Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гэта Беларусь, дзеда

15.06.2018 общество
Гэта Беларусь, дзеда

Будзем шчырымі – да пенсіі дацягнуць не ўсе.

Лета рана прыйшло ў Беларусь… Пытанне – ці доўга пратрымаецца? Спёка змянілася больш камфортным і характэрным для нашых шыротаў надвор’ем, што на дадзены момант – плюс: у Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставанне. Абітурыенцкая кампанія з яе жарсцямі і нервамі – у самым разгары!

Школа і выпускныя вечары засталіся ззаду як прыемны ўспамін і выспа стабільнасці – наперадзе самастойнае дарослае жыццё. Бурлівае! Хвалююцца дзеці, бацькі, дзядулі і бабулі.

Былыя школьнікі з усёй моцы спрабуюць трапіць туды, дзе ім будзе лепш! У кагосьці атрымаецца, у кагосьці – не… І ў любым выпадку, калі яны будуць жыць і працаваць у Беларусі, то пенсію атрымаюць прыкладна аднолькавую: і той, хто скончыў БДУ, і той, хто трапіў у педагагічны, і той, хто застаўся шчыраваць тэхнічкай-прыбіральшчыцай у роднай школе.

Гэта Беларусь, дзетка! Ураўнілаўка? Раўнапраўе? Будзем шчырымі – да пенсіі дацягнуць не ўсе. Больш шанцаў пражыць больш у жанчын, пра што і статыстыка сведчыць, і проза жыцця. Вось ужо гэтыя жанчыны-беларускі! І на пенсію выйдуць, і на пенсіі яшчэ папрацуюць, дапамагаючы ўнукам-студэнтам…

Такога не маглі не заўважыць нашы чыноўнікі, якія – незалежна ад атрыманай адукацыі – пенсіі маюць на парадак большыя за ўсіх астатніх… Простых смяротных суграмадзянаў.

У Беларусі чуюцца размовы: трэба зраўняць пенсійны ўзрост для мужчын і жанчын. Людзей пенсійнага веку робіцца ўсё больш, і Фонд сацабароны насельніцтва не можа пераадолець такую супярэчлівасць лёсу асобна ўзятай дзяржавы. З’явілася прапанова з 2023 года яшчэ раз адсунуць узрост выхаду на пенсію для жанчын. У такім выпадку да 2032 года яны будуць выходзіць на пенсію нароўні з мужчынамі – у 63 гады. Жанчыны займелі шмат правоў і ў дачыненні да мужчын гэта несправядліва?

Хутчэй несправядліва іншае: дзяржава чарговы раз эканоміць на нас і забываецца пра нашы ж правы.

Гэта Беларусь, дзеда…

Дар'я Ліс, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]