова, якое будзе асацыявацца са зьневажальнікамі памяці пра Курапаты. «Бульбаш» — сынонім зьнявагі.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]