Гісторыя — гэта не «адарваны ад жыцця» прадмет.
Не паспелі мы ачомацца ад ініцыятывы нашага міністра адукацыі па скарачэнні ў школах выкладання англійскай мовы (маўляў, і так у нас «англічанаў» шмат), як нас напаткала новая рэформа. У ВНУ плануецца ліквідаваць курс «Гісторыя Беларусі».
Гісторыю плануецца скараціць пад тым жа соусам: яе забагата. Нібыта, студэнты яе і так ведаюць, бо вучылі ў школе, і нават здавалі экзамен. Замест яе плануецца ўвесці новы курс пад назвай «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».
Наконт школьнага выкладання гісторыі Беларусі мы нічога казаць не будзем, каб у чарговы раз не засмучацца. Справа ў іншым.
Гісторыя — гэта не «адарваны ад жыцця» прадмет. Яна так ці інакш уплывае нават на сённяшняе жыццё, не кажучы ўжо пра тое, што непарыўна звязаная з іншымі навучальнымі дысцыплінамі. Яе нельга «ўзяць і адмяніць» — прынамсі, у гуманітарнай вышэйшай адукацыі.
Просты прыклад. Я, канешне, даўно вучыўся на журфаку, але на курсе «Гісторыя беларускай журналістыкі» мы вывучалі «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. А як можна вывучаць «Мужыцкую праўду» ў адрыве ад агульнай гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў? Альбо той жа перыяд «Нашай Нівы» пачатку мінулага стагоддзя. Ці можна сказаць: вось тут Купала — паэт, а вось тут — супрацоўнік газеты? Альбо вось тут Вацлаў Ластоўскі — сакратар «Нашай Нівы», вось тут ён — дзеяч БСГ, а тут — гісторык?
Мы ва ўніверсітэце, на шчасце, вывучалі ўсё гэта ў комплексе. Са знікненнем з ВНУ прадмета «Гісторыі Беларусі» ўзнікнуць непазбежныя лакуны ў выкладанні, здавалася б, «негістарычных» і спецыялізаваных прадметаў. І, каб веды былі якаснымі, студыёзусам давядзецца хадзіць на факультатывы па той жа самай гісторыі.
Новы курс — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» — таксама даволі цікавы. Над ім ужо працуюць адмыслоўцы, але самі гэтыя адмыслоўцы дагэтуль спрачаюцца нават наконт пункту адліку той дзяржаўнасці. Ад чаго яна пайшла? Ад крывічаў, радзімавічаў і дрыгавічоў? Ад Вялікага Княства Літоўскага? Ад стварэння БССР? Ад прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці?
Некаторыя СМІ нават заўважылі, што некалькі гадоў таму ў Беларусі з’явіўся музей «беларускай дзяржаўнасці». Яго наведвальнікі са здзіўленнем даведваюцца, што гісторыя беларускай дзяржавы пачынаецца нават не 1990-га, а з... 1994-га — з абрання Лукашэнкі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Як спяваў Вольскі, «не было Галілея, ні Боба Марлея, не было Сальвадора Далі». Так і тут — ні Пазняка з Шушкевічам, ні Кебіча і ні Дземянцея…
Старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы ў «парламенце» Ігар Марзалюк, які працуе над праграмай разам з калегамі, кажа — дзеці вучаць у школе гісторыю Беларусі, але школьнікі не ведаюць гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці і яе формы: права, законы і канстытуцыі. «Усё гэта будзе ў вялікім, на 54 гадзіны, курсе, які будзе прапанаваны для ўсіх вышэйшых навучальных устаноў незалежна ад профілю», — паведаміў Марзалюк.
Тут узнікае яшчэ адна праблема. Скараціўшы ў ВНУ гісторыю Беларусі, спадар Марзалюк у «вялікім, на 54 гадзіны, курсе» прадублюе іншы школьны прадмет. У нас ён называўся «Чалавек. Грамадства. Дзяржава», у іншых — «Грамадазнаўства», яшчэ ў іншых — «Чалавек і грамадства». Менавіта ў межах гэтага прадмету ў старшых класах школы павінна вывучацца тое, пра што кажа дэпутат, — права, законы, Канстытуцыя.
Калі іх нармальна ўводзіць у курс вышэйшай школы, непазбежна паўстане праблема палітычная, на якую наўрад ці разлічваюць стваральнікі. Напрыклад, студэнты добра вывучылі беларускую Канстытуцыю. Потым выкладчыкам давядзецца тлумачыць, чаму Асноўны закон дзяржавы не мае наўпроставага дзеяння. Чаму ўказы і дэкрэты, якія супярэчаць Асноўнаму закону, маюць у дзяржаве большую вагу, чым закон. Чаму не працуе прынцып вяршэнства міжнароднага права перад нацыянальным, закладзены ў Канстытуцыі. Чаму ў Беларусі дагэтуль існуе смяротнае пакаранне, што супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі. Чаму валюнтарысцкія рашэнні (напрыклад, наконт будаўніцтва АЭС ці Дэкрэту №3) вышэйшыя за закон…
Кажуць, што новы прадмет павінен, у першую чаргу, не толькі вучыць і падымаць адукацыйны ўзровень, але і «выхоўваць сапраўдных патрыётаў». Наўрад ці чалавек, які вывучае ў ВНУ законы і адначасова бачыць, як яны ў дзяржаве не выконваюцца, будзе патрыётам такой дзяржавы. Ні пра які патрыятызм (у адрозненне ад выкладання гісторыі Беларусі, зазначу) тут гаворка ісці не можа.
Да таго ж, для «выхавання сапраўдных патрыётаў» у нас ужо існуе прадмет пад назвай «Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці». Самы загадкавы прадмет — яго выкладаюць, па ім пішуць рэфераты і курсавыя, але ўцямна патлумачыць, што гэта такое, ніхто так і не можа.
Ліквідацыя гісторыі Беларусі ў ВНУ выклікае столькі пытанняў, што можна бясконца паўтараць «рэфарматарам»: адчапіцеся ад адукацыі! Дайце ўстаканіцца тым рэформам, якія вы ўжо наварацілі. І свае новыя ідэі пакіньце на потым. А лепш — не на «потым», а на «ніколі».
Сяргей Пульша, «Новы час»