Невядомыя старонкі з жыцця Тадэвуша Чудоўскага з Чэрыкаўскага павету.
У паэта і драматурга Дуніна-Марцінкевіча ёсць вершаванае апавяданне “Літаратурныя клопаты”, у якім распавядаецца пра нялёгкае становішча літаратара, якому ўздумалася пісаць на беларускай – “мужыцкай” – мове. Але сярод адукаваных людзей былі і такія, якія падтрымлівалі беларускі культурны рух, піша Веснік Чэрыкаўшчыны.
Наш класік душой адпачываў у маёнтку Шчаўры былога Сенненскага павета. Пра сваё гасцяванне у маёнтку, якім валодаў аматар беларушчыны Юлій Рашкоўскі, брат якога быў у Чэрыкаўскім павеце прадвадзіцелем дваранства у гэты час, паэт пісаў у гэтым апавяданні:
“Малады ён і багаты, а не ганарысты, прадстаўляе мне суседзяў ветла, урачыста. То з-пад Лепеля прыехаў павел з Пацейкова, то Тадэуш – лепшы сябра – аж з-пад Магілёва…”. Пералік гэты пісьменнікам не прыдуманы, мае пад сабой рэальную аснову. “Тадэуш з-пад Магілёва” – гэта, несумненна, Тадэвуш Чудоўскі, адметная постаць культурна-грамадскага жыцця Беларусі таго часу. Ёсць дакументальнае сведчанне стасункаў Чудоўскага з Дуніным-Марцінкевічам. У 1858 г., аддаючы ў цэнзуру сваю варшаваную аповесць “Быліцы, расказы Навума”, пісьменнік зрабіў іранічнае прысвячэнне: “Вяльможнаму Тадэвушу Чудоўскаму ў знак глыбокай пашаны гэты слабы твор ахвяруе аўтар”. Чудоўскі у адказ напісаў на цэнзурным рукапісе: “На ахвяраваную мне дэдыкацыю твора згаджаюся і з падзякаю прымаю. Тадэвуш Чудоўскі. Такім чынам, з’яўляецца нітачка: Дунін-Марцінкевіч – Чудоўскі”. Першы вядомы ўсім крыху адукаваным беларусам, а вось другі – амаль што нікому. Чаму літаратар прысвяціў Тадэвушу сваю аповесць?
Асабіста мяне Чудоўскі зацікавіў яшчэ тады, калі рыхтаваў сваю кніжку “Гістарычны інтэр’ер Чэрыкава і яго ваколіцаў”. І гэта цікавасць была вызначана тым, што гэты чалавек быў фактычным кіраўніком паўстання 1863 года ў Магілёўскай губерніі, пра якое я напісаў у сваёй кніжцы. Але праца па пошуку інфармацыі пра Чудоўскага працягвалася, і цяпер, напярэдадні 155-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага, ёсць яшчэ большы сэнс для таго, каб даведацца пра тое, хто ж такі Чудоўскі?
Тадэвуш Чудоўскі паходзіў з вядомай шляхецкай сям’і з Чэрыкаўскага павету. Ён згадваецца ў мемуарах слыннага ўдзельніка паўстання 1863 г. Якуба Гейштара. Ёсць там і фотаздымак Чудоўскага. У каментарыях да мемуараў называецца год нараджэння Чудоўскага – 1818. Гэты ж год паказаны і ў “Польскім слоўніку біяграфічным”. Але ж матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва дазваляюць удакладніць гэтую дату. У архіве маецца метрыка, з якой відаць, што Чудоўскі нарадзіўся 5 ліпеня 1824 г. Храшчоны двойчы: у Вародзькаве (вадой) і Маляцічах, дзе абрад хрышчэння быў завершаны належным чынам. Пры хрышчэнні атрымаў тры імёны: Тадэвуш, Рыгор і рэдкае – Удальрык. Бацька – чэрыкаўскі павятовы маршалак (прадвадзіцель дваранства) Тадэвуш Міхайлавіч Чудоўскі, маці – Юстына Іванаўна Галынская, якая паходзіла з роду знакамітых Галынскіх. Бацька Юстыны, Іван Вікенцій Галынскі, купіў пры вельмі цікавых абставінах Крычаўскае староства, у склад якога уваходзіла большая частка сучаснага Чэрыкаўскага раёна, у Рыгора Пацёмкіна. Дакладнае месца нараджэння ў метрыцы не названа, але ў каментарыях да мемуараў Гейштара мы даведаемся, што гэта адзін з бацькоўскіх маёнткаў – Нізкі.
Вучыўся Тадэвуш у Віленскім дваранскім інстытуце (своеасаблівы прывілеяваны ліцэй), які скончыў у 1841 г. разам з Гейштарам. Праз год паступіў на юрфак Пецярбургскага ўніверсітэта, які пакінуў у 1846 г. Разам з ім вучыліся Гейштар, Аляксандр Аскерка і знакаміты рэвалюцыянер Зыгмунт Серакоўскі. У 1848 г. Чудоўскі зноў на радзіме – ён быў пры-значаны ганаровым наглядчыкам вучылішчаў Мсціслаўскага павета. Потым, з 1850 па 1855 гг., быў чэрыкаўскім павятовым суддзёй, аб чым сведчаць “Ма-гілёўскія памятныя кніжкі” за гэтыя гады. Гэтую службу ён пакінуў па прычыне хваробы.
Яшчэ адзін архіўны дакумент сведчыць аб важнай падзеі ў жыцці нашага героя: 4 ліпеня 1856 г. ў Чэрыкаўскім касцёле Тадэвуш Чудоўскі з маёнтка Краснае ўзяў шлюб з Антанінай Свяцкай з маёнтка Горы. Маладому – 32 гады, яго абранніцы – 20. У 1857 г. Чудоўскі зноў пры-значаецца ганаровым наглядчыкам Мсціслаўскага дваранскага павятовага вучылішча з абавязкам уносіць штогод на патрэбы гэтай установы па 150 рублёў.
Да гэтага часу належаць лісты Чудоўскага ў Вільню да яшчэ аднаго нашага славутага земляка з Клімавіцкага павета — Адама Кіркора. Ліст ад 10 лютага 1857 г. напісаны па дарозе ў Маскву і далей у Пецярбург. “Заўтра выязджаю праз маскву ў Пецярбург з Крычава, а цяпер пішу з дома майго швагра… ужо з дарогі, адсюль праз тры гадзіны еду ў Нізкі да брата Міхала, з Нізкаў заўтра выязджаю ў Крычаў, а адтуль ранішняй поштай па шашы ў Маскву”.
У гэты час Кіркор праектуе выданне ў Вільне “Віленскага літаратурнага весніка” і Чудоўскі у сваім лісце да яго прапануе карэспандэнтам гэтага выдання ксяндза Кеўліча. Тадэвуш піша: “ …маім стараннем будзеш мець значную колькасць артыкулаў: а менавіта аповесцяў і сельскагаспадарчых матэрыялаў, цудоўна апрацаваных Ігнатам Цеханавецкім, … матэрыялы Александра Цеханавецкага…: з паэзіі Бржастоўскага і Барэйшы і многіх іншых…”. Як бачна, Чудоўскі выдатна ведаў ўсіх творчых людзей свайго краю, тым больш што амаль усе яны паходзілі з Чэрыкаўскага павета. Чудоўскі таксама прасіў прыслаць рэкамендацыйнае пісьмо ў Пецярбург да знакамітага літаратара Фадзея Булгарына, які, між іншым, быў у Чэрыкаве і адазваўся аб ім вельмі прыкра. Чудоўскі спадзяваўся, што ўплывовы зямляк дапаможа ў сталічных клопатах.
Чудоўскі быў частым госцем у Горках, дзе знаходзіўся земляробчы інстытут. Колішні яго студэнт, а потым краязнавец Ф. Сурын піша ў сваіх “Горацкіх успамінах”: “Сябрам нашым на працягу ўсёй бытнасці маёй ва ўстанове быў адзін з блізкіх памешчыкаў пан Тадэвуш Чудоўскі”. Сурын апісвае яго эксцэнтрыкам і ідэалістам, своеасаблівым Дон Кіхотам, які свята верыў у сваю адметную місію.
Між іншым, гэты “ідэаліст” дапамог адкрыць у Горках падпольную народную школу, дзе навучанне вялося па беларускіх кнігах, друкаваных лацінкай. Гэты “ідэаліст” падтрымліваў здольную моладзь таксама і матэрыяльна, не шкадуючы на гэта ўласных сродкаў. Напрыклад, за яго кошт вучыўся ў інстытуце зямляк з Чэрыкаўскага павета Станіслаў Віскоўскі, які ў 1863 г. быў адным з кіраўнікоў паўстання горацкіх студэнтаў і загінуў тут, на Чэрыкаўшчыне, калі атрад на чале з Звяждоўскім накіроўваўся ў Расію. Вельмі паказальна і тое, што Чудоўскі, які вітаў адмену прыгоннага права ў 1861 г., задоўга да гэтай па-дзеі вызваліў сваіх сялян з прыгону, даў ім волю.
Цікавая і супярэчлівая інфармацыя аб Чудоўскім ёсць у нарысы журналіста С. Акрэйца “Куток паўстання” в “Историческом вестнике” за 1902 г. Чудоўскі называецца ў нарысе Чудзіноўскім, а Магілёўская губернія іншасказальна называецца Дняпроўскай. У гэтым матэрыяле гаворыцца, што Чудзіноўскі ўвосень 1862 г. паехаў у Варшаву і вярнуўся адтуль з мандатам (намінацыяй) на званне камісара Дняпроўскага ваяводства. Характарыстыку Чудзіноўскаму-Чудоўскаму аўтар дае не вельмі паважлівую: “…бахвал, декламатор, промотавшийся барин, гордый своим родом и женившийся денег ради на глуповатой, болезненной шляхтянке, дочери некоего Свадского, темной личности, нажившейся ростовщичеством и содержанием почтовых станций”. Магчыма, тут ёсць нейкія рэальныя рысы Чудоўскага, але з’едлівы і нядобразычлівы тон Акрэйца тлумачыцца тым, што у 1863 г. ён удзельнічаў у паўстанні, але потым карэнным чынам адышоў ад сваіх ідэалаў, стаў рэнегатам і паліваў брудам як былыя ідэалы, так і сваіх былых сяброў. Мы ж ведаем, што няма больш зласлівых людзей, чым былыя сябры і адступнікі.
Насамрэч вядома, што камісарам Магілёўшчыны падчас паўстання 1863 г. быў Міхаіл Аскерка, а не Чудоўскі, як сцвярджаў Акрэйц. Тым не менш роля Чудоўскага была вельмі значнай, а яго канспіратыўныя кантакты — вельмі шырокімі. Удзельнік паўстання З. Міткевіч на допытах паказваў: “При поездке моей во второй половине марта 1863 г. в С.-Петербург… помещик Чериковского уезда Фаддей Чудовский поручил мне отвезти туда к капитану генерального штаба Сераковскому письмо…”. З Вільні Міткевіч прывёз Чудоўскаму два пакеты, у якіх былі рэвалюцыйныя паперы. Вельмі інфармаваны генерал Ратч, які хутка пасля падаўлення паўстання напісаў нарыс пра падзеі 1863 г., лічыў Чудоўскага галоўным арганізатарам магілёўскага паўстання. Ратч паведамляў, што Чудоўскі раздаваў мандаты на рэвалюцыйныя пасады па паветах. У праватнасці, ад яго ў сакавіку 1863 г. атрымаў свой мандат на начальніка Горак Віскоўскі.
Узброенае паўстанне на Магілёўшчыне намячалася на 23-24 красавіка. Вайсковым начальнікам (ваяводам) Магілёў-шчыны быў прызначаны Людвік Звяждоўскі (псеўданім Тапор), які служыў тады ў Маскве, у штабе грэнадзерскага корпуса. У ноч на 24 красавіка з дапамогай студэнтаў, якімі кіраваў Віскоўскі, Тапор-Звяждоўскі захапіў Горкі. Потым яго атрад, які павялічыўся за кошт студэнтаў, накіраваўся ў Чэрыкаўскі павет.
На Чэрыкаўшчыне фарміраваў атрад паручык Ян Жукоўскі (Каса). Паводле дыспазіцыі, ён павінен быў захапіць гарматы ў Крычаве. Але ўлады даведаліся пра планы інсургентаў. Паўстанцкі атрад быў рассеяны. З рэшткамі Жукоўскі накіраваўся ў Краснае насустрач Звяждоўскаму. З Жукоўскім быў і ўладальнік Краснага Чудоўскі. У ваколіцах Краснага інсургенты паспрабавалі правесці агітацыю сярод сялян з мэтай далучыць іх да паўстання. Але гэтая спроба была безвыніковай. Толькі некалькі мужыкоў, галовы якіх былі затуманены выпітым, пайшлі з паўстанцамі. А ў цэлым народ паўстанне не прыняў, наадварот, сяляне вязалі інсургентаў і здавалі іх у паліцыю.
Сітуацыя для паўстанцаў склалася адчайная, драматычная. Звяждоўскі з маёнтка Чудоўскага накіраваўся праз увесь Чэрыкаўскі павет на захад і пераправіўся праз Проню, спаліўшы за сабой паромную пера-праву. 30 красавіка ён распусціў сваё войска. Значная частка паўстанцаў здалася ўладам у Прапойску, частку вылавілі па лясах мужыкі. А што Чудоўскі? Па дарозе да Проні ён адбіўся ад асноўнага атрада і накіраваўся таксама да р. Проня, каб далучыцца да Звяждоўскага. Але пераправа была спалена. Шукаючы броду, наткнуліся на вайсковую каманду з сялянамі. Салдаты абшукалі фурманку, на якой ехаў Чудоўскі, і знайшлі зброю. Салдаты і мужыкі кінуліся на Чудоўскага і яго спадарожнікаў. Чудоўскі бараніўся і быў забіты. Так загінуў сябра Дуніна-Марцінкевіча і Серакоўскага, актыўны дзеяч культурна-грамадскага жыцця ўсходняй Беларусі. Пакутніцкая смерць ад рук тых, за чыю свабоду так змагаўся, у чыю будучыню верыў!..