Актывiсты палнуюць скласцi графiк дзяжурства каля мемарыялу ахвярам сталінсткіх рэпрэсій.
Нягледзячы на папярэднія затрыманні некалькіх актывістаў, акцыя пратэсту супраць рэстарану „Паедзем паядзім” каля мемарыялу ахвярам сталінсткіх рэпрэсій Курапаты працягваецца, паведамляе «Радыё Рацыя».
Увечары 7 чэрвеня былі затрыманы Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык і Наталля Гарачка – Басалыга. Пасля складання пратаколаў усіх адпусцілі і ўжо 8 чэрвеня яны зноў удзельнічалі ў пікеце.
Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, улады працягваюць перашкаджаць пратэстоўцам:
– Тут людзі, тут зноў пратэст. Затрымлівалі з ранку спачатку варты Дзяніса Урбановіча за надпіс на плоце „Кабак НКВД зачынены”. Людзі размясцілі зноўку плакаты, надпісы і варта працягваецца. Мы падтрымліваем ідэю Змітра Дашкевіча аб дзяжурстве. Каб, напрыклад, партыі, арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у абароне, узялі на сябе кожны па дню і людзі не стаялі тут суткамі.
Трэба, каб быў пэўны ўзгоднены графік, калі партыя, рух, ці проста група людзей у пэўныя дні бяруць на сябе варту. Думаю, што на працягу некалькіх дзён мы такі каляндар сфармуем і з наступнага тыдня, магчыма, і пачнем варту ў такім парадку.
Усе дні, што адбываецца пратэст, тут дзяжурыць кінарэжысёр Аляксей Туровіч, які зняў мастацкі фільм па апавяданні Васіля Быкава „Жоўты пясочак” пра Курапаты.